Дзяржабвінавачанне запатрабавала для Вадзіма Пракопʼева 25 гадоў зняволення


Дзяржабвінавачанне 6 чэрвеня запатрабавала для былога рэстаратара, заснавальніка і намесніка камандзіра беларускага палка «Пагоня» Вадзіма Пракоп’ева 25 гадоў узмоцненага рэжыму, у тым ліку 5 гадоў турмы, і штраф у памеры 1000 базавых велічыняў. Пра гэта паведамляе «Минская правда». Аднак судзяць яго завочна.

Вадим Прокопьев, конференция «Новая Беларусь», демократические силы, Вильнюс, Литва
Вадзім Пракоп’еў.
Фота: Белсат

Вадзім Пракоп’еў зʼяўляецца фігурантам «справы Гайдукевіча» (справа аб падпале дома Алега Гайдукевіча два гады таму), яму выставілі абвінавачанне паводле больш як дзясятка артыкулаў КК: ад заклікаў да санкцыяў да акту тэрарызму.

6 чэрвеня адбылося 49-е пасяджэнне па справе. Працэс вядзе суддзя Сяргей Хрыпач, а ў якасці пракурора выступае Максім Чупрыс. Усяго ў справе 18 фігурантаў, з іх траіх – Вадзіма Пракоп’ева, Дзяніса Хаміцэвіча і Ігара Чамякіна – судзяць завочна. Усе трое цяпер за мяжой і аб’яўленыя ў міжнародны вышук. Яшчэ 15 чалавек знаходзяцца пад вартай.

Так, Сяргею Лісоўскаму і Ігару Чамякіну абвінаваўца запатрабаваў па 20 гадоў, а Уладзіміру Савенкову і Хаміцэвічу – 17 і 16 гадоў узмоцненага рэжыму адпаведна. Сяргею Сакалову – 14 гадоў узмоцненага рэжыму і штраф у памеры 700 базавых велічынь, а Зміцеру Невяркевічу – 11 гадоў узмоцненага рэжыму і 3 тысячы базавых велічынь. Вользе Петух і Мікалаю Рою – 13 і 12 гадоў узмоцненага рэжыму адпаведна. Паўлу Чыхінскаму і Дзянісу Філончыку – 9 гадоў узмоцненага рэжыму, Пятру Юркевічу – 9 гадоў агульнага рэжыму.

Для сям’і Вайцяховічаў, якія нібыта падпальвалі маёмасць Алега Гайдукевіча, былі запытаныя наступныя тэрміны: Уладзіславу (сын) – 21 год, Віталю (бацька) – 19 гадоў, Анастасіі (жонка сына) – 13 гадоў, Вользе (маці) – 12 гадоў.

Для Эдуарда Пестрака – 3,6 гады з пазбаўленнем права займаць дзяржаўныя пасады, а для Аляксея Міхайлава – 2 гады агульнага рэжыму, які ён ужо адбыў, з вызваленнем у зале суда.

Суд за спробу падпаліць дом Алега Гайдукевіча.
Фота: mlyn.by

Па версіі абвінавачання, Пракоп’еў быў арганізатарам змовы з мэтай захопу ўлады, кіраваў групай змоўшчыкаў, шукаў сродкі і прылады для захопу ўлады, стварыў «кіраваную, устойлівую, з размеркаваннем роляў і функцый, планаваннем злачынстваў арганізаваную злачынную групу, накіраваную на сумесную, працяглую па часе злачынную дзейнасць». Таксама Пракопʼеў нібыта заклікаў да ўдзелу ў масавых беспарадках, супраціву міліцыі, прапагандаваў гвалтоўную змену ўлады.

Пракурор заявіў, што Пракопʼеў распрацаваў трохфазны план захопу ўлады. У першай фазе ўзброеныя групы павінны былі захапіць вышэйшых службовых асоб і ўсталяваць кантроль за стратэгічна важнымі абʼектамі, у другой – скаваць магчымасці дзеянняў праваахоўных органаў, у трэцяй – не дапусціць умяшання Расеі ў план захопу ўлады. Захоп улады павінен быў адбыцца «на фоне дэстабілізацыі грамадскага парадку ў выніку арганізаваных ім актаў тэрарызму ў дачыненні да дзяржаўных і грамадскіх дзеячаў, выбухаў, падпалаў, іншых дзеянняў», лічыць абвінавачанне.

Пра нібыта напад на дом дэпутата і ўдзельніка прэзідэнцкіх выбараў 2020 года Алега Гайдукевіча стала вядома ў ліпені 2021 года. «У тры гадзіны ночы ў маю хату дзе жывуць мае дзеці кінулі дзве бутэлькі з запальнай сумессю! Пасля таго як першая бутэлька ўзарвалася, сусед выскачыў на вуліцу, паспеў заўважыць і машыну і нападніка!», – казаў тады Гайдукевіч. У выніку нападу афіцыйна ніхто не пацярпеў.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў