Захад схіляецца да перамоваў з РФ? Зяленскі і Залужны пасварыліся? Разбіраемся ў сітуацыі


На мінулым тыдні ў аўтарытэтных амерыканскіх медыях з’явіўся шэраг рэзанансных матэрыялаў, якія паказваюць становішча Украіны ў досыць песімістычных танах. З гэтых публікацыяў вынікае, што сітуацыя на фронце зайшла ў тупік, заходнія саюзнікі пачалі абмяркоўваць магчымую здзелку з Расеяй, а паміж вайсковым і палітычным кіраўніцтвам Украіны нарастае раскол. Ці сапраўды ўсё настолькі кепска і як трэба ўспрымаць гэтую інфармацыю?

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі прамаўляе праз зум у Парламенцкай асамблеі NATO у Капенгагене, Данія. 9 кастрычніка 2023 года.
Фота: Ritzau Scanpix / Reuters / Forum

Парад рэзанансных публікацыяў адкрыў часопіс «Time», які ў сваім артыкуле распавёў пра тое, якія настроі сёння пануюць ва ўкраінскім кіраўніцтве. Паводле журналістаў, прэзідэнт Уладзімір Зяленскі расчараваны аб’емамі заходняй дапамогі: яе дастаткова для таго, каб Украіна выжыла, але недастаткова для перамогі. Таму прэзідэнт нібыта згубіў «звыклы бляск аптымізму» і ўсё больш замыкаецца ў сябе. Пры гэтым, піша «Time», вера Зяленскага ў канчатковую перамогу набыла форму, якая турбуе ягоных дарадцаў: «Яна непахісная, мяжуе з месіянскай». Некаторыя людзі з ягонага атачэння лічаць, што Зяленскі «падманвае сябе». «Мы не перамагаем. Але паспрабуй сказаць яму гэта», – спасылаецца «Time» на крыніцу з каманды Зяленскага.

Неўзабаве выданне «The Economist» апублікавала інтэрв’ю галоўнакамандуючага ЗСУ Валерыя Залужнага, у якім ён шчыра распавядае, што сітуацыя на фронце зайшла ў пазіцыйны тупік, а працяглая вайна на знясіленне выгадная Расеі, а не Украіне.

Праз тры дні тэлеканал «NBC» распавёў, што прадстаўнікі Еўразвяз і ЗША пачалі абмяркоўваць магчымасць мірных перамоваў Украіны і Расеі. У прыватнасці, закранаюцца пытанні, ад чаго Украіна можа адмовіцца дзеля міру, і якія гарантыі бяспекі краіны NATO гатовыя ўкраінцам даць узамен на кампраміс з Масквой.

Нарэшце ў нядзелю, 5 лістапада, выданне «The New York Times» распавяло, што паміж цывільным і вайсковым кіраўніцтвам Украіны нарастае раскол, які пасля інтэрв’ю Залужнага выліўся ў публічную прастору. Убачылі прыкметы рознагалосся таксама і іншыя заходнія медыі.

Кожная з гэтых публікацыяў адлюстроўвае пэўныя асаблівасці цяперашняй стадыі вайны і палітычнай абстаноўкі. Аднак з высновамі трэба быць вельмі асцярожнымі: агульная карціна значна больш складаная, а значэнне некаторых фактаў не варта перабольшваць.

Аналітыка
Украіна прызнала: сітуацыя на фронце зайшла ў тупік. Чаму так здарылася і ці ёсць выйсце?
2023.11.03 17:51

Мірныя перамовы: прасцей сказаць, чым зрабіць

З матэрыялу «NBC» вынікае, што пакуль абмеркаванне носіць папярэдні, вельмі далікатны і досыць агульны характар. Крыніцы тэлеканалу тлумачаць логіку гэтай дыскусіі: яна распачалася на фоне занепакоенасці ЗША і ЕЗ тым, што хуткай перамогі ў вайне не прадбачыцца, а Захад пры гэтым не здолее забяспечыць далейшую падтрымку Украіне. З улікам спрэчак у ЗША вакол новага бюджэту і пагрозы эскалацыі канфлікту на Блізкім Усходзе занепакоенасць выглядае цалкам заканамернай. Аднак самі па сабе падобныя дыскусіі яшчэ не сведчаць аб змене курсу ЗША і ЕЗ адносна Украіны.

