Украінскія ўдары па расейскіх НПЗ маглі пашкодзіць 15 % магутнасцяў – прадстаўнік NATO


Удары Украіны па расейскіх НПЗ маглі парушыць працу больш як 15 % расейскіх нафтаперапрацоўчых магутнасцяў. Пра гэта распавёў афіцыйны прадстаўнік NATO, піша «Reuters».

Дрон. Украінскія вайскоўцы.
Фота: ok_pivnich1 / Telegram

Апошнімі месяцамі на тэрыторыі Расеі адбываліся атакі па нафтаперапрацоўчых заводах і энергетычных абʼектах. Прычым некаторыя былі вельмі далёка ад лініі фронту. Напрыклад, 2 красавіка беспілотнікі дабраліся да Татарстану, што за 1200 км ад мяжы з Украінай. Адзін з атакаваных абʼектаў – нафтаперапрацоўчы завод у Ніжнякамску.

«З пункту гледжання шкоды, ударамі, імаверна, выведзеныя са строю больш за 10 % расейскіх нафтаперапрацоўчых магутнасцяў, магчыма, больш за 15 %. У залежнасці ад маштабаў шкоды, рамонт можа заняць значны час, – паведаміў чыноўнік NATO журналістам на ўмовах ананімнасці. – Усё менш і менш такіх абʼектаў расейскай энергетыкі, крытычнай інфраструктуры… застаюцца ў бяспецы ад магчымых удараў».

Паводле падлікаў «Reuters», каля 14 % расейскіх нафтаперапрацоўчых магутнасцяў былі спыненыя ў выніку нападаў беспілотнікаў.

Пашкоджаныя расейскія нафтаперапрацоўчыя заводы вернуцца да нармальнай працы да пачатку чэрвеня, паведамляў міністр энергетыкі РФ Мікалай Шульгінаў.

Прадстаўнік NATO таксама распавёў, што, на думку Альянсу, Маскве ўсё яшчэ не стае боепрыпасаў і жывой сілы, каб пачаць паспяховы наступ ва Украіне. Пры гэтым Расея штомесяц прыцягвае каля 30 тысяч асобаў для папаўнення стратаў.

«Хутчэй за ўсё, яны не змогуць правесці колькі-небудзь значную наступальную аперацыю без чарговай маштабнай мабілізацыі», – сказаў чыноўнік, дадаўшы, што Маскве таксама сутыкнецца з праблемай недахопу ўласных боепрыпасаў.

Hавiны
Зяленскі: Расея рыхтуе на чэрвень мабілізацыю 300 тысяч чалавек
2024.04.03 15:46

Апошнімі тыднямі Расея ўзмацніла атакі на цывільную інфраструктуру Украіны. У чацвер беспілотнік нанёс удар па жылых дамах у Харкаве і энергетычным абʼекце ў ваколіцах, забіўшы некалькі асобаў і адключыўшы электрычнасць для 350 тысяч жыхароў.

Са слоў крыніцы з NATO, хутчэй за ўсё Крэмль будзе нарошчваць колькасць такіх удараў, імкнучыся аслабіць патэнцыял супрацьпаветранай абароны Украіны.

У чацвер на сустрэчы міністраў замежных справаў краінаў NATO у Бруселі міністр замежных справаў Украіны Дмытро Кулэба звярнуўся да Альянсу з просьбаю перадаць Укріане існыя сістэмы СПА «Patriot».

Hавiны
Пуцін заявіў, што не плануе нападаць на NATO. Але ж сказаў, што і на Украіну не нападаў
2024.03.28 07:40

Арсен Рудэнка belsat.eu

Стужка навінаў