Украіна атрымае чарговую партыю сістэмаў спадарожнікавага інтэрнэту «Starlink» для разбураных гарадоў


Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі паразмаўляў з заснавальнікам «SpaceX» Іланам Маскам. Пра дэталі размовы Зяленскі напісаў у сваім «Тўітары» ноччу з 5 на 6 сакавіка:

«Паразмаўляў з Іланам Маскам. Удзячны яму за падтрымку Украіны словамі і ўчынкамі. На наступным тыдні атрымаем чарговую партыю сістэмаў «Starlink» для разбураных гарадоў. Абмеркавалі магчымыя касмічныя праекты. Але пра гэта – ужо пасля сканчэння вайны».

«Starlink» – глабальная спадарожнікавая сістэма, створаная кампаніяй «SpaceX» для забеспячэння высокахуткасным шырокапалосным спадарожнікавым доступам у інтэрнэт у месцах, дзё ён быў ненадзейным ці цалкам недасяжным.

Пасля нападу Расеі на Украіну кампанія Ілана Маска прыняла рашэнне надаць Украіне доступ да сістэмы «Starlink». Першая партыя тэрміналаў «Starlink» паступіла ва Украіну 1 сакавіка.

3 сакавіка Ілан Маск у размове з міністрам лічбавай трансфармацыі Украіны Міхаілам Фёдаравым у «Тўітары» распавёў, што каманда «SpaceX» абнавіла праграмнае забеспячэнне «Starlink» для зніжэння спажывання энергіі, каб сістэму можна было выкарыстоўваць ад аўтамабільнага прыкурвальніка. Таксама ўключылі мабільны роўмінг, каб сігнал падтрымліваўся падчас руху аўтамабіля.

ГГ, belsat.eu

Стужка навінаў