Сузаснавальнік фонду «BySol» Андрэй Стрыжак паведаміў у Facebook, што блізкіх Дзмітрыя Усхопава паспяхова эвакуявалі. Куды яны з’ехалі і хто менавіта, Стрыжак не ўдакладняе.
27-гадовага жыхара Рэчыцы Дзмітрыя Усхопава затрымалі 31 снежня а 23:10 на аўтобусным прыпынку. Праз некаторы час міліцыянты прывезлі яго ў прыёмны пакой раённага шпіталю ў стане клінічнай смерці. Сваякі ўскладаюць адказнасць за гібель на міліцыю: яны лічаць, што ў будынку РАУС іхнага блізкага збівалі.
Cледчыя заяўлялі, што ў крыві забітага жыхара Рэчыцы выявілі смяротную дозу алкаголю і наркотыкі ды, згодна з папярэднімі высновамі судова-медычных экспертаў, смерць «не носіць траўматычнага характару».
4 студзеня стала вядома пра затрыманне як мінімум чатырох блізкіх сяброў Усхопава. Гэта Аляксей і Ганна Давыдковы, Аляксандр Снабкоў і Ілля Бракарэнка. Следчыя заявілі, што ў іх нібыта знайшлі кілаграм марыхуаны.
Сястра загінулага казала, што непакоіцца за сваё жыццё пасля пагрозаў праўладных Telegram-каналаў, паклёпу на загінулага. Пра тое, што Усхопава забілі міліцыянты, казала і ягоная маці.
АА belsat.eu