Соф’я Вітаўтаўна. Вялікая дачка вялікага бацькі


Соф’я Вітаўтаўна стала вялікай княжной Маскоўскага княства, якое перадала пад заступніцтва Вітаўта, здолела ўратаваць трон для свайго сына Васіля ІІ, а ў 80 гадоў кіравала абаронаю Масквы ад татараў. Хто яна, адна з найвялікшых кіраўніц у гісторыі Расеі?

Соф’я нарадзілася каля 1371 года і мела цяжкае дзяцінства, што супала з часам барацьбы Гедзімінавічаў за ўладу. На загад ейнага дзядзькі Ягайлы быў задушаны ейны дзядуля Кейстут. І такі ж лёс ледзь не напаткаў ейнага бацьку Вітаўта. У сувязі з гэтым Соф’я разам з сям’ёю ўвесь час мусіла жыць у адчуванні страху за ўласнае жыццё. Ейныя раннія гады прайшлі ў безупынных раз’ездах, у час аднаго з якіх яна ў Луцку пазнаёмілася з сынам вялікага князя маскоўскага Дзмітрыя Данскога, Васілём, які здолеў збегчы з палону ў Залатой Ардзе.

Вітаўт скарыстаў магчымасць і прапанаваў Васілю дамовіцца пра шлюб з ягонаю дачкою Соф’яй. І Васіль не забыўся пра абяцанне, калі стаў вялікім князем маскоўскім у 1389 годзе. У выніку ў 1391 годзе Соф’я прыехала ў Маскву і стала вялікай княгіняй. Цягам наступных 35 гадоў яна нарадзіла 9 дзяцей, пры гэтым з пяцярых хлопчыкаў выжыў толькі адзін, які, як і ягоны бацька, меў імя Васіль. Пасля смерці мужа Васіля І Соф’я стала рэгенткаю пры непаўналетнім сыне і фактычнаю кіраўніцаю Масковіі, але з гэтым пагадзіліся далёка не ўсе.

Перад пагрозаю забойства яе і ейных дзяцей Соф’я нават прызнала заступніцтва над Маскоўскім княствам уласнага бацькі Вітаўта, уладара Вялікага Княства Літоўскага.

«Умацаванню Масквы моцна паспрыяла спачатку апека Вітаўтам ягонага зяця ў пачатку XV стагоддзя, а пасля – упартасць і мужнасць Соф’і ў абароне яе сына Васіля II у сярэдзіне XV стагоддзя», – тлумачыць вядоўца праграмы «Вусы Скарыны» Цімох Акудовіч.

Але пасля смерці Вітаўта ў 1430 годзе для Соф’і і ейнай сям’і пачаўся вельмі цяжкі час – гады безупыннай барацьбы за ўладу. І ў гэтай барацьбе Соф’я дамаглася поспеху. Але чаго гэта ёй і ейнаму сыну Васілю ІІ каштавала? Глядзіце ў новым выданні праграмы «Вусы Скарыны» з Цімохам Акудовічам.

Праграму «Вусы Скарыны» глядзіце праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, у архіве на нашай старонцы або на канале YouTube.

Калаж з фота: Belsat; Wikimedia Commons