Расейскі пілот Максім Кузьмінаў атрымае ад Украіны 500 тысяч долараў за тое, што 9 жніўня перагнаў верталёт Мі-8 ва Украіну ў рамках спецаперацыі Галоўнага ўпраўлення разведкі Мінабароны. Таксама яму зробяць новыя дакументы.
28-гадовы расейскі пілот, капітан Максім Кузьмінаў расказаў, што сам звязаўся з украінскімі разведчыкамі, таму што не хацеў прымаць удзел у ваенных злачынствах. Планаванне спецаперацыі пад кодавай назвай «Синиця» доўжылася каля шасці месяцаў.
Маршрут пералёту і «калідор» для яго былі ўжо гатовыя. У азначаную кропку пілот ляцеў на мінімальнай вышыні і ў рэжыме радыёмаўчання. Усе магчымыя зыходы спецаперацыі былі абумоўлены загадзя.
Самы спрыяльны маршрут пералёту аказаўся з Курска. «Гэта было і блізка, і не было яшчэ фактараў, якія б моцна перашкаджалі майму пералёту», – сказаў Кузьмінаў. Ва Украіне верталёт Мі-8 прызямліўся на аэрадром у Харкаўскай вобласці.
Усю сям’ю Максіма ўжо вывезлі з Расеі.
Кіраўнік ГУР Кірыл Буданаў сказаў, што прызямленне расейскага верталёта Мі-8 на ўкраінскім аэрадроме – гэта адна з самых паспяховых спецаперацый ведамства за ўсю гісторыю Украіны.
За баявы верталёт ці карабель 3-га і 4-га рангаў Украіна абяцае расейцам паўмільёна долараў, за баявы самалёт або карабель 1-га і 2-га рангаў – мільён, за танк ці самаходную артылерыйскую сістэму – 100 тысяч долараў, за бронемашыну пяхоты або бронетранспарцёр – 50 тысячаў, за рэактыўныя сістэмы залпавага агню – ад 25 да 35 тысяч долараў, за шэраг іншай тэхнікі – 10 тысячаў.
Алена Рувіна belsat.eu