Пахаванне Папы Рымскага і суд над нобэлеўскім лаўрэатам. Галоўныя падзеі свету за тыдзень


Вялікі павадак у амерыканскім штаце Каліфорнія, пачатак суда над нобэлеўскім лаўрэатам Алесем Бяляцкім у Беларусі, будні прыфрантавога Бахмуту ва Украіне, адсутнасць снегу ў швейцарскіх Альпах, пахаванне Папы-эмэрыта Бэнэдыкта XVI у Ватыкане і легендарнага футбаліста Пэле ў Бразіліі – сабралі асноўнае ў фотаздымках.

Паласацік (прадстаўнік роду сямейства паласацікавых кітоў) правёў каля 5 гадзінаў побач з чоўнам на Антарктычным паўвостраве.
Фота: Simon Roberts / Solent News / Photo Agency / East News
Балгарскія мужчыны выконваюць традыцыйны танец «Хора» ў рацэ Тунджа (Tundzha), святкуючы Вадохрышча. Паводле традыцыі, праваслаўны святар кідае крыж у раку, і лічыцца, што той, хто здабудзе яго, будзе здаровы ўвесь год, як і ўсе тыя, хто танчаць у сцюдзёнай явадзе. Калофэр (Kalofer), Балгарыя.
Фота: Nikolay Doychinov / AFP / East News
Жанчына ідзе па залітай вуліцы пасля павадку, выкліканага залевамі, у прыбярэжным мястэчку Аптас (Aptos), Каліфорнія, ЗША.
Фота: Carlos Barria / Reuters / Forum
Лыжнікі спускаюцца па невялікім слоі штучнага снегу ў Альпах у Лезэне (Leysin), Швейцарыя.
Фота: Denis Balibouse / Reuters / Forum
Эксгумацыя целаў загінулых украінскіх вайскоўцаў гуманітарнай місіяй «Чорны цюльпан», мэта якой – пошук, эксгумацыя і вываз целаў загінулых украінскіх вайскоўцаў з 2014 года. Ямпаль (Ямпіль), Украіна.
Фота: Clodagh Kilcoyne / Reuters / Forum
Аўтамабіль разварочваецца на затопленай дарозе ў каліфарнійскім Севастопалі. На амерыканскі штат Каліфорнія абрынуліся магутныя залевы і ўраганны вецер, амаль 90 % насельніцтва Каліфорніі можа пацярпець з-за паводкі. Севастопаль, ЗША.
Фота: Josh Edelson / AFP / East News
Чальцы параду на карнавале «Чорныя і белыя» распыляюць пену. Карнавал адзначае этнічную разнастайнасць у рэгіёне і з 2009 года лічыцца «шэдэўрам вуснай і нематэрыяльнай спадчыны чалавецтва» ЮНЭСКО. Паста (Pasto), Калумбія.
Фота: Daniel Munoz / AFP / East News
Нобэлеўскі лаўрэат прэміі міру 2022 года Алесь Бяляцкі ў клетцы падсудных падчас першага дня суда ў Менску. Кіраўніку і заснавальніку праваабарончага цэнтру «Вясна» пагражае да 12 гадоў зняволення паводле двух артыкулаў КК РБ. Менск, Беларусь.
Фота: Vitaly Pivovarchik / Belta / AFP / East News
Заўзятары ідуць у бок стадыёну «Віла Бэлміру», дзе праходзіць развітанне з легендай бразільскага футболу Пэле (сапраўднае імя Эдсан Арантыс ду Насімэнту). Бразілец памёр ва ўзросце 82 гадоў. Пэле – адзіны чалавек, які тройчы станавіўся чэмпіёнам свету па футболе. Сантус, Бразілія.
Фота: Ueslei Marcelino / Reuters / Forum
Жыхары Бахмуту ў цэнтры гуманітарнай дапамогі, які забяспечвае людзей ежай, цёплымі напоямі, лекамі ды іншымі рэчамі першай неабходнасці. Жорсткія баі за Бахмут працягваюцца шмат месяцаў, у выніку штодзённых абстрэлаў горад разбураны больш як на 60 %. Бахмут, Данецкая вобласць, Украіна.
Фота: Diego Herrera Carcedo / Anadolu Agency / abacapress.com / East News
Асабісты сакратар Папы-эмэрыта Бэнэдыкта XVI, арцыбіскуп Георг Генсвайн, закрывае твар Папы Рымскага ў саборы Святога Пятра перад пахаваннем у Ватыкане. ­
Фота: Vatican Media / Reuters / Forum
Украінскія дзеці атрымліваюць калядны падарунак ад польскай гуманітарнай арганізацыі «UA Future» у Бахмуце, Данецкая вобласць, Украіна.
Фота: Clodagh Kilcoyne / Reuters / Forum
Іранцы ўдзельнічаюць у цырымоніі ў памяць аб трэцяй гадавіне смерці іранскага генерал-маёра Гасэма Салеймані (Qassem Suleimani), загінулага ў выніку ракетнага ўдару амерыканскага беспілотніка па іракскім Багдадзе. Тэгеран, Іран.
Фота: Atta Kenare / AFP / East News
Артысты выступаюць падчас традыцыйнага параду напярэдадні Вадохрышча ў Мадрыдзе, Іспанія.
Фота: Juan Medina / Reuters / Forum

Агата Квяткоўская belsat.eu

Стужка навінаў