Удзел у пратэстах, каментары і рэпосты. За што караюць беларусаў?


У Беларусі новая хваля рэпрэсіяў. Кожны дзень з’яўляецца інфармацыя пра затрыманні, ператрусы, прысуды, публікуюцца так званыя паканныя відэа. «Белсат» паспрабаваў знайсці логіку ў дзеяннях сілавікоў і пацікавіўся ў экспертаў, ці можна падрыхтавацца да затрымання і калі ўсё гэта закончыцца.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: acca.media

У кастрычніку ў параўнанні з вераснем у Беларусі істотна павялічылася колькасць інцыдэнтаў (гэта ператрусы, затрыманні, складанне пратаколаў), звязаных з палітычным пераследам. Паводле звестак праваабарончага цэнтру «Вясна», за першы месяц восені зафіксавана 155 такіх інцыдэнтаў. У кастрычніку – 253. А ў лістападзе ўжо 274 выпадкі.

«Злачынныя» падабайкі і рэпосты

Дакладна назваць колькасць пацярпелых ад рэпрэсіяў у цяперашніх умовах Беларусі даволі складана, як і адсачыць нагоды і прычыны затрыманняў. Часцей за ўсё ў якасці крыніцы інфармацыі выступаюць блізкія да сілавікоў Telegram-каналы. Яны публікуюць так званыя пакаянныя відэа. Нічога агульнага з пакаяннем на іх няма, бо людзей у няволі прымушаюць сябе абгаворваць. Часам мантуюць відэа так, каб яно выглядала «пакаянным», дадаюць абразлівыя каментары, але з іх можна даведацца, што чалавека затрымалі, за што і ў чым абвінавачваюць. Цягам месяца з’яўляецца каля сотні такіх відэа.

Як паказаў аналіз гэтай крыніцы, часцей за ўсё нагода – знойдзенае сілавікамі на прасторах інтэрнэту фота ці відэа ўдзелу ў акцыях пратэсту. Такіх выпадкаў каля 40 % ці крыху болей, у залежнасці ад месяца. Наступнае «злачынства» – гэта дзеянні ў інтэрнэце, парадку 30–40 % выпадкаў. Гэта падабайкі, рэпосты і публікацыі ў сацсетках «экстрэмісцкіх» матэрыялаў, каментары на адрас сілавікоў і ўладаў. Таксама ГУБАЗіК лічыць злачынствам выказванні супраць расейскай агрэсіі і падтрыманне Украіны. Колькасць тых, хто аказаўся ў руках сілавікоў за перадачу інфармацыі ў «Чорную кнігу Беларусі», наблізіўся ў кастрычніку да 7 %, хаця яшчэ ў верасні было менш 1 %.  Яшчэ менш тых, хто зарэгістраваўся ў плане «Перамога». Даволі часта выкарыстоўваюць некалькі падставаў для затрымання. Часцей за ўсё удзельнікі пратэстаў падпісаныя на «экстрэмісцкія» каналы ці з’яўляюцца аўтарамі каментароў у інтэрнэце.

Таксама ёсць выпадкі, калі беларусаў рэпрэсуюць за дапамогу палку Каліноўскага, за грашовыя пераводы фонду «BYSOL», за не тыя татуіроўкі, за след ад налепкі з Пагоняй на нумарным знаку аўтамабіля, за прыватныя вечарыны пад нацыянальнай сімволікай, за бел-чырвона-белую сімволіку ў офісе, за намер далучыцца да беларускіх добраахвотнікаў, што ваююць ва Украіне, за размову з незалежнымі медыямі, за адмову везці на таксоўцы супрацоўніц Следчага камітэту, за лісты палітвязням – за ўсё, што ўлады лічыць нелаяльным і небяспечным для сябе.

Часам сілавікі дзейнічаюць сітуацыйна: напрыклад, пасля прызначэння лідара руху «За свабоду» Юрыя Губарэвіча намеснікам прадстаўніка Аб’яднанага пераходнага кабінету для транзіту ўлады ў ягоных паплечнікаў зладзілі дзясяткі ператрусаў. Працаўнікі кампаніі «Белагра» трапілі ў поле зроку сілавікоў, бо ўладкавалі на працу былога работніка ОНТ, які ачольваў пул журналістаў, што працавалі з Аляксандрам Лукашэнкам. Напрыканцы лістапада пачаліся затрыманні за «абразлівыя» каментары на адрас памерлага кіраўніка МЗС Уладзіміра Макея. Была «справа Зельцара», цяпер – «справа Макея».

Адміністратыўныя справы

Паводле звестак праваабарончага цэнтру «Вясна», у верасні пад арышт трапілі 38 асобаў (некаторыя – некалькі разоў запар), агулам суды прызначылі ім 567 содняў. Таксама 4 асобы атрымалі штрафы на 4160 рублёў. Самы папулярны артыкул (42,5 % усіх пратаколаў) – распаўсюд і захоўванне інфармацыі, што заклікае да экстрэмізму. 36,5 % пратаколаў былі складзеныя за дробнае хуліганства.

Дынаміка інцыдэнтаў (затрыманні, ператрусы, складанне пратаколаў) у Беларусі з 1 верасня да 30 лістапада. Інфаграфіка: праваабарончы цэнтр «Вясна»

У кастрычніку суды прызначылі арышт 70 асобам на 980 содняў, 12 асобам выпісалі штрафы на 8640 рублёў. У 66,5 % выпадкаў судзілі за «распаўсюд экстрэмісцкай інфармацыі», 20 % справаў – за непадпарадкаванне патрабаванню службовай асобы.

У лістападзе арыштаваныя 40 асобаў на 729 содняў. Адна асоба аштрафаваная на 30 базавых велічыняў. Больш за 80 % пратаколаў – паводле артыкулу аб «распаўсюдзе экстрэмісцкай інфармацыі», 16 % – за парушэнні пры правядзенні масавага мерапрыемства.

Крымінальны пераслед

У верасні былі затрыманыя 28 асобаў, якім выставілі абвінавачанні паводле крымінальных артыкулаў. Часцей за ўсё гэта «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх» (17 справаў). 5 справаў заведзеныя за хуліганства, здзейсненае групай асобаў. Яшчэ 5 справаў распачатыя за «абразу прэзідэнта» і за «абразу прадстаўніка ўлады». Таксама было па адной справе паводле артыкулаў «Спрыянне экстрэмісцкай дзейнасці», «Гвалт або пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні супрацоўніка органаў унутраных справаў» і «Апаганьванне будынкаў і псаванне маёмасці».

19 асобаў трапілі за краты ў кастрычніку. Большасць з іх – паводле «народнага» артыкулу аб дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак. Такіх справаў было 11. Распачатыя па дзве справы паводле артыкулаў «Спрыянне экстрэмісцкай дзейнасці», «Абраза прэзідэнта», «Абраза прадстаўніка ўлады», «Здзек з дзяржаўных сімвалаў», па адной – паводле артыкулаў «Распальванне варожасці», «Незаконны збор і распаўсюд звестак аб прыватным жыцці», «Паклёп у дачыненні прэзідэнта» і «Абраза суддзі».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: aif.ru

У лістападзе сілавікі затрымалі чатырох асобаў. Зняволеных абвінавацілі паводле 5 артыкулаў: «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак», «Спрыянне экстрэмісцкай дзейнасці», «Дыскрэдытацыя Беларусі», «Паклёп», «Незаконныя дзеянні ў дачыненні інфармацыі аб прыватным жыцці і персанальных звестак» ды «Абраза прэзідэнта».

Што праўда, гэта датычыць толькі тых, каго праваабаронцы прызналі палітвязнямі. Насамрэч затрыманняў паводле крымінальных справаў болей, але і такая інфармацыя дае разуменне кірункаў палітычнага пераследу.

«Зразумець, хто будзе наступны, складана»

Праваабаронца цэнтру «Вясна» Наталля Сацункевіч у каментары «Белсату» распавяла, што цяпер на рэпрэсіі кінулі багата сілавікоў, яны працуюць у розных кірунках, і прадбачыць, па каго прыйдуць, даволі складана. Што можна прадказаць, дык гэта пераслед за супрацу з «Чорнай кнігай Беларусі».

