У Польшчы затрымалі былога беларускага добраахвотніка. За размову з «барыгам-мігрантам»


Амаль два месяцы таму ў Польшчы затрымалі былога беларускага добраахвотніка Яўгена Карыча Каранкевіча. Пра гэта ў сваім тэлеграм-канале паведаміў ягоны паплечнік Ціхан Клюкач.

Яўген Карыч Каранкевіч.
Фота: FRANЦ / Telegram

Яўген Карыч Каранкевіч быў чальцом «Белага легіёну», заснавальнікам тэлеграм-каналу «Zolak». У 2022 годзе далучыўся да групы аэравыведкі ў складзе падраздзялення «Пагоня», але пазней быў вымушаны пакінуць Украіну. Паводле Ціхана Франца Клюкача, у Польшчы Карыч праходзіў працэдуру атрымання статусу палітычнага ўцекача і «адначасова прабіваў варыянты вяртання ва Украіну, каб далучыцца да беларускіх добраахвотніцкіх падраздзяленняў». Але 8 верасня 2023 года яго затрымалі.

Прычыну Клюкач тлумачыць тым, што Каранкевіч надумаў «тлумачыць некаторым прадстаўнікам краінаў Блізкага Усходу, якія фактычна адкрыта распаўсюджвалі сярод мясцовай моладзі наркатычныя рэчывы, што такой дзейнасцю ім лепш займацца на сваёй радзіме, а не ў Еўропе».

«У выніку размовы з адным з барыг-мігрантаў Яўген атрымаў траўмы чэрапа і таза (той паспрабаваў збіць яго аўтамабілем), пазней разам з некалькімі паплечнікамі быў затрыманы польскай паліцыяй, была заведзеная крымінальная справа», – апавёў Клюкач.

Цяпер Каранкевіч у турэмным шпіталі.

Гісторыі
Што за два чалавекі пакінулі полк «Пагоня» пасля правярання СБУ? Разбіраемся ў заблытанай гісторыі
2022.10.25 18:04

У кастрычніку 2022 года стала вядома, што два беларусы са складу палка «Пагоня» – Клюкач і Каранкевіч – атрымалі пастановы аб дэпартацыі з Украіны пасля правярання на паліграфе Службаю бяспекі Украіны.

Тады паведамлялі, што Карыч у Беларусі пад пагрозаю зняволення пагадзіўся працаваць на КДБ, але па выездзе з краіны адразу паведаміў пра гэта польскім спецслужбам і рэкруцёрам добраахвотнікаў ва Украіну. Польскія спецслужбы не пабачылі злачынства: ён не збіраў інфармацыі ды не перадаваў яе КДБ. Ёсць меркаванне, што байцоў не падазравалі ў супрацы са спецслужбамі, а «яны проста не адпавядалі планцы патрабаванняў» СБУ.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў