Легалізацыя канабіса ў Нямеччыне і абліванне вадой жанчын у Вугоршчыне. Фатаграфіі тыдня


Пахаванне чальцоў Корпуса вартавых Ісламскай рэвалюцыі, забітых у выніку авіяўдару па Дамаску, землятрус на Тайвані, красаванне сакуры ў Токіа – сабралі здымкі ў штотыднёвай фотападборцы.

Людзі паляць цыгарэты з марыхуанай перад Брандэнбургскімі варотамі падчас акцыі «Smoke-In» у Берліне. З 1 красавіка Нямеччына легалізавала ўжыванне, захоўванне і вырошчванне канабіса. Згодна з новым законам, дарослым ва ўзросце ад 18 гадоў будзе дазволена мець пры сабе да 25 грамаў канабіса для ўласнага спажывання. Легалізацыя марыхуаны была адным з перадвыбарных абяцанняў нямецкай Партыі зялёных, якая ўвайшла ў кіруючую кааліцыю разам з сацыял-дэмакратамі і ліберальнымі Свабоднымі дэмакратамі. Берлін, Нямеччына. 1 красавіка 2024 года.
Фота: Ebrahim Noroozi /AP Photo / East News
Японцы фатаграфуюць сакуру ў Токіа. Дрэвы з расфарбоўкай кветак ад чыста белага да ярка-ружовага, аб’яднаныя назвай «сакура», адносяцца да падсямейства Слівавыя. Многія віды выкарыстоўваюцца ў культуры толькі як дэкаратыўныя расліны і даюць дробныя і неядомыя плады. Токіа, Японія. 4 красавіка 2024 года.
Фота: Marcin Nowak / Reporter / East News
Супрацоўнік ляснога дэпартаменту трымае ў руках аліўкавых чарапашак (лат. Lepidochelys olivacea), якія толькі што вылупіліся ў інкубатары на пляжы. Валанцёрамі і работнікамі ляснога дэпартаменту былі сабраныя яйкі з узбярэжжа Бенгальскай затоцы і перанесеныя ў бяспечнае месца. Папуляцыі аліўкавых чарапах з’яўляюцца ўразлівымі з прычыны павольнага росту істот і значнага антрапагеннага ўздзеяння (уплыву дзейнасці чалавека на прыроду). Чэннай (Chennai), Індыя. 1 красавіка 2024 года.
Фота: R.Satish Babu / AFP / East News
Сваякі аплакваюць труны сямі чальцоў іранскага Корпуса вартавых Ісламскай рэвалюцыі (КСІР), забітых у выніку авіяўдару па будынку консульства Ірану ў Дамаску. Улады Тэгерану абвінаваціў у атацы Ізраіль, але афіцыйна Ізраіль не ўзяў на сябе адказнасць за авіяўдар. Агулам ахвярамі атакі сталі 13 чалавек, у тым ліку высокапастаўлены брыгадны генерал Махамад Рэза Захедзі і яго намеснік Махамад Хадзі Хаджы Рахімі. Вядома, што афіцэры КСІР каардынуюць дзейнасць праіранскіх узброеных фармаванняў у рэгіёне, якія ваююць з Ізраілем. Тэгеран, Іран.
Фота: Khamenei.Ir / AFP / East News
Святар дэманструе волас з барады прарока Мухамеда, святую рэліквію, падчас малітваў вернікаў у гонар дня пакутніка Хазрата Алі, чацвёртага халіфа ісламу, у мячэці Газратбаль (Hazratbal). Мусульмане ва ўсім свеце адзначаюць сакральны месяц посту Рамадан, калі ў дзённы час вернікі адмаўляюцца ад прыёму ежы, пітва, курэння і інтымнай блізкасці. Шрынагар (Srinagar), Індыя. 1 красавіка 2024 года.
Фота: Mukhtar Khan / AP Photo / East News
Супрацоўнікі службы хуткай дапамогі дапамагаюць мужчыне, якога выратавалі з пашкоджанага будынку пасля землятрусу магнітудай 7,4, спусціцца па лесвіцы. На ўсходзе Тайваню адбыўся самы магутны за 25 гадоў землятрус, які выклікаў папярэджанне аб цунамі на самакіравальным востраве, а таксама ў частках паўднёвай Японіі і Філіпін. На 5 красавіка колькасць загінулых дасягнула 12, пацярпелых – 1113. Урад Тайваню перагледзеў будаўнічыя нормы і законы аб ліквідацыі наступстваў стыхійных бедстваў пасля землятрусу 1999 года, у выніку якога загінулі 2,4 тысячы чалавек і былі разбураны больш за 5 тысяч будынкаў. Хўа-Лень, Тайвань.
Фота: CNA / AFP / East News
Нурган Канатар корміць катоў, якія раней былі бяздомнымі. Жанчына ператварыла першы паверх і сад свайго дому ў прытулак для катоў, якіх яна знайшла знясіленымі на вуліцах у Анкары, Турцыя. 19 сакавіка 2024 года.
Фота: Abdullah Guclu / Anadolu / abacapress.com / East News
Мужчына штурхае веласіпед, ідучы па дарозе паміж паўразбураных авіяўдарамі будынкаў у Газе, сектар Газа. Ізраіль працягвае ваенную аперацыю ў сектары Газа і анансуе наступленне на Рафах, якое мусіць стаць кульмінацыяй вайны. 3 красавіка 2024 года.
Фота: AFP / East News
Мужчыны абліваюць вадой жанчыну ў традыцыйным адзенні падчас святкавання Вялікадня ў венгерскай вёсцы Холокё (Holloko). Гэта старажытная традыцыя сыходзіць каранямі ў глыб стагоддзяў. Даўней у Велікодны панядзелак было прынята паліваць вадой маладых дзяўчат і жанчын, на якіх жадалі ажаніцца. Холокё, Вугоршчына. 1 красавіка 2024 года.
Фота: Bernadett Szabo / Reuters / Forum
Турысты са Швейцарыі глядзяць на фіялетавую ваду ў парку Гіпсбрухвайгер (Gipsbruchweiher) у Фюсэне (Füssen). Гэта з’ява выклікана бясшкоднымі пурпурнымі бактэрыямі, якія змяняюць колер вады падчас свайго цвіцення. Фюсэн, Нямеччына. 3 красавіка 2024 года.
Фота: Lukas Barth-Tuttas / AFP / East News
Сваякі ахвяраў нападу 7 кастрычніка наведваюць інсталяцыю з фотаздымкамі іх блізкіх, якія былі забітыя або выкрадзеныя, падчас мерапрыемства на месцы фестывалю электроннай музыкі. Фестываль «Supernova» праходзіў 6-7 кастрычніка ў пустэльні побач з мяжою сектару Газа і быў прымеркаваны да габрэйскага свята Сукот. На тэрыторыі фестывалю пасля нападу тэрарыстаў «Хамасу» валанцёры знайшлі не менш за 260 целаў, шмат людзей выкралі і адвезлі ў якасці закладнікаў у Газу. Рэйм, Ізраіль. 2 красавіка 2024 года.
Фота: Menahem Kahana / AFP / East News
Украінскія пяхотнікі 23-й механізаванай брыгады ЗСУ чакаюць накіравання на перадавую на Аўдзееўскім кірунку Данецкай вобласці, Украіна. 3 красавіка 2024 года.
Фота: Roman Pilipey / AFP / East News

Андрэй Шаўчэнка belsat.eu

Стужка навінаў