Захад па-ранейшаму настойвае, што мае цвёрды намер працягваць падтрымліваць Украіну, а таксама заяўляе, што рашэнне наконт перамоваў можа прымаць толькі афіцыйны Кіеў. З палітычных прычынаў гэтая афіцыйная пазіцыя ў агляднай будучыні змяніцца не можа, якія б закрытыя дыскусіі пры гэтым не вяліся. Таму апошняе слова сапраўды будзе за Украінай. А Украіна пакуль не дэманструе імкнення да кампрамісу з Расеяй ні на ўзроўні грамадства, ні на ўзроўні кіраўніка краіны. «Не будзе такога», – адназначна запэўніў Зяленскі.

Крыніцы «NBC» намякаюць на нейкія саступкі з боку Украіны ўзамен на гарантыі бяспекі ад Захаду. Магчыма, маецца на ўвазе нешта падобнае на тое, што ў жніўні 2023 году прапанаваў кіраўнік офісу генеральнага сакратара NATO Стыяна Енсэна: Украіна адмаўляецца ад часткі сваёй тэрыторыі ў абмен на сяброўства ў Альянсе (тады заходнія палітыкі адразу дэзавуявалі гэтую заяву, а сам натаўскі чыноўнік назваў свае словы памылкай).

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Людзі глядзяць на абстраляны чыгуначны вагон, які выкарыстоўваўся для эвакуацыі людзей з Кіева ў першыя дні поўнамаштабнага ўварвання, на Сафійскай плошчы ў Кіеве, Украіна. 5 лістапада 2023 года.
Фота: Oleksii Chumachenko / Zuma Press / Forum

Аднак агучыць гэтую схему прасцей, чым зрэалізаваць на практыцы. Дзе будзе праведзена новая мяжа? Проста зафіксаваць цяперашнюю лінію фронту немагчыма. Любы больш-менш трывалы мір можа быць заключаны толькі ў выпадку хаця бы дэкларатыўнай адмовы ад сілавога вырашэння праблемы кантролю над тымі ці іншымі тэрыторыямі. Дапусцім, у Захаду ёсць рычагі ўплыву на Украіну, каб Кіеў паабяцаў не адваёўваць акупаваныя землі. Аднак аналагічных рычагоў ціску на Расею ў Захаду няма.

Немагчыма ўявіць, з якой прычыны Уладзімір Пуцін напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2024 году раптам адмовіцца ад неакупаваных частак Данецкай, Луганскай, Запарожскай і Херсонскіх вобласцей, якія цяпер Расея на заканадаўчым узроўні лічыць сваімі і чый статус Масква абмяркоўваць катэгарычна адмаўляецца. Тое, што да псеўдарэферэндумаў 2022 году Крэмль мог прэзентаваць унутранай аўдыторыі як перамогу ў вайне, цяпер будзе ўспрынятая прыхільнікам імперскага дыскурсу як ганебная параза. Прасторы для манеўра ў Пуціна амаль няма.

Крыніцы «NBC» прызнаюць: адміністрацыя Джо Байдэна не бачыць ніякіх прыкметаў таго, што Пуцін гатовы да перамоваў па Украіне. А без гэтага любыя дыскусіі аб кампрамісных рашэннях проста губляюць сэнс. Перадумовы для мірнага працэсу пакуль проста не склаліся і Захад не ў стане іх стварыць штучна.

