Палітычны крызіс у Беларусі, які распачаўся з 9 жніўня мінулага году працягваецца ў Беларусі ўжо 421 дзень. Грамадзяне краіны патрабуюць спынення рэпрэсіяў, адстаўкі Лукашэнкі і прыцягненне да адказнасці вінаватых у гвалце і фальсіфікацыях. «Белсат» падводзіць вынікі гэтага дня.
Рэдкалегія «Камсамолкі» выступіла з афіцыйным паведамленнем пра тое, што выданне спыніць сваю працу ў Беларусі.
«Пасля аналізу падзеяў апошняга году і асабліва апошняга тыдня, «Комсомольская правда» прыняла рашэнне зачыніць сваё прадстаўніцтва ў Менску ЗАТ «БелКП-ПРЕСС», – гаворыцца ў паведамленні.
Сілавікі прыйшлі да праваабаронцы Таццяны Равякі. Крыніцы паведамілі «Белсату», што ў яе доме адбываецца ператрус.
Пасля ператрусу, падчас якога забралі яе тэлефон і кампутар, Таццяну адвезлі на допыт. Цяпер праваабаронца на волі. Яна праходзіць сведкай па крымінальнай справе і знаходзіцца пад падпіскай аб неразгалошванні.
Сілавікі наведаліся ў рэдакцыю выдання «Ганцавіцкі час». Міліцыянты забралі ўсю тэхніку, а таксама мабільныя тэлефоны ў працаўнікоў выдання.
Праваабарончая супольнасць Беларусі прызнала палітвязнямі Віктара Прусава, Канстанціна Міхальцова, Арсенія Шчарбініна, Мікіту Фільчука, Паўла Камінскага і Андрэя Навіцкага.
Гэтых асобаў асудзілі за ўдзел у масавых акцыях, але праваабаронцы лічаць судовы выракі ў дачыненні да іх – палітычнаматываванымі.
Праваабаронцы патрабуюць неадкладнага вызвалення палітычных вязняў.
Палітыку і палітвязню дазволілі патэлефанаваць маці адразу, як паведамілі пра смерць бацькі, але на пахаванне ён не прыедзе, паведаміла жонка зняволенага Вольга Севярынец у «Фэйсбуку».
Пра дату пахавання Андрэя Зельцара, забітага сілавікамі праграміста, паведаміў сузаснавальнік фонду «BySol» Андрэй Стрыжак на сваёй старонцы.
Месца, дзе пахаваюць Зельцара, не ўдакладняецца.
28 верасня супрацоўнік КДБ Дзмітрый Федасюк з іншымі сілавікамі выламалі дзверы і ўварваліся ў кватэру Андрэя Зельцара на вуліцы Якубоўскага ў Менску. Гаспадар кватэры смяротна параніў супрацоўніка КДБ і быў застрэлены.
Падчас слуханняў у Еўрапарламенце перад дэпутатамі выступіла ўпаўнаважаная ва ўнутраных справах еўракамісарка Ільва Югансан, якая звярнула ўвагу на міграцыйны крызіс. Паводле яе, праблему штучна стварыў рэжым Лукашэнкі.
Таксама Ільва Югансан адзначыла, што праз год пасля выбараў сітуацыя ў Беларусі застаецца складанай. Улады пераследуюць СМІ, праваабаронцаў, грамадзянскую супольнасць. Яна нагадала пра прысуды Марыі Калеснікавай і Максіму Знаку, пра павелічэнне колькасці палітвязняў, якіх ужо больш за 700.
Улады пачынаюць прызнаваць, што ў краіне ёсць праблемы з захворваннем на COVID. На гэта звярнуў увагу кіраўнік берасцейскага гарвыканкаму Аляксандр Рагачук.
У Варшаве 8 кастрычніка распачнецца 37-ы Варшаўскі кінафестываль. Упершыню на такім прэстыжным фэсце возьме ўдзел фільм «Белсату». Стужку «Калі кветкі не маўчаць» стварыў рэжысёр Андрэй Куціла.
СК belsat.eu