За адміністраванне пратэставых чатаў менчука асудзілі на 15 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму


Станіслаў Кузміцкі ў ліпені трапіў у «спіс тэрарыстаў» КДБ. Як стала вядома праваабарончай супольнасці «Dissidentby», 3 лістапада яго асудзілі на 15 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Станіслаў Кузміцкі.
Фота: spring96.org

Станіслава Кузміцкага затрымалі ў канцы снежня 2021 года, да суду трымалі ў СІЗА №1 на Валадарскага ў Менску. Яму закідалі шэсць крымінальных артыкулаў, у тым ліку «стварэнне тэрарыстычнай арганізацыі».

З матэрыялаў справы сала вядома, што ягоная віна ў адміністраванні пратэставых чатаў і ўдзеле ў шасці мірных акцыях пратэсту.

«Маючы перакручаныя каштоўнасці і вар’яцкае разуменне слова «патрыятызм», мэтанакіравана ўступіў у тэрарыстычную арганізацыю і ўзначаліў асобныя рэсурсы сеткі «…97», – цытуе матэрыялы следства «Вясна». – Ён адміністраваў больш за 30 чатаў, якія пад жорсткім кантролем і кіраўніцтвам з-за мяжы напаўняў экстрэмісцкімі матэрыяламі. Мужчына фармаваў склад экстрэмісцкіх супольнасцяў, размяркоўваў ролі і арганізоўваў удзел іх чальцоў у акцыях пратэсту. Акрамя гэтага, ён прымаў захады па аб’яднанні і павелічэнні колькасці супольнасцяў: маральна падтрымліваў іх у гутарках прыватнага характару, арганізоўваў правядзенне супольнага вольнага часу, распаўсюд агітацыйнай прадукцыі, нанясенне малюнкаў і надпісаў экстрэмісцкага характару на фасады збудаванняў».

Прычына настолькі суворага прысуду невядомая. Але такое самае пакаранне прызначылі, напрыклад, журналісту і аўтару каналаў «Беларусь головного мозга» Ігару Лосіку і аўтару Youtube-каналу «MozgON» Уладзіміру Цыгановічу.

На момант публікацыі Кузміцкага яшчэ не прызналі палітычным зняволеным.

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў