Ад званкоў да пасылак: топ-5 відаў махлярства, ці Як не трапіць на вуду ашуканцаў


Толькі тэлефонныя аферысты цягам апошняга года выцягнулі з беларусаў больш за 4 мільёны долараў. Адно тэлефанаванне – і людзі гатовыя аддаваць свае апошнія грошы. Распавядаем, якія спосабы махлярства цяпер самыя распаўсюджаныя і што рабіць, каб не застацца з пустой кішэняй.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Freepik

Не звані мне, не звані

Бадай, самая распаўсюджаная і простая форма махлярства – праз тэлефон. Напрыклад, вам тэлефануюць нібыта з банку і просяць даць звесткі свайго рахунку, каб разблакаваць картку. Ці ўсхваляваным голасам вам паведамляюць, што ваш блізкі чалавек трапіў у аварыю і неабходна тэрмінова перавесці для яго грошы. Нягледзячы на сотні такіх выпадкаў, людзі да гэтай пары трапляюцца на вуду махляроў.

Прывядзем адзін з апошніх яскравых прыкладаў. 14 лютага 2023 года 31-гадоваму жыхару Пінску ў мэсэнджары патэлефанаваў мужчына. Ён назваўся начальнікам службы бяспекі банку і падчас размовы сказаў, што пашпартныя звесткі суразмоўцы трапілі ў сетку і зламыснікі спрабуюць атрымаць крэдыты на ягонае імя. Каб адмяніць незаконныя аперацыі, мужчыну трэба самастойна атрымаць у банках крэдыты, пасля чаго перавесці грошы на пэўны рахунак. Пінчук паверыў махляру і ўзяў чатыры крэдыты на 55 тысяч рублёў, якія затым перавёў на ўказаны рахунак. Цяпер ён выплачвае ўзносы за крэдыты, якія ў разы перавышаюць ягоны месячны заробак.

Якія яшчэ формы прымае тэлефоннае махлярства?

«Вы атрымалі прыз». Вам на тэлефон прыходзіць SMS-паведамленне аб тым, што ваш нумар атрымаў каштоўны прыз – аўтамабіль або дарагую электронную тэхніку ці грошы. Таксама гэта могуць быць званкі ад імя вядомай радыёстанцыі або рэкламнай кампаніі, якая разгульвае дарагую іншамарку, ноўтбук самай апошняй версіі. Ад асобы арганізатара ашуканцы просяць перавесці на рахункі іх мабільных тэлефонаў або мабільных кашалькоў у інтэрнэце падаходны падатак з выйгранкі памеры 13 % або аплаціць нейкую пэўную суму падатку на ўказаны рахунак.

«Вам належыць кампенсацыя». Такое махлярства часта здзяйсняецца ў дачыненні пенсіянераў, якія часта набываюць праз сеткавы маркетынг розныя прэпараты, біядабаўкі, апараты «ад усіх хваробаў», прапанаваныя па значнай цане пад выглядам медычных. Ашуканцы падчас гутаркі высвятляюць, ці набывалі вы які-небудзь тавар са сферы сеткавага маркетынгу, ці дапамог ён вам. Калі высвятляецца, што не, то, абяцаючы велізарныя кампенсацыі, ашуканцы імкнуцца любымі спосабамі вытрасці з вас грошы.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Freepik

«Набыццё аўтамабіля праз інтэрнэт». Махляры размяшчаюць на афіцыйных сайтах аб’явы аб продажы аўтамабіля па заніжаным кошце, спасылаючыся на абʼектыўныя прычыны названай цаны, прыводзяць апісанне аўтамабіля і кантактны абаненцкі нумар. Падчас размовы абумоўліваюцца ўмовы разліку за аўтамабіль, пры гэтым ашуканец просіць перадаплату і паведамляе разліковы рахунак, на які неабходна перавесці грашовыя сродкі.

«Ваша банкаўская карта заблакаваная». Вам тэлефануе невядомы абанент або прыходзіць SMS аб тым, што ваша банкаўская карта заблакаваная. Калі вы пачынаеце камунікацыю праз указаны ў SMS нумар, вам называюцца службай бяспекі банку з заявай, што ў мэтах захаванасці сродкаў карта была заблакаваная, і просяць здзейсніць нейкія дзеянні для пераводу наяўных сродкаў на нумар мабільнага тэлефона або падысці да банкамата/тэрмінала і набраць пэўны набор лічбаў, нібыта пароль для зняцця блакавання. Насамрэч адбываецца перавод грошай з карты кліента.

«Мы правяраем вашу мабільную лінію». Вы атрымліваеце тэлефонны званок на свой мабільны тэлефон ад чалавека, які называецца інжынерам правайдара мабільнай сувязі. Ён кажа, што яны правяраюць вашу мабільную лінію, і просіць вас націснуць нейкую камбінацыю лічбаў і сімвалаў. Ні ў якім разе не рабіце гэтага – інакш яны могуць атрымаць доступ да вашай SIM-карты і будуць мець магчымасць рабіць званкі за ваш кошт. Трэба неадкладна скончыць гэтую размову, націснуўшы клавішу адбою.

Мадэрнізацыя даўно вядомых махлярстваў 

Раней вядомыя спосабы ашуканцы мадэрнізуюць, і зʼяўляюцца новыя разнавіднасці старых спосабаў.

«Сакрэтныя тэхналогіі» бясплатнага выкарыстання мабільнай сувязі. На сайтах-аднадзёнках зламыснікі называюцца працаўнікамі сотавых кампаніяў, якім нібыта вядомыя «сакрэтныя тэхналогіі» настройкі тэлефона для бясплатнага выкарыстання любых паслуг аператара. Атрымаць «інструкцыю» можна за 10–20 долараў.

«Ператэлефануй мне». З невядомага нумара паступае званок ці паведамленне з просьбай ператэлефанаваць ці больш інтрыгоўнага зместу – ператэлефанаваць і пазнаёміцца з сімпатычнай дзяўчынай або сімпатычным маладым чалавекам. Як правіла, званкі на такія нумары тарыфікуюцца па спецыяльных завышаных тарыфах, а на іншым канцы ніякага абяцанага знаёмага ці новага знаёмства няма.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

«Падключы новы выгадны тарыф/паслугу за невялікую плату!» У гэтым выпадку абанентам рассылаецца SMS-паведамленне ад імя сотавай кампаніі з прапановай узяць удзел у конкурсе тыпу «Патэлефануй на гэты нумар і атрымай на свой рахунак $ 3», перайсці на новы «бясплатны тарыф» за невялікую плату або пералічыць грошы са свайго рахунку за пераход на новую «тэхналагічную платформу» і гэтак далей. Званкі на такія кароткія нумары каштуюць даражэй за абяцаны «прыз». Што да пераходу на «новыя тарыфы» і «новыя частоты», то тут ашуканцы прапануюць набраць на тэлефоне код віду «*112*ХХХХХХХХХХ*ZZ#», дзе ХХХХХХХХХХ – нумар рахунку ашуканцаў. Магчымасць папаўнення балансу іншага абанента прадугледжаная ў большасці аператараў – акурат гэтае дзеянне і рэалізуюць махляры, а вашы грошы ідуць на чужы рахунак.

Крадзеж грошай з карткі

У 2022 годзе ў Беларусі вырасла колькасць спробаў ашуканцаў скрасці грошы з картак. Пра гэта гаворыцца ў справаздачы Банкаўскага працэсінгавага цэнтру.

У мінулым годзе ў Беларусі выявілі на 14 % больш выпадкаў махлярства з банкаўскімі карткамі. Пры гэтым агульная сума грошай такіх падманных аперацыяў паменшылася на 15 %, а сярэдняя сума кожнай з іх склала каля 42 долараў.

«Шмат якія схемы махлярства 2022 года не былі новымі, пры гэтым яны перайначыліся і падладзіліся пад актуальную сітуацыю ў свеце, а новыя тэхналогіі пацягнулі за сабой і новыя ідэі ашуканцаў, накіраваныя на крадзеж грашовых сродкаў», – гаворыцца ў аналізе Банкаўскага працэсінгавага цэнтру.

У 2022 годзе ў 2,7 разу вырасла колькасць спробаў скрасці грошы з выкарыстаннем падробленых картак. У 1,2 разу пабольшала выпадкаў махлярства шляхам выманьвання ў людзей звестак падманным шляхам.

Часцей за ўсё ахвярамі ашуканцаў станавіліся жанчыны – у 57 % выпадкаў. Пятая частка ўсіх, хто сутыкнуўся з такімі злачынствамі, жылі ў Менску. Больш за 65 % пацярпелых – гэта людзі ва ўзросце 18–44 гадоў.

Паритетбанк, банкомат, белорусские банки, деньги, сбережения, финансы
Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Удвая павялічылася колькасць злачынстваў, звязаных з сістэмай эквайрынгу (безнаяўных плацяжоў праз карты або праз бескантактавую сістэму з выкарыстаннем POS-тэрміналаў). Палова такіх злачынстваў датычыла аплаты без карткі. Траціну складалі аперацыі па выкрадзеных картках. Пры гэтым колькасць паспяховых злачынстваў такога віду вырасла ў 1,8 разу, а сярэдняя сума адной аперацыі склала 84 долары. Чвэрць такіх аперацыяў ашуканцы праводзілі ў харчовых крамах, 16 % – у барах і рэстаранах. У мінулым годзе колькасць ашуканскіх аперацыяў без выкарыстання карткі вырасла ў два разы.

Аплата камунальных паслуг

У пачатку гэтага года ў Беларусі зʼявіўся новы від махлярства. Ён звязаны з аплатай камунальных паслуг праз фішынгавыя сайты, якія імітуюць інтэрнэт-рэсурсы банкаў. Раней камунальнымі паслугамі зламыснікі не цікавіліся.

Пацярпелыя не выкарыстоўвалі мабільных праграмаў сваіх банкаў, а пераходзілі праз спасылкі з інтэрнэт-пошуку. У выніку яны траплялі на фішынгавыя рэсурсы, якія імітуюць афіцыйныя сайты банкаў. Пасля ўводу звестак карты ўсе наяўныя на ёй грошы спісваліся ашуканцамі. Так, напрыклад, двое менчукоў заплацілі за камуналку 7,5 тысяч рублёў. Яны хацелі аплаціць камунальныя паслугі онлайн. Для гэтага яны ў браўзеры ўводзілі запыт «інтэрнэт-банкінг» і пераходзілі на першую спасылку, якая зʼяўлялася ў пашукавіку. Старонкі выглядалі гэтак жа, як і афіцыйныя сайты банкаў. З гэтай прычыны карыстальнікі без усялякіх сумневаў пакідалі там звесткі для таго, каб увайсці ў асабісты кабінет.

МУС заблакаваў больш за 20 інтэрнэт-рэсурсаў, падобных выглядам да сапраўдных банкаўскіх сайтаў.

Махлярства праз Instagram і іншыя сацсеткі

У Беларусі з пачатку 2023 года зарэгістравана больш за 700 выпадкаў махлярства праз Instagram. Усё часцей ашуканцы для падману беларусаў выбіраюць гэтую сацсетку. Махляры размяшчаюць у Instagram падробленыя старонкі для продажу, да прыкладу, адзення, тэхнікі або мэблі. Для таго каб паказаць вядзенне буйнога бізнесу, яны запаўняюць старонку фота, узятымі з інтэрнэту. Для выгляду накручваюць падпісчыкаў і публікуюць прыдуманыя водгукі. Людзей прыцягвае цана, якую ашуканцы часцяком робяць ніжэйшаю за рынкавую. Не ацэньваючы сітуацыі, беларусы пераводзяць частку сумы ці ўсю за рэч, якую хочуць набыць. Праз пару дзён, калі прадавец перастае выходзіць на сувязь і выдаляе акаўнт, усведамляюць падман.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Pexels

Пасылкі ад махляроў

Ашуканцы даволі актыўна выкарыстоўваюць падман з паштовымі кірункамі. Словы «вам пасылка – аплаціце накладной платай» павінны адразу ж насцярожыць вас у размове з незнаёмцамі праз тэлефон. Беларусы распавядаюць аб званках ашуканцаў, якія настойліва прапануюць забраць адпраўленні, якіх яны не заказвалі. Махляры кажуць, што на імя адрасата паступіла пасылка, як правіла, ад інтэрнэт-крамы і яе трэба тэрмінова забраць, а таксама зрабіць накладную плату ў аддзяленні пошты.

Як засцерагчыся ад махлярства?

Не верыць староннім людзям, уключаць цвярозы розум і старанна правяраць атрыманую інфармацыю. Пазваніце свайму сваяку і даведайцеся, ці сапраўды ён трапіў у аварыю. Патэлефануйце ў свой банк і высветліце падрабязнасці. Часта самі банкі рассылаюць кліентам папярэджанні аб тым, што ніколі самі не просяць паведаміць банкаўскіх звестак праз тэлефон. Нідзе не пакідайце звестак сваіх рахункаў і пашпарту, выкарыстоўвайце толькі афіцыйныя банкаўскія праграмы. Памятайце, ашуканец – гэта заўсёды актор, які вельмі ўмела гуляе ролю добрапрыстойнага чалавека. Каб увайсці ў давер да сваёй ахвяры, ён выкарыстоўвае багаты набор выдумак і пастак. Не будзьце занадта даверлівыя да незнаёмых ці малазнаёмых людзей.

Саша Гоман belsat.eu

Стужка навінаў