Літоўскі журналіст заклікае да рашучых крокаў супраць беларусаў


У Вільні – нібыта ў Менску, бо аўтамабіляў з беларускімі нумарамі ці не столькі ж, як і з літоўскімі, а ў гандлёвых цэнтрах амаль не чутно літоўскае мовы. Гэтак наракае журналіст Рымас Бружас у эфіры нацыянальнага радыё і заклікае да рашучых крокаў.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Было б правільна, каб кожны экіпаж аўтамабіля з беларускімі нумарамі, які прыехаў сюды пацешыцца, адчуў, што мы думаем пра ўрад краіны, з якой яны прыехалі, і вайну, якую яны пачалі. Перад намі – прадстаўнік краіны, лідар якой дапамагае забіваць украінцаў, і ён нічым не пакрыўджаны. Гэтая ж краіна, паўтару, пагражае напасці на Літву», – прамаўляе Бружас.

Што менавіта рабіць з аўтамі беларусаў ды імі самымі, ён не ўдакладняе.

«Безумоўна, гэта прыклад хэйт-спічу. Гэта ўтрымлівае нейкія знакі закліку да міжнацыянальнай варажнечы. Мы адразу, як выйшаў гэты матэрыял, звязаліся з LRT і МЗС Літвы, яны ведаюць і асуджаюць. Мы ведаем, што гэты кавалак не паўтаралі ў эфіры LRT-радыё, бо нават у рэдакцыі зразумелі, што ёсць прыкметы хэйт-спічу», – кажа галоўны дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка.

Адметна, што тэкставы і аўдыяварыянт выступу дасюль дасяжныя на сайце выдання. Мы звярнуліся па каментары на LRT з нагоды заяваў журналіста, але на момант рыхтавання матэрыялу там не адказалі.

«Я не бачу ў тым тэксце ніякай нянавісці менавіта да беларусаў як да нацыі, – мяркуе старшыня Літоўскага аб’яднання журналістаў Дайнюс Радзявічус. – Я бачу больш жаданне справакаваць літоўцаў на размову і стасункі з беларускімі грамадзянамі, якія прыязджаюць у Вільню ў якасці турыстаў на выходныя».

Беларусаў у Літве пасля жніўня 2020-га года сапраўды паболела. Летась у снежні Святлана Ціханоўская ацаніла іхную колькасць на семдзесят тысяч асобаў. Зрэшты, паболела не толькі беларусаў. Дый пытанне: колькі сярод іх турыстаў?

«Наконт расейскай мовы, беларускай ці ўкраінскай, я думаю, літовец нямоцна адрознівае беларускую і ўкраінскую, – мяркуе кіраўніца валанцёрскай арганізацыі «Дапамога» Наталля Калегава. – Тым больш што ўкраінцы ў Літве ў вялікай колькасці з Харкава ці з іншых тэрыторый і гавораць на расейскай мове».

Між тым большасць нашых рэспандэнтаў не заўважыла пагаршэння ў стаўленні да сябе з боку літоўцаў. Але пэўныя засцярогі датычна беларусаў у літоўскім грамадстве ўсё ж існуюць. Лукашэнкаўскі рэжым рэгулярна пагражае Літве, а ў прагнозах NATO гаворыцца пра імавернасць атакі з боку Беларусі на сувальскі калідор.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Дзень аднаўлення літоўскай дзяржавы беларусы адзначылі разам. Вільня, Літва. 17 лютага 2021 года.
Фота: Ганна Русінава / Белсат

«Вялікая праблема ў тым, што літоўцы не ведаюць, што адбываецца ў Беларусі. Многія не разумеюць, не памятаюць 2020 год. Нават у словах журналіста мы бачым класічную памылку: ён блытае беларусаў і лукашэнкаўскі рэжым. І тое, што Лукашэнка даў Пуціну беларускую тэрыторыю, ён перакладае на ўсіх беларусаў», – разважае Франак Вячорка.

Вільня рыхтуецца да магчымай агрэсіі, і беларусы ў Літве аказваюцца зручнаю мішэнню.

«Ёсць 12 адсоткаў людзей (у Літве), на якіх разлічваюць падобнага кшталту журналісты. На жаль, журналісты ёсць сумленныя, а ёсць тыя, якія на гэтай хвалі, атрымаўшы, не ведаю, замову, палітычны заказ, робяць гэтыя рэчы, – разважае Наталля Калегава. – Зараз ствараецца такая выява ворага, які вельмі патрэбны ў перадвыбарчай кампаніі».

Што рабіць у такіх складаных варунках? Наталля Калегава і Франак Вячорка заклікаюць прагаворваць праблемныя моманты ў стасунках двух народаў ды ні ў якім разе не ставіць знаку роўнасці паміж беларусамі і лукашэнкаўскім рэжымам.

Ян Федаровіч, «Белсат»