«Politico»: Макрон не здолеў пераканаць Сі


На думку выдання «Politico», кіраўнік Кітаю Сі Цзінь Пін не змяніў сваёй пазіцыі адносна вайны Расеі з Украінай пасля перамоваў з Эманюэлем Макронам.

Сі Цзінь Пін падтрымаў сваю даўнюю пазіцыю, адзначыўшы, што «ўсе бакі маюць разумныя асцярогі з нагоды бяспекі». Пры гэтым ён не даў і намёку на тое, што будзе выкарыстоўваць свой уплыў для таго, каб дапамагчы скончыць канфлікт, сцвярджае выданне.

Сі Цзінь Пін і Эманюэль Макрон. Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крыніца фота: centralasia.media

Сі Цзінь Пін адзначыў, што разам з Францыяй Кітай гатовы звярнуцца да міжнароднай супольнасці з заклікам заставацца «рацыянальнымі і спакойнымі» і дадаў, што «мірныя перамовы павінны быць узноўленыя як мага хутчэй, беручы пад увагу разумную заклапочанасць усіх бакоў бяспекай у адносінах Статуту ААН і імкнучыся да палітычнага ўрэгулявання і пабудовы збалансаванай, эфектыўнай і ўстойлівай сістэмы еўрапейскай бяспекі».

Выданне наўпрост адзначае, што мэтаю візіту Макрона ў Кітай быў намер падштурхнуць Пекін да таго, каб выкарыстаць яго ўплыў на Расею для таго, каб скончыць канфлікт, і прымусіць выказацца супраць пагрозаў Уладзіміра Пуціна размясціць ядравую зброю ў Беларусі.

Кіраўнікі Францыі і Кітаю правялі паўтарагадзінныя перамовы, але чальцы кітайскага атачэння Сі Цзінь Піна адзначылі, што Макрон дапусціў пратакольную хібу, гаворачы падчас прэс-канферэнцыі прыкладна ўдвая больш, чым Сі Цзінь Пін. Гэта, у сваю чаргу, паводле выдання, крыху нервавала і раздражняла кіраўніка Кітаю.

Падчас прэс-канферэнцыі Макрон заклікаў Сі Цзінь Піна адкрыта асудзіць расейскую агрэсію супраць Украіны, а таксама раскрытыкаваў пагрозу Расеі размясціць ядравую зброю на тэрыторыі Беларусі, дадаўшы, што гэта не адпавядае міжнародным пагадненням.

У адказ кіраўнік Кітаю гаварыў пра неабходнасць для бакоў канфлікту «абараняць ахвяраў, у тым ліку жанчын і дзяцей», што было рэакцыяй на ордар на арышт Пуціна, выдадзены Міжнародным крымінальным судом, за ягоную ролю ў незаконнай перадачы ўкраінскіх дзяцей у Расею. Аднак, як сцвярджае «Politico», Сі Цзінь Пін не згадаў Расеі ў сваім выступе.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў