Махляры скрэатывілі: дзяўчына з сэрвісу знаёмстваў запрашае на фальшывае камедыйнае шоў


Чытач «Белсату» сутыкнуўся з нетыповым спосабам выманьвання грошай: у Tinder пазнаёміўся з дзяўчынай, якая прапанавала купіць квіткі на камедыйнае шоў. Сайт выклікаў у чытача падазрэнні, а махляры пакрыўдзіліся.

Сайт махляроў
Сайт махляроў. Скрыншот: Standup.by-54.shop

Паводле чытача, суразмоўца з Tinder прапанавала яму схадзіць на стэндап-камедыю і сказала, што ўжо мае квіток – для спаткання яму застаецца толькі купіць квіток для сябе. Скіравала на сайт Standup.by-54.shop. Чытач зразумеў, што сайт махлярскі, але суразмоўцы паведаміў, што квіток купіў. Тая (ці той?) стала пісаць яму, што ён хлусіць, бо месца не выкупленае.

Мы паглядзелі на гэты сайт – ён несумнеўна махлярскі. Кідаецца ў вочы амаль поўная адсутнасць звестак пра выступы і арганізатара, кантактаў для сувязі і рэквізітаў. Няма ні тэлефонаў, ні адрасоў, а толькі кнопка «Напісаць у падтрымку сайту», якая нікуды не вядзе, і кнопка чату, у якім на пытанне аб сапраўднасці выступу не адказваюць. Каб «купіць» квіток, трэба пакінуць нумар тэлефону і E-mail, увесці звесткі банкаўскай карткі проста на сайце махляроў – не праз старонкі банку ці сапраўднага аплатнага сэрвісу.

Пры тым на сайце выкарыстаныя імёны сапраўдных комікаў, якія працуюць у Расеі, і яны амаль штодня «выступаюць» у канцэртнай залі «Віцебск». Ды ў раскладзе канцэртнай залі гэтых выступаў няма, а некаторыя комікі на сваіх старонках анансуюць выступы ў адпаведныя дні ў іншых гарадах: напрыклад, Гурам Амаран 6 кастрычніка выступае не ў Віцебску, а ў Самары; Сяргей Дзяткоў 11-га – не ў Віцебску, а ў Лондане… У «пагадненні карыстальніка» згадваецца, што гэта сайт нібыта ТАА «Небо Рекордс», ды такой кампаніі ў Беларусі проста няма, а расейская кампанія з такой назвай падобных выступаў не ладзіць.

Паводле тэхнічных звестак пра адрас by-54.shop, дамен стварылі 19 верасня 2023 года з Арызоны, што ў Злучаных Штатах. Звестак пра тое, хто купіў такі дамен, няма, але купіць падобны можна за тры долара на першы год.

Што кажуць у міліцыі

Патэлефанавалі ў віцебскую міліцыю. Там перадусім пытаюць, «а вы хто». Настойліва патрабуюць назваць сваё імя, прозвішча, адрас і нумар тэлефона. Магчымасці ананімнага паведамлення няма, пачынаць нейкую праверку прынцыпова адмаўляюцца, калі грамадзянін не хоча раскрываць свае асабовыя звесткі. Дзяжурны заяўляе, што раз грамадзянін не прадстаўляецца, то невядома, якія інтарэсы ў яго пры паведамленні аб махлярах.

Калі ж неананімна паведаміць пра здарэнне, сілавікі абяцаюць распачаць праверку. Што будзе далей – праверка, кантрольная закупка, блакаванне сайта ці нешта іншае – дзяжурны не ведае. Маўляў, не праграміст.

За махлярства сапраўды мусяць караць. Калі шкода фізічнай асобе не перавышае дзвюх базавых велічыняў (74 рублёў на момант публікацыі) ці юрыдычнай асобе – 10 базавых (370 рублёў), паводле арт. 11.1 КаАП РБ могуць аштрафаваць, пакараць грамадскімі працамі ці арыштаваць. Згодна заўвазе 4 у главе 24 КК РБ, махлярства са шкодай фізічнай асобе ўжо звыш дзвюх базавых ці юрыдычнай асобе звыш 10 базавых – ужо крымінальнае злачынства, якое караецца паводле арт. 209 КК РБ. Там да штрафу, арышту і грамадскіх працаў дадаецца варыянт з абмежаваннем і пазбаўленнем волі (максімум – на 10 гадоў).

Каментар
У міліцыянтаў няма інструментаў, каб адшукаць тэлефонных махляроў і вярнуць людзям грошы
2023.07.17 18:53

Прадстаўнік арганізацыі былых беларускіх сілавікоў BELPOL Уладзімір Жыгар раней працаваў у міліцыі і не раз сутыкаўся з тэлефоннымі ашуканцамі. Ён казаў «Белсату», што сілавікі слаба працуюць у гэтым накірунку, не маюць дастатковых інструментаў пошуку такіх махляроў, ды й часцей за ўсё знаходзяцца за межамі Беларусі.

Ды сілавікі рапартуюць, што задачу абароны пенсіянераў ад тэлефонных махляроў выконваюць, з пачатку года колькасць ахвяраў нібыта скарацілася амаль на траціну, і калі летась было амаль дзевяць сотняў афёраў з фальшывымі паведамленнямі аб родзічах, пацярпелых у дарожных здарэннях, то сёлета такіх афераў – адзінкі.

Як яшчэ выманьваюць грошы махляры

Схемаў махлярства – безліч, праз іх у беларусаў выцягваюць мільёны рублёў штогод. Адна з частых схемаў такая: чалавеку тэлефануюць ад імя банку і распавядаюць пра дзіўныя маніпуляцыі на рахунку, выманьваюць звесткі пра рахунак, прапануюць усталяваць махлярскую праграму або наўпрост просяць даць доступ да інтэрнэт-банкінгу.

Маштабы махлярства самыя розныя. Фэйкавы «супрацоўнік Следчага камітэту» сёлета выманіў у менскай пенсіянеркі 1,25 млн рублёў – казаў, хтосьці спрабуе аформіць на яе крэдыт. А нядаўна сілавікі расказвалі, што «супрацоўнік банку» пытаў жыхарку Горадні, колькі грошай на ейным рахунку, і калі пачуў, што тысяча рублёў, стаў пераконваць, што сума надта высокая і незаконная, 500 рублёў трэба перавесці на іншы рахунак.

Агляд
Ад званкоў да пасылак: топ-5 відаў махлярства, ці Як не трапіць на вуду ашуканцаў
2023.04.29 14:06

Недастаткова проста не верыць «банкаўскім супрацоўнікам». SMS з просьбай «перазвані мне» можа весці на нумар з падвышаным тарыфам. Фальшывым можа аказацца абяцанне выплатаў на дзяцей,  сайт аплаты камунальных паслугаў, акцыя ў «Еўраопце», прапанова аплаціць нечаканую пасылку або абвестка аб продажы мэблі ў Instagram… Таксама частая схема махлярства – рамантычная перапіска, у якой суразмоўца праз кароткі час ужо хоча прыляцець на спатканне і нават пабрацца шлюбам, толькі вось не хапае 1000 долараў на квіток на самалёт. Нават прыстойнага выгляду чалавек, які на вуліцы просіць дапамогі, бо нібыта не хапае 14 рублёў на праезд, можа аказацца махляром.

Адметна, што са з’яўленнем сэрвісаў перакладаў на замежныя мовы махляры ўсё часцей пішуць па-беларуску, хай і з памылкамі. Уявіце, адвакат памерлага малайзійскага прынца ці банкір турэцкага мільярдэра піша вам у Facebook ці Viber пра вашую спадчыну на вашай роднай мове, тады як ад беларускіх банкаў абслугоўванне па-беларуску – хутчэй прыемная неспадзяванка. Праўда, вывучаць замежныя мовы да размоўнага ўзроўню гатовыя далёка не ўсе махляры: мігрантам з Польшчы нярэдка тэлефануюць расейскамоўныя ці ўкраінскамоўныя «супрацоўнікі польскага банку».

Што рабіць? Правяраць, хто просіць грошы і куды яны пойдуць. Калі тэлефануюць «з банку», то падзякаваць і самастойна ператэлефанаваць у адпаведны банк па кантактах з афіцыйнага сайту ці афіцыйнай мабільнай праграмы. Калі тэлефануе «следчы» ці «дзяржкантроль» – звярнуцца адпаведна ў Следчы камітэт ці Камітэт дзяржаўнага кантролю. Калі незнаёмы сайт прапануе ўвесці звесткі банкаўскай карткі, пашукаць праз інтэрнэт, што за адрас у старонкі і ці сапраўды гэта не махлярскі сэрвіс (і ці няма «апіскі» ў адрасе сайта – кшталту Peypal ці Paypa1 замест Paypal).

З віртуальнымі махлярамі, канешне, можна павесяліцца: папрасіць «супрацоўніка банку» ці «юрыста вашага стрыечнага дзеда, арабскага шэйха» прадставіць нейкія доказы або раскрыць свае асабовыя звесткі. А калі хочацца дапамагчы чалавеку на вуліцы, які просіць грошай на квіток? Можна і дапамагчы: дык давай разам купім, я даплачу! Калі гэта махляр, то яму яшчэ давядзецца папрацаваць, каб прадаць непатрэбны квіток і атрымаць грошы. Не кожны на такое пойдзе.

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў