Анархіста Міколу Дзядка паставілі на ўлік у Валадарцы. Цяпер ён не выходзіць з камеры без кайданкоў

Мікола Дзядок. Фота: racyja.com

Палітвязня Міколу Дзядка паставілі на прафілактычны ўлік у менскім СІЗА №1 на Валадарскага, піша ягоны тэлеграм-канал.

Гэткае рашэнне прыняла адмысловая камісія пад кіраўніцтвам начальніка СІЗА – Цэдрыка А. М. Фармальнай нагодай стала «схільнасць» Міколы Дзядка да гвалту ў дачыненні працаўнікоў адміністрацыі і захопу закладнікаў, а таксама экстрэмізму і іншым дэструктыўным дзеянням.

Цяпер пры выхадах з камеры, а таксама падчас ранішняй і вечаровай праверак на руках анархіста зашпільваюць кайданкі.

Публіцыста і актывіста анархісцкага руху Міколу Дзядка затрымалі 12 лістапада ў пасёлку Сасновы Асіповіцкага раёну. У той самы дзень у МУС заявілі, што «супрацоўнікі ГУБАЗіК МУС затрымалі 32-гадовага менчука Мікалая Дзядка, які на працягу некалькіх гадоў адміністраваў радыкальны тэлеграм-канал «Мiкоlа», дзе публічна заклікаў да ўдзелу ў масавых закалотах і сілавых акцыях «прамога» дзеяння».

На відэа, апублікаваным прэс-службай ведамства, Мікалай Дзядок выглядаў моцна пабітым. Дзядка вінавацяць у арганізацыі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак (арт. 342 КК). Сам актывіст не прызнае сябе вінаватым.

Бацька Мікалая Дзядка звярнуўся ў Следчы камітэт

Скарга ягонага бацькі на катаванні падчас затрымання праваахоўныя органы не задаволілі. Следчы камітэт адмовіўся праводзіць праверку.

ЯП belsat.eu

 

Hавiны