Пазіцыйны тупік: шчырасць як інструмент ціску

Інтэрв’ю Валерыя Залужнага выклікала вялікі рэзананс як ва Украіне, так і за мяжой. Нельга сказаць, што словы галоўнакамандуючага ЗСУ самі па сабе сталі адкрыццём або сенсацыяй. Аднак упершыню гэтыя праблемы былі агучаны на такім высокім узроўні, прычым без усялякіх спробаў падсаладзіць горкую пілюлю.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Салдаты ўкраінскай арміі едуць на танку на фронце ў Запарожскай вобласці, Украіна. 5 лістапада 2023 года.
Фота: Ozge Elif Kizil / Anadolu Press / Abaca Press / Forum

Тыя, хто каментуе выказванні Залужнага, вельмі часта ўпускаюць галоўнае: насамрэч ён не лічыць сітуацыю цалкам бязвыхаднай і не заклікае да мірных перамоваў. Акрамя інтэрв’ю «The Economist» апублікавала аўтарскі артыкул генерала, дзе ён вельмі падрабязна распавядае пра тое, што патрэбна Украіне, каб пераламаць сітуацыю на фронце і разбіць ворага. Проста Залужны дае зразумець, што на простыя рашэнні разлічваць не варта.

Большасць умоваў выхаду з пазіцыйнага тупіку, якія былі пазначаны генералам, апелююць да дапамогі Захаду. Заходнія пастаўкі ў 2022-2023 гг. дазволілі ЗСУ паводле шэрагу паказнікаў зраўняцца з расейскім войскам, ці прынамсі скараціць разрыў. Спачатку камусьці здавалася, што і гэтага можа хапіць для перамогі. Цяпер Залужны фактычна заяўляе: не, не хопіць – патрэбны тэхналагічны прарыў і дамінаванне.

Тое, што гэтыя думкі Залужнага з’явіліся менавіта на старонках амерыканскага выдання, – не выпадкова. У канцы кастрычніку Байдэн запрасіў для Украіны ў Кангрэса $61,4 млрд і пакуль невядома, як складзецца лёс гэтага запыту. У гэтай сітуацыі заявы Залужнага маглі быць разлічаны ў першую чаргу на тое, каб абудзіць амерыканскі істэблішмент, які, канешне, можа шкадаваць грошай для Украіны, але і перамогі Расеі ў вайне дапусціць не хоча. Таму галоўнакамандуючы ЗСУ ў сваім інтэрв’ю мог спецыяльна троху згусціць фарбы.

Як гэта адаб’ецца на галасаванні ў Кангрэсе пакуль сказаць складана. Але мяркуючы па першых каментарах Белага дому, адміністрацыя Байдэна мае намер выкарыстаць артыкул «The Economist» у якасці дадатковага аргумента ў спрэчках са сваімі апанентамі.

Каментар
Украінскі палітолаг: «Заява Залужнага – гэта ўсё пра ўзаемадзеянне з партнёрамі»
2023.11.03 22:53

Рознагалоссі ў кіраўніцтве: непрыемна, але наўрад ці крытычна

Падобна на тое, што заявы Залужнага не былі папярэдне ўзгоднены з Зяленскім. Прэзідэнт прытрымліваецца ў сваёй публічнай рыторыцы больш аптымістычнага тону і раней выказваў упэўненасць, што ўкраінскі контрнаступ, нягледзячы на ўсе цяжкасці, развіваецца ў правільным кірунку.

Каментуючы інтэрв’ю генерала, Зяленскі не пагадзіўся з тым, што на фронце склалася патавая ці тупіковая сітуацыя, а намеснік кіраўніка Офіса прэзідэнта Ігар Жоўква недвухсэнсоўна папракнуў Залужнага за залішнюю шчырасць у выказваннях.

Прэзідэнт Украіны 3 лістапада без тлумачэнняў звольніў аднаго з першых намеснікаў генерала Залужнага, камандуючага Сіламі спецыяльных аперацый генерала Віктара Харэнкі. Прычым ні самога камандуючага ССА, ні Залужнага, імаверна, загадзя аб гэтым не папярэдзілі, што нельга назваць нармальнай практыкай для падобнай сітуацыі. Харэнка пасля гэтага апублікаваў допіс, у якім падкрэсліў, што «не будзе гуляць у палітыку», але «войскамі з кабінетаў не камандуюць». Гэтыя словы выглядалі як папрок у бок каманды Зяленскага.

На сітуацыю звярнула ўвагу не толькі «The New York Times». Украінскія медыі таксама шмат пра гэта пішуць. Усе прызнаюць, што гэта фактычна першы выпадак, калі кіраўніцтва ЗСУ і адміністрацыя Зяленскага публічна прадэманстравалі свае рознагалоссі, хаця чуткі пра напружанасць у іх стасунках ходзяць мінімум са жніўня 2022 году. Украінская прэса пераважна заняла бок Залужнага: Офіс прэзідэнта вінавацяць у палітычных інтрыгах, непавазе да вайскоўцаў і некампетэнтных паводзінах.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Валерый Залужны падчас пасяджэння Вярхоўнай Рады Украіны з нагоды Дня дзяржаўнасці Украіны. 28 ліпеня 2022 года.
Фота: president.gov.ua / commons.wikimedia.org

Пры гэтым ва ўкраінскай уладзе знайшліся і тыя, хто адкрыта выступіў у падтрымку галоўнакамандуючага пасля артыкулу «The Economist». «Я думаю, што генерал Залужны мае рацыю. Мы неаднаразова пра гэта гаварылі, у тым ліку на пасяджэннях Стаўкі, што патрэбны новыя падыходы», – заявіў на наступны дзень сакратар Рады нацыянальнай бяспекі і абароны Аляксей Данілаў.

Самі па сабе спрэчкі і рознагалоссі паміж армейскім і палітычным кіраўніцтвам падчас вайны – не рэдкі выпадак для дэмакратычных краінаў і зусім не прадвеснік паразы. Падчас Другой сусветнай вайны ў Уінстана Чэрчыля былі вельмі складаныя стасункі з начальнікам імперскага Генштабу Аланам Брукам – фельдмаршал пастаянна абураўся ўмяшаннем прэм’ер-міністра ў стратэгічныя пытанні і ягонай манерай кіравання. Разам з тым, Брук і Чэрчыль усё роўна вельмі эфектыўна ўзаемадзейнічалі, а Брытанія ў вайне перамагла.

Таму галоўнае пытанне: ці з’яўляюцца крытычнымі супярэчнасці паміж Зяленскім і Залужным? Адказаць на гэтае пытанне цяпер немагчыма.

Медыі абмяркоўваюць розныя варыянты. Напрыклад, галоўны рэдактар украінскага выдання «Цензор.НЕТ» Юрый Бутусаў перакананы: Зяленскі нібыта баіцца, што галоўнакамандуючы ЗСУ стане ягоным канкурэнтам на будучых прэзідэнцкіх выбарах, таму апошнія падзеі могуць папярэджаннем «аб кадравых рашэннях як па іншых вышэйшых кіраўніках войска, так і па самым Залужным».

Аднак пакуль такі радыкальны сцэнар выглядае малаімаверным. Па-першае, таму што гэта негатыўна адаб’ецца на ЗСУ. Па-другое, таму што гэта будзе мець палітычныя наступствы. Залужны – надзвычай папулярная асоба ва Украіне, «агульнадзяржаўная ікона» як кажуць некаторыя. Сацыялагічныя апытанні паказваюць, што ў цэлым рэйтынг даверу да ЗСУ сярод украінцаў знаходзіцца на ўзроўні 93-94%, а да прэзідэнта – на ўзроўні 72-76%. Пры такіх грамадскіх настроях адкрыта сварыцца з арміяй – гэта найгоршае, што можа зрабіць Зяленскі, калі ён разлічвае пераабрацца. Таму знайсці з генералам агульную мову – ва ўсіх сэнсах у інтарэсах Зяленскага. 

Hавiны
Аляксей Арэстовіч заявіў пра намер балатавацца ў прэзідэнты Украіны
2023.11.02 14:59

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў