Паўла Севярынца не адпусцілі на пахаванне бацькі


Павел Севярынец на судзе.
Фота: radiosvaboda / Telegram

Палітыку і палітвязню дазволілі патэлефанаваць маці адразу, як паведамілі пра смерць бацькі, але на пахаванне ён не прыедзе, паведаміла жонка зняволенага Вольга Севярынец у «Фэйсбуку».

«Мы разумелі, што Паўла на пахаванне, хутчэй за ўсё, ніхто не адпусціць, але не спрабаваць не маглі. Мы звярнуліся да хрысціянскіх іерархаў, хтосьці адразу ж адгукнуўся і стараўся дапамагчы, хтосьці сказаў, што дапамагчы не зможа. Я бачыла, што сябры пісалі запыты ў калонію, каб Пашу адпусцілі. Бачыла, што выказваліся дыпламаты. Мы кожнаму вельмі ўдзячныя. Мы зрабілі, што маглі. Пашу сказалі, што тата памёр, днём у пятніцу і адразу ж далі патэлефанаваць матулі. Ён напісаў заяву на выезд, тэарэтычна такая магчымасць у зняволенага ў калоніі ёсць, але дазвол яму не далі, сказалі, што цяжкі артыкул. Паша агаломшаны. Буду ўдзячная, калі зможаце падтрымаць яго лістамі. Дзякуем усім за падтрымку. Вельмі сумуем па нашаму Канстанціну Паўлавічу. Вечны яму супакой», – напісала яна.

У пятніцу раніцай стала вядома пра смерць у Віцебску бацькі Паўла Севярынца спадара Канстанціна, які памёр ад наступстваў каронавіруса. У суботу ва Унорыцы, што ў Рэчыцкім раёне, на ягонай радзіме, прайшло пахаванне. Паўла Севярынца развітацца з бацькам не адпусцілі.

Падтрымаць зняволенага можна, даслаўшы лісты на адрас: ПК № 17, атрад 17, вул. 1-я Заводская, 8, 213004, г. Шклоў.

Павел Севярынец быў затрыманы 7 чэрвеня 2020 года пасля пікету на Камароўцы. 25 траўня ў Магілёўскім абласным судзе – яго судзілі з шасцю іншымі палітвязнямі – быў прыгавораны да 7 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Hавiны
Памёр бацька Паўла Севярынца
2021.10.01 10:11

МГМ, belsat.eu

Стужка навінаў