Беларускі айцішнік, які мусіў зʼехаць з краіны, не можа атрымаць гуманітарную візу за мяжой


Беларусы, якія праз удзел у мірных акцыях пратэсту ў 2020 годзе апынуліся за межамі краіны, часам цяпер сутыкаюцца з праблемай атрымання візаў. Гэтак у рэдакцыю «Белсату» звярнуўся чытач, які распавёў, што спрабаваў атрымаць польскую гуманітарную візу ў Турцыі і Тайландзе. Але ў кожным з выпадкаў атрымаў адмову. Паводле яго меркавання, атрымаць гуманітарную візу за межамі Беларусі сёння стала вельмі складана. Раней медыі пісалі пра падобную сітуацыю з беларусам, які апынуўся ў Стамбуле і якому дапамагалі беларускія праваабаронцы і юрысты.

Польская віза. Менск, Беларусь. 1 верасня 2022 года.
Фота: Белсат

Беларускі IT-спецыяліст пасля падзеяў 2020 году вымушаны быў пакінуць Беларусь праз пераслед. Малады чалавек разам са сваёй дзяўчынай браў актыўны ўдзел у пратэстах у 2020 годзе. Ён падзяліўся сваёй гісторыяй з «Белсатам».

Малады чалавек распавёў, што ў жніўні 2020 году ягоную дзяўчыну затрымлівалі амапаўцы, вазілі яе па горадзе ў аўтазаку і пагражалі гвалтам, але ў выніку высадзілі ў лесе без пратаколу. Яго ж самога сілавікі схапілі ў верасні 2020 году, падчас затрымання яму пашкодзілі руку. Маладога чалавека вызвалілі, але прысудзілі штраф.

Але гэтыя затрыманні былі толькі пачаткам пераследу. Праз некалькі месяцаў міліцыянты і працаўнікі Следчага камітэту пачалі прыходзіць і тэлефанаваць на іх нумары з патрабаваннем з’явіцца ў РУУС. У выніку пара вырашыла зʼехаць з Беларусі ў 2021-м. Пасля адʼезду сілавікі зладзілі ператрусы ў іх кватэры.

Менск, Беларусь. 30 жніўня 2020 года.
Фота: Белсат

Хлопец разам з сваёй дзяўчынай пераехаў ва Украіну, дзе яны падаліся на сталае жыхарства. Зімой ІТ-спецыялісты па парадзе лекара выехалі ў цёплыя краіны Азіі. У хлопца захворванні з апорна-рухальным апаратам, таму яму патрэбны цёплы клімат.

«У 2022 пачалася вайна і ў беларусаў больш няма магчымасці ўехаць ва Украіну. Усе нашыя рахункі там заблакавалі. Від на жыхарства забраць у міграцыйнай службе Украіны нельга, таму што не магчыма прыехаць у краіну без гэтага дакументу, вось такі вось парадокс. Так мы пазбавіліся другога дому», – распавядае хлопец.

Hавiны
«BYPOL»: Некаторых беларусаў не пускаюць у краіну
2023.06.02 21:31

Безвыніковая спроба атрымаць візы

У выніку беларусы апынуліся ў Тайландзе. У красавіку сёлета яны спрабавалі атрымаць гуманітарную візу ў польскім консульстве ў Бангкоку. Хлопец і дзяўчына прадставілі ў амбасаду пратакол аб затрыманні, даведку аб калецтвах, пастанову суда.

«Таксама мы далучылі фоты з пратэстаў, адно з іх – літаральна за 10 метраў ад загароды з аўтазакамі і джыпамі перад палацам, дзе праз гадзіну бегаў гэты таварыш з аўтаматам. Фота з маршаў ва Украіне і Польшчы, відэа «НЕХТА» на якім мы каля беларускай амбасады ў Варшаве падпісваемся за санкцыі, і дзе бачныя нашыя подпісы. Толькі за гэта цяпер у Беларусі пагражае да 8 гадоў турмы, нібыта за заклік да санкцыяў», – кажа хлопец.

Суразмоўца «Белсату» дадае, што ў выніку ў Бангкоку ў пасольстве ім адмовілі ў выдаванні гуманітарнай візы. Хлопец дадае, што ў яго пашпарце ёсць дзве візы па праграме «Poland. Business Harbour» («PBH»), а ў дзяўчыны – адна гуманітарная. На яго думку дыпламатаў у Тайландзе магло збянтэжыць, што ён з візамі «Poland. Business Harbour» не аформіўся ў Польшчы. І тлумачыць, што ён раней аформіў ІП у Грузіі і працаваў на ўкраінскую, а пазней на амерыканскую кампаніі, таму яму ў візавым цэнтры яшчэ ў Беларусі некалі прапанавалі замест гуманітарнай візы аформіць «PBH».

Абноўлена
Беларускі палітуцякач абвясціў галадоўку пад Дэпартаментам міграцыі Літвы: 14 месяцаў ігнаруюць справу
2023.05.17 16:23

У Турцыі таксама атрымалі адмову

Пасля такога досведу ў Тайландзе беларусы накіраваліся ў Турцыю, дзе таксама вырашылі паспрабаваць атрымаць гуманітарную візу. Тут, паводле суразмоўцы «Белсату», падаваць дакументы на візу можна толькі праз візавы цэнтр. Але працаўнікі гэтай установы адмовіліся прымаць дакументы на падставе таго, што ў іх няма турэцкага віду на жыхарства.

«Я ведаю, што гэта нармальна, такое шмат дзе заведзена. Але ёсць негалосная практыка, што на гуманітарныя візы падобныя абмежаванні не распаўсюджваюцца, бо сутнасць гуманітарнай візы даць людзям часовы дом, дзе яны могуць выконваць юрыдычныя працэдуры на правах рэзідэнта», – кажа беларус.

У візавым цэнтры беларусам параілі напісаць у амбасаду і папрасіць дазвол на падачу дакументаў, але ў выніку яны атрымалі адказ, у якім гучыць, што без віду на жыхарства ў Турцыі яны не могуць падаваць свае дакументы.

«Іронія ў тым, што пры наяўнасці віду на жыхарства Турцыі мне не дадуць гуманітарную візу, бо яе функцыі будзе выконваць гэты самы від на жыхарства. І больш за тое, мне не дадуць візу, спаслаўшыся на факт наяўнасці іншага віду на жыхарства і будуць мець рацыю. Вось і атрымліваецца такое зачараванае кола: каб атрымаць візу, трэба атрымаць від на жыхарства, але як будзе від, то не дадуць візу», – кажа суразмоўца.

Беларус дадае, што побыт без візы ў Турцыі ў яго і дзяўчыны хутка завершыцца. Што далей рабіць ён пакуль не ведае.

Пашпарт грамадзяніна Рэспублікі Беларусь. Менск, Беларусь. 16 ліпеня 2021 года.
Фота: Белсат

У красавіку сёлета вымушана апынуўся ў Турцыі яшчэ адзін беларускі айцішнік Яўген Гацак. Яму таксама давялося рабіць польскую візу і вядома, што цяпер ён з сямʼёй у Польшчы. Яўген кажа, што яму дапамаглі праваабаронцы і юрысты.

«Я думаю, што праблема з атрыманнем візы ў Турцыі менавіта ў польскай амбасадзе абумоўленая тым, што не вельмі шмат беларускіх актывістаў у гэтай краіне. І персанал, адміністрацыя консульства не сутыкаюцца такімі выпадкамі, проста не выпрацаваная палітыка. Зразумела, што сітуацыя змяняецца, паколькі толькі сёлета некалькі актывістаў з Грузіі выязджалі ў Турцыю, каб там зрабіць візу. Таму калі будзе больш зваротаў, адпаведна зʼявіцца практыка», – каментуе «Белсату» Раман Кісляк, праваабаронца, актывіст «Беларуская дыяспара Аджарыі».

Hавiны
Заснавальніка «Беларускай дыяспары Аджарыі» не пусцілі ў Грузію. Адмовілі, нават калі ён папрасіў прытулку
2023.04.28 17:04

Праваабаронцы ў размове з «Белсатам» кажуць, што сітуацыя з кожным выпадкам разглядаецца асобна. Універсальнай парады якім чынам варта дзейнічаць у складаных сітуацыях няма. Але праваабаронцы гатовыя дапамагаць пры кожным звароце, тым больш, юрысты прызнаюцца, што цяпер з атрыманнем візаў даволі часта ўзнікаюць праблемы. Напрыклад, як было ў сітуацыі з Яўгенам Гацаком.

Пры гэтым праваабаронцы просяць не разглядаць іх як «візавыя цэнтры». Вядомыя беларускія асяродкі, якія дапамагаюць грамадзянам краіны, напрыклад Цэнтр беларускай салідарнасці, або Офіс Святланы Ціханоўскай, ці Беларускі дом у Варшаве, не займаюцца непасрэдна выдаваннем візаў, але толькі агульным візавым падтрыманнем.

Разбор
Даверанасць за мяжой: як аформіць, калі патрэбная, у якіх сітуацыях не працуе і трэба ехаць у Беларусь
2023.06.05 08:00

Мікалай Каткоў belsat.eu

Стужка навінаў