Папа заявіў, што дрэнна сфармуляваў думкі, кажучы пра вялікую «Расею-матухну»


Папа Рымскі Францішак прызнаў 4 верасня, што дрэнна сфармуляваў свае нядаўнія думкі пра Расею, якія ва Украіне расцанілі як пахвалу імперыялізму. Пра гэта ён заявіў журналістам на борце самалёта, вяртаючыся з візіту ў Манголію, перадае Reuters.

Папа Францішак 4 верасня.
Фота: vaticannews.va

«Я не думаў пра імперыялізм, калі казаў гэта», – заявіў Францішак пра свае каментары адносна Расеі.

Паводле пантыфіка, кажучы пра вялікую Расею, ён «меў на ўвазе не столькі геаграфію, колькі культуру». Францішак прызнаўся, што Фёдар Дастаеўскі – адзін з ягоных улюбёных аўтараў. Але, дадаў ён, гэта быў не найлепшы спосаб выказацца.

«Гэта быў спантанны каментар, які прыйшоў мне на розум, бо я вывучаў яе [расейскую гісторыю] у школе», – тлумачыў ён, чаму згадаў Пятра І і Кацярыну ІІ.

На думку пантыфіка, расейскай культуры не трэба скасоўваць, хоць «у Расеі былі змрочныя палітычныя гады, але спадчына ёсць, яна даступная ўсім».

Аналітыка
Папа паверыў у расейскі міф. Што стаіць за словамі Францішка пра «Матухну Расею»
2023.08.29 19:16

25 жніўня Папа Францішак падчас тэлемосту звярнуўся да расейскай каталіцкай моладзі, што сабралася ў адным з касцёлаў Санкт-Пецярбургу:

«Вы спадкаемцы вялікай Расеі – вялікай Расеі святых, кіраўнікоў, вялікай Расеі Пятра I, Кацярыны II, той імперыі – вялікай, асвечанай, [краіны] вялікай культуры і вялікай чалавечнасці. Ніколі не адмаўляйцеся ад гэтай спадчыны, вы спадчыннікі вялікай Расеі-матухны, ідзіце наперад з гэтым».

Аднак гэтыя заявы са станоўчаю згадкаю Расейскай імперыі ды яе кіраўнікоў, даволі спрэчных для жыхароў Усходняй Еўропы, выклікалі крытыку ў бок Папы.

«Вельмі сумна, што расейскія вялікадзяржаўныя ідэі, якія ўласна і ёсць прычынаю хранічнай агрэсіўнасці Расеі, свядома ці неўсвядомлена, гучаць з вуснаў Папы Рымскага, місія якога, у нашым разуменні, складаецца менавіта ў тым, каб расплюшчыць вочы расейскай моладзі на дэструктыўны курс цяперашняга кіраўніцтва РФ», – падкрэсліў прэс-сакратар украінскага МЗС Алег Ніколенка.

Свае заявы зрабілі і лідары ўкраінскіх каталікоў.

Hавiны
Папа Рымскі назваў пастаўкі зброі ва Украіну маральна прымальнымі для самаабароны
2022.09.16 09:17

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў