Лідары прарасейскіх аўтаноміяў у Еўропе ў адзін дзень загаварылі пра незалежнасць


Кіраўнікі адразу двух прарасейскіх аўтаноміяў у краінах Еўропы – у складзе Малдовы ды Босніі і Герцагавіны – заявілі 5 красавіка пра магчымасць свайго суверэнітэту. Гэта зрабілі адпаведна лідары Гагаузіі і Рэспублікі Сербскай.

Сустрэча Міларада Додыка з Уладзімірам Пуціным 21 лютага 2024 г.
Фота: Kremlin.ru

Прэзідэнт Рэспублікі Сербскай у складзе Босніі і Герцагавіны Міларад Додык падчас сумеснай прэс-канферэнцыі з вугорскім прэм’ерам Віктарам Орбанам заявіў, што гатовы прыняць рашэнне аб незалежнасці РС у выпадку працягу ціску на рэспубліку з боку замежных удзельнікаў.

«Любага роду навязванне, якое мы назіраем сёння, правакуе толькі заняпад. Мы не можам прымаць захады замежнікаў, мы не можам прыняць іх стаўленне», – сказаў ён.

Додык абвінаваціў «нелегітымнага» высокага прадстаўніка ў Босніі і Герцагавіне Крыстыяна Шміта ў перашкодах еўраінтэграцыі, а ЗША – у зрыве дамоўленасцяў паміж баснякамі, сербамі і харватамі. Таксама ён заявіў пра імкненне «адабраць маёмасць Рэспублікі Сербскай».

«Калі ж дойдзе да такога рашэння, я хачу сказаць вам вельмі адкрыта, што Рэспубліка Сербская ў той жа момант прыме рашэнне аб сваім незалежным статусе. Мы лічым, што гэта адзіная мера, якая дазволіць нам захаваць сябе», – падкрэсліў прэзідэнт Рэспублікі Сербскай.

Гагаузія не хоча ў Румынію

Сустрэча Яўгеніі Гуцул з Уладзімірам Пуціным 6 сакавіка 2024 г.
Фота: Kremlin.ru

У той жа дзень кіраўніца малдаўскай аўтаноміі Гагаузія Яўгенія Гуцул, якая з’яўляецца фігуранткай крымінальнай справы за сувязі з прарасейскім палітыкам Іланам Шорам, паведаміла, што заявіць пра незалежнасць пры любых пачынаннях па абʼяднанні Малдовы з Румыніяй.

«Упэўненыя, што жыхары шматлікіх сумежных малдаўскіх і балгарскіх сёлаў падтрымаюць нас і далучацца да нас. Але мы ўсё ж спадзяемся, што розум возьме верх», – папярэдзіла яна.

Так яна адрэагавала на словы прэмʼер-міністра Румыніі Марчэла Чолаку аб тым, што абʼяднанне дзвюх краін можа адбыцца ўнутры Еўразвязу або па-за ім, але для гэтага патрэбна жаданне малдаўскіх грамадзянаў.

І Гуцул, і Додык не толькі лічацца прарасейскімі палітыкамі ў Еўропе, але і падтрымліваюць актыўныя кантакты з уладамі Расеі. Гэтак, лідар Рэспублікі Сербскай 21 лютага сустрэўся ў Маскве з Уладзімірам Пуціным. Кіраўніца Гагаузіі наведала яго 6 сакавіка.

Аналітыка
Дыктатары, тэрарысты і сепаратысты. Хто падтрымлівае Расею ў вайне супраць Украіны
2022.03.28 18:46

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў