Ціханоўскую спыталі тое самае, што «Россия сегодня» пытала ў Лукашэнкі. Параўноўваем адказы


Расейскі прапагандыст Дзмітрый Кісялёў 30 лістапада ўзяў інтэрв’ю ў Аляксандра Лукашэнкі – той прызнаў Крым расейскім і папрасіў ядравай зброі. Zerkalo.io звярнулася да Святланы Ціханоўскай з тымі ж пытаннямі.

Святлана Ціханоўска, Warsaw Security Forum.
Фота: Сяргей Пеляса, belsat.eu

«Белсат» параўнаў адказы Аляксандра Лукашэнкі «России сегодня» і Святланы Ціханоўскай Zerkalo.io. Ніжэй – кароткі пераказ, дакладныя цытаты ў двукоссі.

Ці ёсць межы ў беларуска-расейскай інтэграцыі?

Лукашэнка: «Няма ніякіх межаў», але да адзінай валюты яшчэ не дайшлі, і расейскі рубель не мае быць адзінай валютай.

Ціханоўская: Мяжа інтэграцыі – суверэнітэт. «Беларусі выгадныя добрыя стасункі з рознымі краінамі», але «ёсць розніца між супрацай і залежнасцю».

У Беларусь варта вяртаць ядравую зброю?

Лукашэнка: Калі амерыканскія ядравыя боегалоўкі з’явяцца ў Польшчы, «я прапаную Пуціну вярнуць ядравую зброю ў Беларусь».

Ціханоўская: «Я ўжо казала, што цяперашняму так званаму кіраўніцтву нельга даверыць нават запалкі, не што ядравая зброя».

ВІДЭА
Чым NATO адкажа Аляксандру Лукашэнку і Уладзіміру Пуціну?
2021.12.04 14:35

Ці спыняць Беларусі транзіт расейскіх энерганосьбітаў у Еўразвяз?

Лукашэнка: «Калі мяне будуць душыць палякі ці яшчэ нейкія там, я буду глядзець на нейкія кантракты? Кіньце вы, пра што вы гаворыце».

Ціханоўская: Польшча можа закрыць мяжу з Беларуссю, калі з боку Беларусі працягнуцца спробы штурму мігрантамі ці кімсьці яшчэ, «гэта нармальная рэакцыя». Пагроза перакрыць транзіт энерганосьбітаў з беларускага боку – «не найлепшы шлях» паказаць, што стабілізавалі сітуацыю, разабраліся з крызісам і гатовыя да дыялогу.

На чыім баку будзе Беларусь у вайне Расеі з Украінай?

Лукашэнка: «Палітычна мы будзем з Расеяй», «я буду з тымі, хто хоча ўратаваць Украіну і не ператварыць яе ў гарно агрэсіі», ніколі не на баку «таго нацыяналістычнага ўгару, які сёння адбываецца ва Украіне».

Ціханоўская: Для Беларусі прыярытэт – «рашаць свае праблемы, а не ўдзельнічаць у канфліктах з іншымі краінамі». Пазіцыя да Украіны: «гвалтоўнае змяненне межаў дзяржаваў непрымальнае», «мы асуджаем любыя спробы захапіць чужыя тэрыторыі».

Hавiны
Замежныя СМІ са спасылкай на разведку ЗША: Расея рыхтуецца ўварвацца ва Украіну
2021.12.04 19:46

Ці трэба Беларусі ўзмацняць проціпаветраную абарону?

Лукашэнка: Межы Беларусі цалкам пакрытыя проціпаветранай абаронай, але «каб быць эфектыўнымі супраць ракетнага нападу, нам трэба якраз С-400, а можа, і С-500», і расейскія С-400 ужо паставілі ў створаны Расеяй навучальны цэнтр.

Ціханоўская: «Гэта чарговая спроба адцягнуць увагу ад рэальнай прычыны беларускага крызісу», бо «адзіны, ад каго цяпер даводзіцца абараняцца нашаму народу», гэта Лукашэнка.

Чый Крым?

Лукашэнка: Дэ-юрэ і дэ-факта расейскі.

Ціханоўская: Дэ-факта кантраляваны Расеяй, дэ-юрэ ўкраінскі і мусіць застацца ўкраінскім.

Hавiны
Навошта Лукашэнка прызнаў Крым расейскім? Што пішуць у Беларусі, Украіне і Расеі
2021.12.02 01:59

Што з рэферэндумам?

Лукашэнка: Праект абнаўлення Канстытуцыі «у мяне на стале, цяпер я сяджу і гляджу», цягам месяца апублікуюць. У 20-х днях лютага 2022 года будзе рэферэндум, «калі не пачнецца вайна» і калі не будзе ўведзенае надзвычайнае становішча.

Ціханоўская: Гэты рэжым не мае права прызначаць «рэферэндум» (гэта важна пісаць у двукоссі!), праект Канстытуцыі пішуць таемна, і «рэферэндум» не вырашыць ніводнай праблемы Беларусі, «не дае людзям права выбару і не можа вывесці краіну з крызісу». Але ім можна карыстацца, бо «любая грамадзянская актыўнасць успрымаецца рэжымам як рэальная пагроза». Пазіцыя дэмакратычных сілаў – зрабіць «рэферэндум» несапраўдным.

Датэрміновыя прэзідэнцкія выбары будуць?

Лукашэнка: Пасля змены Канстытуцыі будуць новыя выбары ўсіх органаў улады: парламенцкія, прэзідэнцкія і ва Усебеларускі сход. Да прэзідэнцкіх яшчэ, паводле раскладу, 3-4 гады, але «магчыма, будуць і датэрміновыя», калі Лукашэнка сам так вырашыць або калі гэта будзе замацавана ў пераходных палажэннях Канстытуцыі.

Ціханоўская: Спачатку спыненне гвалту і вызваленне палітвязняў, пасля – новыя выбары. Без першых двух пунктаў новыя выбары не будуць законнымі, бо ў іх не змогуць узяць удзел тыя, хто мае на гэта поўнае права.

Hавiны
Улады зрабілі апытанне пра рэферэндум, пра які нічога невядома. Плануюць яшчэ адно. Навошта?
2021.12.03 10:19

АА belsat.eu

Стужка навінаў