Уцекачы з Салядару апынуліся ў Беларусі, але будучыні тут не бачаць


Па волі лёсу Мікола, 20-гадовы жыхар Салядару, апынуўся ў Беларусі. Пасля таго, як расейскія вайскоўцы зруйнавалі ягоны дом і родны горад, малады чалавек разам з сям’ёй перабраліся ў Заходнюю Украіну. Пасля ж кантактавання з роднымі ў Беларусі яны вырашылі пераехаць у адзін з райцэнтраў да сваіх сваякоў, але заставацца тут суразмоўца «Белсату» не плануе. 

Салядар цалкам знішчаны.
Фота: Maxar / twitter.com

20-гадовы Мікалай нарадзіўся ў Данецкай вобласці ў Салядары. Цяпер ён жыве ў Беларусі ў адным з райцэнтраў. Пасля расейскага ўварвання 24 лютага мінулага года сямʼя вымушаная была пакінуць зону баявых дзеянняў

«24 лютага летась памятаю, што было вельмі страшна. З самага пачатку недалёка ад нашага гораду праходзіла лінія фронту. Мы спачатку думалі, што вайна абміне наш дом, але выбухі пачалі набліжацца. Вось толькі мы не маглі нічога з гэтым зрабіць, не можам жа паўплываць на хаду вайны.  Пасля таго, як у горад непасрэдна прыйшла вайна, мы засталіся без дома і пачалі такі перавалачны лад жыцця. Толькі хто ж можа гэта вытрымаць доўга?» – разводзіць рукамі Мікалай.

Уверсе Салядар 1 жніўня 2022. Унізе горад 10 студзеня 2023 году. Калаж з фота: Maxar / twitter.com

Малады чалавек кажа, што роднага дому ў Салядары больш няма. Ён цалкам згарэў, толькі папялішча засталося. Зрэшты, увесь горад зруйнаваны.

«Цяпер нават не магу дакладна і сказаць, якога дня мы выехалі з роднага гораду. Спачатку мы паехалі ў Заходнюю Украіну. Там нейкі час сядзелі і чакалі, але проста не было куды дзявацца, не было аніякага варыянту заставацца ў заходняй частцы. Пасля сваякі з Беларусі прапанавалі нам перабрацца да іх. Праблема ж была ў тым, што мы не маглі афіцыйна пераехаць у Беларусь. Я ўжо меў 18 гадоў, а выезд поўнагадовым забаронены з Украіны. Потым зʼявіўся калідор праз Запарожжа ў Крым, а з Крыму мы выехалі ў Беларусь», – распавядае Мікола.

Сямʼя з Украіны ў Беларусі – з кастрычніка мінулага года. Малады чалавек кажа, што тут ім выжываць складана.

«Мы жывем у невялікім райцэнтры, у доме сваякоў. Галоўная праблема ў тым, што нам надзвычай складана адшукаць кватэру, цяжка з працай. Каб афіцыйна нам уладкавацца, патрэбны спецдазвол. Працадаўцы не вельмі жадаюць мець справу з такімі дазволамі, таму вельмі неахвотна бяруць нас на працу. Ім прасцей пачакаць некаторы час, каб уладкаваць працаўніка з беларускім пашпартам. Як выхад, можна ўладкавацца ў дзяржаўную нейкую структуру, бо там прасцей з гэтым спецдазволам», – кажа хлопец.

Hавiны
Інстытут вывучэння вайны: кіраўнік ПВК Вагнэра Яўгеній Прыгожын страчвае ўплыў
2023.01.29 11:34

Паводле Міколы, у Беларусі спакойна. У райцэнтры, дзе цяпер ён жыве, хлопец яшчэ не бачыў на свае вочы расейскіх вайскоўцаў. Магчыма, кажа ён, вайскоўцы – недзе на мяжы з Украінай.

«Што да стаўлення да беларусаў і Беларусі, то ў мяне няма нянавісці. Я хутчэй нейтральна стаўлюся да беларусаў. Проста сітуацыя такая, што беларусы на яе не могуць паўплываць, яны не маглі адмяніць вайну. Я нармалёва стаўлюся да беларусаў, не трымаю крыўды. Ды і навошта гэта, я спадзяюся толькі на сябе, на свае сілы», – кажа Мікола.

Пры гэтым малады чалавек не мае намеру далей заставацца ў Беларусі. Яго родныя дык наадварот, ужо не жадаюць, або і не маюць сілаў, каб некуды ехаць. Сам Мікола распавядае «Белсату», што мае яшчэ шмат планаў, але будучыні сваёй тут не бачыць, пакуль жа хоча трохі агледзецца.

«Самым аптымальным варыянтам для мяне ў будучыні было б вяртанне ў Салядар, калі скончыцца вайна і адновіцца горад. Там жа саляныя шахты, таму будзе праца. Вядома, што калі раптам горад будзе расейскім, то дакладна больш туды не вярнуся», – прызнаецца малады чалавек.

Фотарэпартаж
Дом міру. Як уцекачы з Беларусі і Украіны жывуць разам у Польшчы
2022.03.10 18:41

Алена Аляксандрава belsat.eu

Стужка навінаў