Пенсіянерку з Берасця судзяць за грашовыя пераводы зняволеным у СІЗА


На 63-гадовую жанчыну з Берасця завялі крымінальную справу за тое, што пераводзіла грошы вязням у СІЗА. Сілавікоў не задаволіла, што ўсе атрымальнікі – нібыта экстрэмісты. Цяпер жанчыну судзяць за спрыянне экстрэмісцкай дзейнасці.

Следчы ізалятар № 1 на вуліцы Валадарскага ў Менску.
Фота: turby.by

Паводле праваабаронцаў, гаворка пра палітзняволеную Наталлю Малец.

Сілавікі паведамляюць, што жанчына да выхаду на пенсію працавала ў адной з ВНУ Менску намесніцаю дырэктара ў выхаваўчай працы, «мела станоўчыя характарыстыкі».

Пасля выхаду на пенсію Малец пакаралі на 1,5 года хатняй «хіміі» нібыта за абразу прадстаўніка ўлады. Потым сілавікі звярнулі ўвагу на жанчыну праз «падазроную актыўнасць у ажыццяўленні грашовых пералічэнняў».

«Ледзь не штодня яна адпраўляла розныя сумы на рахункі грамадзянаў, якія ўтрымліваюцца ў следчых ізалятарах. Здавалася б, жыхарка Берасця з дабрыні душэўнай пераводзіла грошы абвінавачваным, каб тыя маглі палепшыць жыллёва-побытавыя ўмовы, купіць прадукты і кнігі. Але на справе аказалася, што фігурантка пераводзіла грошы выключна асобам, якія ўчынілі злачынствы экстрэмісцкай скіраванасці», – піша СК.

«Экстрэмісцкія» артыкулы сілавікі як правіла выкарыстоўваюць для масавых рэпрэсіяў.

Паводле следства, пенсіянерка зрабіла не менш за 125 паштовых грашовых пераводаў на адрас прынамсі 114 чалавек. Агульная сума пераводаў склала больш за Br 1,5 тысячы.

Таксама Следчы камітэт сцвярджае, што жанчына была ў закрытай «экстрэмісцкай» суполцы ў Facebook. Верагодна, гаворка пра суполку «Письма Солидарности Беларусь 2020».

«Фігурантцы выстаўленае абвінавачванне паводле ч. 1 арт. 361-4 («Спрыянне экстрэмісцкай дзейнасці») Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь. Да яе ўжытая мера стрымання ў выглядзе заключэння пад варту. Расследаванне крымінальнай справы скончанае, матэрыялы перададзеныя пракурору для скіравання ў суд», – піша СК.

Калі гаворка сапраўды пра Наталлю Малец, то яна ў зняволенні з верасня 2023 года.

«Белсату» вядома пра некалькі выпадкаў, калі сілавікі ў Менску выклікалі на допыты людзей і выпытвалі, чаму яны пераводзілі грошы палітвязням.

Каментар
Юрыст Павел Сапелка: Дзяржава настойліва стварае невыносныя ўмовы для палітвязняў
2023.03.31 06:30

Арсен Рудэнка belsat.eu

Стужка навінаў