«Бачым, што шукаюць удзельнікаў дваровых чатаў, там шукаюць актыўных людзей, глядзяць, што адбываецца з працоўнымі людзьмі, відавочная распрацоўка гісторыі з «Чорнай кнігай Беларусі», ёсць абгрунтаваныя меркаванні, што ў рукі сілавікоў трапілі звесткі людзей, якія туды звярталіся, і ідуць арышты паводле гэтай справы. Часам складана сказаць, паводле якой менавіта справы прыйшлі да чалавека, бо людзі ў Беларусі ўдзельнічаюць у розных актыўнасцях», – кажа Сацункевіч.

Апошнім часам часцей за ўсё беларусаў затрымліваюць за «распаўсюд экстрэмісцкай інфармацыі»: адпаведны артыкул Кодэксу аб адміністратыўных парушэннях дае максімальна шырокія паўнамоцтвы для сілавікоў, адзначыла праваабаронца.

«У Беларусі цяпер складана запэўніць сваю бяспеку, зразумець, хто будзе наступны. Таксама ж працягваюцца затрыманні тых, хто быў на акцыях у 2020 годзе, сілавікі рознымі спосабамі гэтую інфармацыю атрымліваюць, шукаюць людзей і затрымліваюць паводле крымінальных справаў», – канстатуе Наталля Сацункевіч.

Праваабаронца цэнтру «Вясна» Наталля Сацункевіч.
Фота: racyja.com

Праваабаронца раіць хаваць свой лічбавы след дзеля бяспекі і на ўсялякі выпадак падрыхтавацца да затрымання, наколькі гэта наогул магчыма.

«Варта вельмі асцярожна ставіцца да сваіх дэвайсаў і доступу да іх, выконваць правілы інфармацыйнай бяспекі, таксама сачыць, каб людзі, з якімі вы камунікуеце, удзельнічаеце ў розных актыўнасцях, таксама сачылі за сваёй інфармацыйнай бяспекай. Ну і маральна рыхтавацца да затрымання, бо гэта такая рэч, як і ўсё ў нашым жыцці, што чым лепш ты падрыхтаваны, тым лепш звычайна гэта пройдзе», – адзначыла суразмоўца «Белсату».

Яна таксама заклікала заўсёды паведамляць праваабаронцам ды журналістам пра рэпрэсіі. Горш ад гэтага дакладна не будзе.

«Не варта баяцца таго, што вы апублічыце гэта. Менавіта дзякуючы публічнаму апавяшчэнню праваабаронцы могуць складаць карціну рэпрэсіяў, казаць, што сітуацыя з правамі асобы ў Беларусі толькі пагаршаецца. Таксама гэта дапамагае нам адвакатаваць сітуацыю, прасіць міжнародныя інстытуцыі, іншыя краіны аб дапамозе, аб ціску, аб патрабаваннях спынення рэпрэсіяў», – растлумачыла Наталля Сацункевіч.

«Каб усе баяліся»

Журналіст, палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі ў каментары «Белсату» адзначыў, што ў рэпрэсіях, якім не бачна ні канца ні краю, у нейкім сэнсе няма нічога нечаканага. Улада проста выконвае сваё абяцанне «знайсці і пакараць» усіх удзельнікаў пратэстаў 2020 года.

«Гэтыя людзі ўжо даўно не выяўляюць ніякай палітычнай актыўнасці, але ўлады і гэтак званыя праваахоўныя органы, сілавікі імкнуцца рэалізаваць сваю пагрозу. Яшчэ ўвосень 2020 года Лукашэнка сказаў, што «мы знойдзем кожнага». І вось цяпер іх затрымліваюць не таму, што гэтыя людзі небяспечныя для рэжыму, а проста каб усе баяліся і ўсе разумелі, што такіх рэчаў рэжым не даруе», – сказаў Класкоўскі.

Сілавікі мусяць дэманстраваць, што недарэмна ядуць хлеб і атрымліваюць кватэры ад дзяржавы, падкрэсліў суразмоўца «Белсату».

«Рэпрэсіўны апарат не мусіць прастойваць, і паколькі ў рэале ніякіх ні мітынгаў, ні маніфестацыяў, ні іншых акцыяў няма, то пайшлі ў інтэрнэт. Таму часта сталі з’яўляцца такія артыкулы, як «Абраза прэзідэнта», «Абраза прадстаўнікоў улады», «Распальванне варожасці». Любая крытыка, любыя ацэнкі можна крыміналізаваць праз гэтыя артыкулы. Цяпер беларускія рэаліі такія, што закон як дышаль», – заўважыў аналітык.

Лукашэнка зрабіў стаўку на гвалт

Аляксандр Класкоўскі ўпэўнены, што сілавікі не спыняць рэпрэсіяў да «адмашкі зверху». Пакуль жа ў іх карт-бланш і адсутнасць якіх-кольвек маральных і юрыдычных абмежаванняў.

«Гэта не нейкія «эксцэсы выканаўцаў», гаворка не пра тое, што сілавікі самі па сабе так шчыруюць. Ім Лукашэнка развязаў рукі, ён ім даў карт-бланш. І пакуль зверху не будзе адмашкі, што трэба прытармазіць ці спыніць рэпрэсіі, яны і не спыняцца. Усялякія маральныя і юрыдычныя абмежаванні дэ-факта знятыя, і яны радыя старацца», – кажа Класкоўскі.

Аляксандр Класкоўскі, беларускі журналіст, палітычны аглядальнік.
Фота: Белсат

На меркаванне суразмоўцы «Белсату», у Лукашэнкі, уласна, і няма іншага выйсця, бо іначай – крушэнне рэжыму.

«2020 год паказаў, што электаральная база правадыра рэжыму страчаная, вялікая частка насельніцтва стала нелаяльнай, яна саспела да пераменаў, дэмакратыі, а паколькі ніякай дэмакратыі Лукашэнка даць не можа, бо гэта азначала б крушэнне ягонага рэжыму, таму ён зрабіў стаўку на гвалт. Гэта ляжыць у аснове, гэта галоўная логіка: саступаць уладу ён не хоча, а ўтрымаць яе цяпер можна толькі за кошт гвалту, накідвання татальнага страху ў грамадстве», – адзначыў Класкоўскі.

«Душыць, душыць, душыць»

Аляксандр Класкоўскі лічыць, што Лукашэнка больш не пойдзе на эксперыменты з гульнёй у дэмакратыю, як гэта было напярэдадні ранейшых прэзідэнцкіх выбараў.  Паслабляць рэпрэсіі ён не будзе, каб не натхняць беларусаў, якія хочуць перамен.

«Калі пачаць выпускаць палітвязняў, трошкі адкручваць гайкі, то гэта адразу ж уздыме дух праціўнікаў рэжыму. Калі яны ўбачаць, што Ціханоўскі на волі, Статкевіч на волі, то гэта акрыліць многіх людзей. Калі ўявіць сабе, што той жа самы Статкевіч выходзіць з турмы, ён жа не будзе сядзець як мыш пад мятлой, ён на заўтра ж, напэўна, выйдзе на вуліцу і пачне ладзіць нейкі мітынг. Лукашэнка гэта разумее», – кажа суразмоўца «Белсату».

Ён мяркуе, што рэпрэсіі ў Беларусі будуць трываць да змены ўлады, бо Лукашэнка не бачыць іншых варыянтаў утрымацца на чале дзяржавы.

«Стаўка на рэпрэсіі, на гвалт ужо будзе нязменнай да таго часу, пакуль будзе кіраваць Лукашэнка. У яго ўжо няма рэсурсу, каб вярнуць ранейшую папулярнасць, пашырыць электаральную базу. Няма сродкаў, каб падкупіць электарат, істотна падвысіць заробкі, пенсіі. Трэба ўлічваць і тое, што само грамадства стала іншым. Пратэсты 2020 года паказалі, што мноства людзей ужо перарасло гэты рэжым, хоча жыць у іншай, вольнай краіне, выбіраць уладу. Лукашэнка нутром гэта разумее, але саступаць уладу не хоча, таму адзіная выснова: душыць, душыць, душыць», – падсумаваў Класкоўскі.

Каментар
Чаму ўлады не спыняюць тэрору, а беларусы – індівідуальнага супраціву
2022.11.14 07:43

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў