Кіраўнік КДБ Іван Церцель параўнаў дзейнасць сваёй структуры са «Смершам». Іх нішто не спыніць?


1 чэрвеня кіраўнік беларускага КДБ Іван Церцель параўнаў дзейнасць сваёй структуры са «Смершам» – арганізацыяй контрвыведкі, утворанай падчас Другой сусветнай вайны на базе НКУС і накіраванай на выяўленне і ліквідацыю «шпіёнаў, дыверсантаў, тэрарыстаў і іншых актыўных ворагаў савецкага народа». Чым яшчэ запомнілася гэтая структура, якія мэты пераследавала і як працавала? Паспрабуем зразумець, якія метады працы можа ўзяць на ўзбраенне беларускі КДБ у сваіх папярэднікаў.

Нішто нас не спыніць

…Як «Смерш» – гэта не звычайнае параўнанне, а, хутчэй, прадмет гонару: беларускі КДБ лічыць сябе паўнапраўным спадкаемцам таго самага «Смерша», створанага на базе спецыяльнага аддзелу НКУС у 1943 годзе, аб чым ёсць запіс на сайце камітэту ў раздзеле «Гісторыя стварэння і этапы гістарычнага шляху».

Такі ж гонар прагучаў і ў словах кіраўніка беларускага КДБ Івана Церцеля: «На жаль, мы канстатуем, што ўзровень эскалацыі расце. І мы да гэтага рыхтуемся як спецслужба… Мы дзейнічаем рашуча. КДБ Беларусі працуе як «Смерш» – мы вагацца не будзем, настроеныя рашуча, нас нішто не спыніць».

Пастанова аб стварэнні Галоўнага упраўлення контрвыведкі «Смерш» ад 19 красавіка 1943 года за подпісам Сталіна Крыніца: sb.by

Смерць шпіёнам, і не толькі нямецкім

Сапраўды, як і беларускіх паслядоўнікаў, спыніць «Смерш» было вельмі цяжка, бо гэта была структура, кіраўнік якой падпарадкоўваўся непасрэдна народнаму камісару абароны і выконваў толькі яго загады – то бок самога Сталіна.

Створаная 19 красавіка 1943 года згодна з пастановай, падпісанай самім Іосіфам Вісарыёнавічам, новая спецслужба вылучалася са складу НКУС і пачала называцца Галоўным упраўленнем контрвыведкі «Смерш» Народнага камісарыяту абароны СССР. На чале новай структуры быў пастаўлены колішні падначалены Лаўрэнція Бэрыя Віктар Абакумаў, які ад гэтага моманту меў магчымасць непасрэднага выхаду на правадыра.

Назва для структуры была прыдумана таксама не без удзелу Сталіна. Як лічыцца, першапачаткова новая структура мелася называцца «Смернеш» («Смерць нямецкім шпіёнам»), але Сталін адзначыў, што «гаворка вядзецца не толькі пра барацьбу з нямецкімі шпіёнамі. У нас пасуцца выведкі і іншых краін. Назавём проста «Смерш».

Барацьба з дыверсантамі і іншымі антысавецкімі элементамі

У самой пастанове СНК № 415-138 сс аб стварэнні новай спецслужбы былі дакладна акрэсленыя задачы, якія ставіліся перад супрацоўнікамі «Смерша»:

  • барацьба са шпіёнскай, дыверсійнай, тэрарыстычнай і іншай падрыўной дзейнасцю іншаземных выведак у частках і ўстановах Чырвонай арміі;
  • барацьба з антысавецкімі элементамі, якія праніклі ў часткі і ўстановы Чырвонай арміі;
  • прыняцце неабходных агентурна-аператыўных і іншых мераў для стварэння на франтах умоваў, якія выключаюць магчымасць беспакаранага праходу агентуры праціўніка праз лінію фронту з тым, каб зрабіць лінію фронту непранікальнай для шпіёнскіх і антысавецкіх элементаў;
  • барацьба са здрадніцтвам і здрадай радзіме ў частках і ўстановах Чырвонай арміі (пераход на бок праціўніка, укрывальніцтва шпіёнаў і наогул спрыянне працы апошніх);
  • барацьба з дэзертырствам і членашкодніцтвам на франтах;
  • праверка вайскоўцаў і іншых асобаў, якія былі ў палоне і акружэнні праціўніка;
  • выкананне спецыяльных заданняў народнага камісара абароны.

Для таго, каб патрапіць у новую спецслужбу, выхадцы з Асобых аддзелаў пры НКУС праходзілі пераатэстацыю. Усяго ў контрвыведцы працавала каля 10 тысячаў чалавек, у цэнтральным апараце – 646 супрацоўнікаў. За выключэннем некаторых кіраўнікоў структуры вышэйшага рангу, усе супрацоўнікі мелі звычайныя армейскія званні, а таксама насілі форму, якая адносілася да тых родаў войск, у якіх яны працавалі. То бок у мэтах канспірацыі яны візуальна нічым не адрозніваліся ад іншых вайскоўцаў.

Спецгрупа «Смерш» Крыніца: xfile.ru

Фактычна ваенная контрвыведка стала часткай арміі. А значнасць навастворанай арганізацыі заключалася ў тым, што яна атрымлівала загады непасрэдна ад Сталіна і дакладвала яму ж пра іх выкананне, гэта была пэўным супрацьпастаўленнем непаваротлівай машыне НКУС, якой кіраваў Бэрыя. Дый сам фактар выключэння з ланцужку Лаўрэнція Паўлавіча дазваляў больш аператыўна праводзіць у дзеянне тыя ці іншыя рашэнні, а таксама атрымліваць неабходную інфармацыю пра баяздольнасць войскаў.

Як лічыцца, найперш «Смерш» ствараўся для супрацьдзеяння абверу – нямецкай службе выведкі і контрвыведкі, які актыўна пачаў ствараць выведвальна-дыверсійныя спецшколы на тэрыторыі Савецкага Саюза, у тымі ліку і ў Беларусі. Такіх і сапраўды было нямала. Гісторыкі сцвярджаюць, што толькі на тэрыторыі нашай краіны налічвалася каля 25 спецшкол (паводле іншых дадзеных, у паўтара-два разы больш).

Часам «Смерш» называюць ледзь не самай эфектыўнай спецслужбай часоў Другой сусветнай. Так гэта ці не – сказаць цяжка, бо незразумела, які крытэр класці ў аснову ацэнкі эфектыўнасці – калі колькасць «ліквідаваных» шпіёнаў, то магчыма. Іншая справа, каго «шпіёнамі» называў сам «Смерш».

Каб зразумець усе маштабы дзейнасці контрвыведкі, можна згадаць, што толькі ў асяроддзі войскаў НКУС і іх атачэнні за перыяд з траўня 1943 па жнівень 1944-га было выяўлена 293 здраднікі радзіме, 356 дэзерціраў, 76 памагатых нямецкім акупантам, 100 чалавек падазраваліся ў шпіянажы, а 58 асоб – у выношванні тэрарыстычных намераў.

Агульная ж лічба арыштаваных і забітых за «шпіёнскую» дзейнасць ідзе на дзясяткі тысячаў. Паводле дадзеных, якія прыводзіць «Мемарыял», усяго за гады вайны (чэрвень 1941-га па травень 1946-га) супрацоўнікі ваеннай контрвыведкі арыштавалі 699 741 чалавека, з іх у шпіянажы абвінавачваліся 43,5 тысячы чалавек, амаль 70 тысячаў (а гэта кожны дзясяты) з арыштаваных былі расстраляныя.

Рэпрэсіўная машына

Пад выглядам змагання са шпіёнамі і дыверсантамі смершаўцы вялі актыўную барацьбу з ворагамі ўнутранымі. Адной з асноўных мэт дзейнасці арганізацыі было выяўленне так званых антысавецкіх элементаў.

Паводле доктара гістарычных навук Вадзіма Цяліцына, «Смерш» выконваў сваю галоўную задачу – ліквідаваць унутранае іншадумства ў арміі і ў грамадстве падчас вайны. Ён быў своеасаблівай тайнай паліцыяй у войсках. У кожным падраздзяленні меўся супрацоўнік гэтай структуры, які старанна збіраў кампрамат на салдат і афіцэраў, у якіх былі «цёмныя плямы» ў біяграфіі, займаўся вярбоўкай агентуры. Цэлая сістэма, створаная для сачэння як за грамадзянскімі, так і за вайсковымі асобамі ў тыле і на фронце, дазваляла выкараняць іншадумства ўжо на самых пачатковых этапах. Многія пагаджаліся на супрацоўніцтва з сакрэтнымі службамі і пад пагрозай смерці або катаванняў называлі прозвішчы ўсё новых і новых шпіёнаў, дыверсантаў і іншых антысавецкіх элементаў.

Здымак мае ілюстратыўны характар

Згодна з законамі ваеннага часу, у смершаўцаў было права праводзіць допыты і расстрэлы ў пазасудовым парадку, не выконваючы фармальнасцяў. Яны не займаліся вынясеннем прысудаў, бо не з’яўляліся непасрэдна судовымі органамі. Гэтыя расправы над насельніцтвам не заносіліся ў пратаколы і нідзе не ўлічваліся, таму сказаць дакладна, колькі чалавек было расстраляна паводле абвінавачанняў у шпіёнскай, дыверсійнай і антысавецкай дзейнасці, немагчыма.

Большасць арыштаваных, якім удавалася пазбегнуць расстрэлу, адпраўлялася ў лагеры на 25-гадовыя тэрміны. І часта нават амністыя, абвешчаная пасля смерці Сталіна, на іх не распаўсюджвалася, таму многія так і не вярнуліся з высылкі.

Своеасаблівай прытчай сталі так званыя заградатрады са смершаўцаў, якія стаялі за салдатамі Чырвонай арміі, што ішлі ў атаку, і расстрэльвалі тых, хто спрабаваў парушыць загад галоўнакамандуючага «ні кроку назад». Сучасная расейская гістарыяграфія старанна працуе на тое, каб даказаць, што нічога падобнага не было. Хаця сам факт такіх заградатрадаў яны не аспрэчваюць.

Антысавецкія элементы

Сярод іншага «Смерш» займаўся тым, што спрабаваў не дапусціць з’яўлення дэзертыраў і перабежчыкаў, а таксама асабліва ўважліва правяраў тых, хто выйшаў з нямецкага палону. Смершаўцы праводзілі зачысткі прыфрантавых зон ад так званай нямецкай агентуры і антысавецкіх элементаў сумесна з войскамі НКУС, займаліся вышукам і затрыманнем савецкіх грамадзянаў, якія дзейнічалі ў антысавецкіх узброеных групах або ваявалі на баку Нямеччыны.

Адной з найбольш вядомых і буйных аперацыяў, якую праводзілі на сучасных тэрыторыях Беларусі, Польшчы і Літвы дывізіі «Смерш», НКУС разам з салдатамі і афіцэрамі Чырвонай арміі, стала «Аўгустоўская аблава». Ладзілася яна на абшарах Аўгустоўскай пушчы з 12 па 19 ліпеня 1945 года. Пачынаючы з вясны 1945 года антысавецкае падполле кантралявала значныя абшары па абодва бакі Нёману. Партызанаў і падпольшчыкаў актыўна падтрымлівала мясцовае насельніцтва.

Савецкія ўлады падчас аперацыі займаліся прачэсваннем тэрыторыяў, скрупулёзнай праверкай лясоў, палёў, дамоў і гаспадарчых пабудоваў. Падчас гэтых праверак нішчыліся ўсе сляды канспірацыі: хованкі, радыёстанцыі, склады зброі. Таксама праходзілі актыўныя баявыя сутычкі з самімі ўдзельнікамі антысавецкай партызанкі. Але найбольш цярпела мірнае насельніцтва. Паводле ўспамінаў мясцовых жыхароў, пасля аблавы варанкі з затрыманымі мужчынамі ехалі ў бок польска-савецкай мяжы, у кірунку леснічоўкі Калеты, якая сёння знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі. Як кажуць сведкі, назад гэтыя варанкі вярталіся ўжо пустымі. Самай верагоднай з’яўляецца гіпотэза, што затрыманыя людзі былі расстраляныя ў памежнай паласе або вельмі блізка да яе і там пахаваныя.

Перлюстрацыя пошты

Побач з татальным сачэннем за военачальнікамі ўсіх рангаў, адной з задач, якую выконвали прадстаўнікі «Смершу», з’яўлялася перлюстрацыя лістоў, якія атрымлівалі салдаты і афіцэры на фронт.

Так працавала цэнзура ліставання Крыніца: svoboda.org

Каб зразумець маштабы працы, якая вялася ў гэтым кірунку, можна ўзяць хаця б той факт, што з 15 ліпеня па 1 жніўня 1942 года ў адной толькі 62-й арміі пад камандаваннем генерала Васіля Чуйкова, якая дзейнічала на сталінградскім напрамку, смершаўцы ўскрылі і вывучылі змест больш як 67 000 лістоў. Важна, што гэта адбывался ў ваенны час, калі на фронце былі так неабходныя сілы для змагання з ворагам.

«Здрада радзіме»

Адным з відаў барацьбы са здраднікамі радзімы, якія практыкавалі смершаўцы, стала так званая імітацыя здачы ў палон. Падобныя аперацыі праводзіліся так, што група вайскоўцаў рабіла выгляд, што здаецца ў палон, а сама пры гэтым збліжалася з нямецкімі салдатамі і закідвала іх гранатамі.

Мэта такіх дзеянняў, паводле рапартаў тагачасных смершаўскіх камандзіраў, заключалася ў тым, каб у будучыні кожны пераход на бок праціўніка групы або «адзіночак-здраднікаў» сутракаўся агнём.

Савецкія салдаты здаюцца ў палон. 1941 год Крыніца: waralbum.ru

І гэтая мэта ў прынцыпе паспяхова дасягалася, немцы з часам усё больш насцярожана адносіліся да падобнага здавання ў палон. А ў асяроддзі савецкай контрвыведкі гэткі тып аператыўна-чэкісцкага мерапрыемства атрымаў назву «Здрада радзіме».

Радыёгульні

Так званыя радыёгульні лічацца адной з найбольш слынных старонак у дзейнасці «Смершу» і спосабам барацьбы з праціўнікам. Пачынаючы з 1943 года ўсяго было праведзена 186 радыёгульняў. Як правіла, іх сэнс заключаўся ў перахопе нямецкіх агентаў, перавярбоўцы іх на свой бок і вядзенні гульні па выманьванні сілаў і новых агентаў у расстаўленыя пасткі. Падчас радыёгульняў на тэрыторыю, якая кантралявалася Савецкім Саюзам, удалося вывесці больш за 400 кадравых супрацоўнікаў Нямеччыны, а таксама захапіць дзясяткі тонаў разнастайных грузаў, якія прызначаліся для агентаў нямецкіх спецслужбаў.

Так, падчас аперацыі «Бярэзіна» сувязны абвера, заканспіраваны на тэрыторыі Беларусі, паведамляў нямецкаму цэнтру, што пасярод балотаў у раёне ракі Бярэзіна хаваецца буйная нямецкая частка, якая цудам ацалела пасля баёў і налічвае каля двух тысячаў байцоў. Згодна з легендай ім патрэбныя былі харчаванне і боезапасы. Нямецкае камандаванне паверыла гэтым паведамленням і распарадзілася аказаць дапамогу сваім салдатам. Аперацыя доўжылася да канца вайны, а салдаты «згубленай нямецкай часткі», ролю якіх выконвалі савецкія агенты, атрымлівалі зброю, харчаванне, грошы і людзей, якія па прыбыцці арыштоўваліся – частка з іх таксама ўключалася ў гульню, частка расстрэльвалася.

Перавыхаванне нязгодных у канцлагерах

Важная роля, якая адводзілася «Смершу», заключалася ў распаўсюджанні ўплыву сталінскага рэжыму на краіны Усходняй Еўропы, дзе ўсталёўвалася ўлада, падкантрольная Савецкаму Саюзу. Для таго, каб змагацца з антысавецкасцю ў гэтых краінах, як, напрыклад, у Польшчы або Нямеччыне, актыўна выкарыстоўваліся былыя канцлагеры нацыстаў, дзе пад наглядам смершаўцаў утрымліваліся тыя, хто быў гатовы змагацца з савецкай уладай.

Так, у канцлагеры Бухенвальд цягам яшчэ некалькіх гадоў пасля заканчэння вайны ўтрымлівалася больш за 60 тысяч чалавек (па іншых дадзеных, больш за 28 з паловай тысячаў), якіх рэпрэсіўная машына прызнала за ворагаў савецкага ладу.

Бурная дзейнасць цягам трох гадоў

На самой справе век «Смершу» быў даволі кароткім. Усяго служба з такой назвай праіснавала 3 гады. 4 траўня 1946 года згодна з пастановай Палітбюро ЦК ВКП(б) Галоўнае упраўленне контрвыведкі «Смерш» увайшло ў склад Міністэрства дзяржбяспекі СССР у якасці самастойнага галоўнага ўпраўлення (ваенная контрвыведка).

Тым не менш час існавання «Смершу» быў вельмі насычаным на падзеі і справы, асабліва ва ўмовах вядзення вайны. Магчыма, гэтым тлумачацца спробы прыдаць гэтай структуры нейкі асаблівы статус і дадатковы флёр усёмагутнасці і непераможнасці – як у расейскай, дый беларускай, афіцыйнай гістарыяграфіі, так і ў мастацтве. Бо «Смерш», на думку спецслужбістаў, можа стаць найлепшым супрацьпастаўленнем дыскрэдытызаванай у вачах грамадства НКУС.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў