Святлана Ціханоўская і вярхоўны прадстаўнік Еўразвязу ў справах замежнай палітыкі і бяспекі Жузэп Бурэль правялі перамовы падчас Саміту еўрапейскай палітычнай супольнасці ў Гранадзе, паведамляе прэс-служба абранае прэзідэнткі Беларусі.
Падчас сустрэчы Жузэп Бурэль і Святлана Ціханоўская абмеркавалі наступную сесію Кансультацыйнай групы ЕЗ – Беларусь, што адбудзецца ў снежні ў Бруселі.
Беларуская лідарка заклікала Бурэля прызначыць адмысловага пасланніка ці каардынатара ў справах Беларусі.
«Нам неабходна разам выпрацаваць агульную стратэгію ЕЗ наконт Беларусі і працаваць у яе межах», – падкрэсліла Ціханоўская.
Жузэп Бурэль, у сваю чаргу, запрасіў Ціханоўскую выступіць на тэму стратэгіі для Беларусі перад міністрамі замежных справаў краінаў Еўразвязу.
5 кастрычніка Святлана Ціханоўская на запрашэнне прэм’ер-міністра Іспаніі Пэдра Санчэса прыняла ўдзел у саміце Еўрапейскай палітычнай супольнасці ў Гранадзе, на якім сабраліся палітычныя лідары 47 краінаў Еўропы.
Лідарка беларускіх дэмакратычных сілаў падзякавала іспанскаму прэм’ер-міністру за запрашэнне на Саміт, а таксама за працяг выдачы візаў беларусам (каля 7000 за апошні год) і падтрыманне сем’яў палітвязняў. Прэм’ер распавёў пра вынікі нарады міністраў замежных справаў наконт сітуацыі з беларусамі ў выгнанні. Ён запэўніў, што будзе выпрацаваны развязак, які дазволіць беларусам заставацца ў тых краінах, дзе яны цяпер перабываюць, без рызыкі дэпартацыі.
Таксама Ціханоўская заклікала Іспанію падтрымаць праект пашпарта новай Беларусі, які дапаможа беларусам скасаваць шэраг праблемаў з легалізацыяй.
На Саміце ў Гранадзе Святлана Ціханоўская сустрэлася з новай прэм’ер-міністаркай Латвіі Эвікай Сілыняй. Падчас сустрэчы Ціханоўская адзначыла, што вельмі важна размяжоўваць рэжым і беларусаў, а таксама беларусаў і расейцаў. Была абмеркаваная таксама сітуацыя на беларуска-латвійскай мяжы. Беларуская лідарка адзначыла:
«Тое, што цяпер суседзі вымушаныя будаваць сцены на мяжы з Беларуссю, цалкам віна рэжыму Лукашэнкі».
Еўрапейская палітычная супольнасць – міжурадавая арганізацыя, заснаваная для палітычных і стратэгічных дыскусіяў пра будучыню Еўропы ў 2022 годзе. Ініцыятарам яе стварэння быў прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон. Першы саміт ЕПС адбыўся ў кастрычніку 2022 года ў Празе.
29 чэрвеня 2023 года ў Бруселі адбылося першае паседжанне Кансультацыйнай групы ў справе сувязяў з Беларуссю. У працы навастворанага кансультацыйнага органу бралі ўдзел Святлана Ціханоўская, прадстаўнікі Абʼяднанага пераходнага кабінету, Каардынацыйнай рады, палітычных арганізацыяў і структураў грамадзянскай супольнасці.
Марыя Міхалевіч belsat.eu