Вагнэраўцы зноў паехалі па калоніях, каб вербаваць крымінальнікаў на вайну


Прыватная вайсковая кампанія Вагнэра зноў вярбуе расейскіх вязняў на вайну. Але ахвочых ехаць ва Украіну ўсё менш, паведамляе «Медиазона».

Камандзір штурмавой групы баевікоў Вагнэра Айк Гаспаран (злева) і кіраўнік ПВК Вагнэра Яўгеній Прыгожын (справа).
Фота: Оркестр Вагнера / Telegram

Вербавальнікі Вагнэра ўзімку зноў пачалі аб’язджаюць расейскія калоніі, як ужо рабілі ўлетку ды ўвесну, і прапануюць вязням паехаць ваяваць ва Украіну. Але ахвочых цяпер у дзясяткі разоў менш, чымся падчас першай хвалі вербавання. Калі раней атрымоўвалася набраць з адной калоніі некалькі сотняў вязняў, то цяпер на вайну згаджаюцца ехаць некалькі дзясяткаў.

Зняволеныя ўжо не вераць абяцанням вагнэраўцаў, а навіны ў медыях і размовы з былымі завербаванымі пераканалі іх у тым, што сітуацыя на фронце адрозніваецца ад той, што апісваюць вербавальнікі.

Вязні кажуць, што ўжо не вельмі вераць у памілаванне, а навіны і размовы з завербаванымі пераконваюць іх, што рызыка гібелі занадта высокая.

На гэтым фоне звязаныя з Яўгеніем Прыгожыным медыя пачалі актыўна распавядаць пра зняволеных, якія ацалелі ва Украіне і пасля шасці месяцаў кантракту вярнуліся дадому. У некаторых калоніях нават абяцаюць прывезці туды для агітацыі вязняў, якія адваявалі і вызваліліся з гэтай жа калоніі.

Інстытут вывучэння вайны ў справаздачы 20 студзеня адзначыў некаторыя праблемы баевікоў ПВК Вагнэра. Па-першае, вагнэраўцы маюць праблемы з тым, каб «прэзентаваць сябе эфектыўнаю паралельнаю вайсковаю структурай, а толькі ўсё больш даказваюць, што яны паразітычная парамілітарная адзінка».

Таксама адзначаецца, што Міністэрства абароны Расеі зніжае залежнасць ад ПВК Вагнэра, а Прыгожын страчвае ўплыў. Менавіта праз гэта ён канфліктуе з нацыяналістычнаю «фракцыяй ветэранаў» і былым палявым камандзірам самаабвешчанай «ДНР» Ігарам Гіркіным.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў