LRT адказала на фразу «паказаць беларусам, што ім не радыя ў Вільні». Заява абурыла многіх беларусаў


У эфіры Літоўскага радыё журналіст Рымас Бружас выказаўся за тое, каб літоўцы паказалі, што «не радыя» беларусам, якія «нясуць смярдзючую змяю знявагі да нашага ладу жыцця». Тэкставая версія ягоных выказванняў дасяжная на сайце LRT. Кантралёрка ў справе этыкі LRT адказала на пытанні «Белсату».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Марш годнасці з нагоды трэцяй гадавіны выбараў у Беларусі, які пройдзе ад Катэдральнай плошчы да амбасады Беларусі. Вільня, Літва. 9 жніўня 2023 года.
Фота: Белсат

Рымас Бружас называў беларусаў у Літве тымі, хто «нясе смярдзючую змяю пагарды да нашага ладу жыцця, каштоўнасцяў і свабоды», і казаў, што яны «павінны ведаць, што ім тут не радыя». Ён задаваўся пытаннямі, ці часта літоўцы даюць беларусам зразумець, як ставяцца да дыктатара Аляксандра Лукашэнкі і ці часта ладзяць, цытата, «антыбеларускія флэш-мобы», ці часта бачаць «хаця б улёткі» за «дворнікамі» аўтамабіляў з беларускімі нумарамі.

Журналіст заклікаў зрабіць нешта з машынамі беларусаў у Літве, каб тыя «выпрабавалі на сабе, што мы думаем пра ўрад краіны, адкуль яны прыехалі». Разважаў:

«Цікава, ці расказалі б яны, перажыўшы адназначную рэакцыю на сваю краіну-агрэсара, як добра правялі час у Вільні».

Бружас не тлумачыў, як вызначыць тых беларусаў, хто «нясе смярдзючую змяю пагарды да нашага ладу жыцця». Ён не згадваў, што ёсць беларусы, якія не падтрымліваюць Лукашэнкі або працяглы час жывуць у Літве, падтрымліваюць еўрапейскія каштоўнасці і літоўскі лад жыцця.

Што пра гэта думае LRT?

Некаторыя беларусы ў сацыяльных сетках абурыліся гэтаю публікацыяй, пабачылі ў ёй распальванне варожасці і заклікі да гвалту. Франак Вячорка, галоўны дарадца Святланы Ціханоўскай, раней казаў «Белсату», што выказванні Бружаса – «безумоўна, прыклад хэйт-спічу», бо ўтрымліваюць знакі закліку да міжнацыянальнай варажнечы. Вячорка дадаў: «Мы адразу, як выйшаў гэты матэрыял, звязаліся з LRT і МЗС Літвы, яны ведаюць і асуджаюць».

LRT – грамадская тэлерадыёкампанія Літвы, фінансаваная з падаткаў. Яна мае ўласны кодэкс этыкі і адпаведную кантралёрку – гэта Дайна Элена Андрыкіене. «Белсат» скіраваў ёй пытанні пра артыкул і атрымаў такі адказ:

«Каб забяспечыць свабоду слова і рэпрэзентаваць як мага больш розных пунктаў гледжання, LRT транслюе і публікуе каментары палітолагаў, аглядальнікаў, экспертаў і журналістаў у праграмах LRT згодна з правіламі публікацыі меркаванняў LRT, што ў адкрытым доступе на партале Lrt.lt.

Каб пераканацца ў разнастайнасці меркаванняў, апошнім часам некалькі разоў бралі інтэрв’ю ў беларускіх апазіцыйных актывістаў, якія жывуць у Літве. Сёння на радыё LRT таксама гучыць інтэрв’ю, у якім гаворка пойдзе пра жыццё грамадзянаў Беларусі ў Літве. Як заўсёды, у размове возьмуць удзел усе зацікаўленыя бакі. Радыё LRT два разы на месяц выпускае праграму „Santara“ па-беларуску, таму на нацыянальным вяшчальніку беларусы маюць розныя магчымасці выказаць сваё меркаванне».

Кантралёрка ў справе этыкі не адказала на наступныя пытанні «Белсату»:

  • Ці бачыце асабіста вы ў гэтым тэксце распальванне варожасці ці заклікі да гвалту, парушэнне кодэксу этыкі LRT?
  • Ці былі ў LRT нейкія дыскусіі пра гэтую публікацыю?
  • Хто і як у Літве можа праглядзець гэты тэкст на прадмет такіх заклікаў і сказаць, ці ёсць там распальванне варожасці?
  • Да каго могуць звярнуцца грамадзяне Беларусі, не задаволеныя гэтым тэкстам?
  • Ці адзначаеце вы цяжкасці з тэмаю мовы варожасці ў кантэксце вайны ва Украіне, калі адна суседняя з Літвою дзяржава вядзе захопніцкую вайну, а другая суседняя дзяржава гэтую вайну падтрымлівае?
  • Ці ёсць у LRT рэкамендацыі для журналістаў наконт раздзялення ўлады краіны і грамадзянаў краіны?

«Белсат» таксама звяртаўся па каментар да старшыні Літоўскага саюзу журналістаў Дайнюса Радзявічуса і да інспектаркі ў справе журналісцкай этыкі Гражыны Раманаўскайце.

Радзявічус адказаў, што не бачыць у выказваннях Бружаса «ніякай нянавісці менавіта да беларусаў як да нацыі», а бачыць больш «жаданне справакаваць літоўцаў на размову і стасункі з беларускімі грамадзянамі, якія прыязджаюць у Вільню ў якасці турыстаў на выходныя». Ён параіў тым, хто бачыць мову варожасці (якой ён у тэксце не бачыць), звярнуцца ў паліцыю ці пракуратуру, напісаць омбудсману LRT і прасіць ацаніць каментар Бружаса ў Інспекцыі журналісцкай этыкі.

Раманаўскайце расказала, што абураныя публікацыяй сапраўды могуць звяртацца ў названыя службы. Калі ў тэксце будуць выяўленыя адпаведныя парушэнні, то інфармацыя будзе падлягаць выдаленню згодна з пунктам 3 часткі 1 артыкулу 19 Закону аб публічнай інфармацыі. Акрамя таго, артыкул 170 Крымінальнага кодэксу Літвы прадугледжвае для фізічных і юрыдычных асобаў адказнасць за распальванне варожасці супраць любой нацыянальнай, расавай, этнічнай, рэлігійнай ці іншай групы. Пакаранні – ад штрафу да 4 гадоў пазбаўлення волі.

Інспектарка журналісцкай этыкі таксама адзначыла:

«Літва – дэмакратычная дзяржава, у якой абароненыя прынцыпы свабоды выяўлення і слова, поглядаў людзей, але распальванне нянавісці – па-за межамі свабоды выяўлення».

Мяркуючы з таго, што выказванні Бружаса застаюцца ў публічным доступе, у іх або яшчэ не адшукалі, або ўжо не знайшлі прыкметаў парушэння Закону аб публічнай інфармацыі.

Hавiны
Літоўскі дэпартамент дзяржбяспекі патлумачыў, каго з беларусаў успрымае як пагрозу
2024.02.02 21:53

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў