Перадача «Вусы Скарыны» атрымала ўзнагароду ў конкурсе БАЖ


Цімох Акудовіч і каманда перадачы «Вусы Скарыны» атрымалі дыплом II ступені ў конкурсе для журналістаў «Гістарычная памяць у беларускіх медыя», які праводзіўся «Беларускай асацыяцыяй журналістаў».

Перадача выходзіць на канале Белсат History і расказвае пра знакавых асобаў з беларускай мінуўшчыны, цікавыя гістарычныя падзеі і іх уплыў на далейшае развіццё нашай краіны.

У гэтым сезоне пабачыла свет 35 выданняў праграмы, якія былі прысвечаныя разнастайным старонкам з гісторыі Беларусі. Сярод іх перадачы пра Усяслава Чарадзея, Трэці Статут ВКЛ, Дзеда Талаша і іншыя. Згадваюцца таксама і малавядомыя факты і імёны – швейцарцы на Бярэзіне, менскія прывіды, асоба Васіля Купрэвіча і інш.

Вядоўца праграмы Цімох Акудовіч у даступнай форме выкладае цікавосткі нашай гісторыі, а дапамагаюць яму зрабіць размову непрымушанай і дасціпнай прывабныя памочнікі-коцікі. Кожная тэма мае сваё падсумаванне, якое вельмі арганічна кладзецца на беларускую рэчаіснасць.

У пяцёрку найбольш папулярных выданняў «Вусы Скарыны» ўваходзяць перадачы пра старажытнага полацкага князя Рагвалода, першадрукара Францыска Скарыну, княгіню Соф’ю Вітаўтаўну, якая стала жонкай маскоўскага князя, легендарную Барбару Радзівіл і Канстытуцыю 3 Мая, прынятую ў 1791 годзе.

Далучыцца да прагляду выпускаў «Вусы Скарыны» можна па спасылцы.

РШ belsat.eu

Стужка навінаў