Чарговыя «содні» для хрысціянскага прапаведніка і суд над зоркай «Што? Дзе? Калі?»


«Белсат» штодзённа адсочвае выпадкі палітычнага ціску, які чыніць у Беларусі рэжым Аляксандра Лукашэнкі. 

15 красавіка ў Гарадзенскім абласным судзе будуць судзіць Фёдара Шведава, колішнюю зорку беларускага «Што? Дзе? Калі?». У 2017-м Фёдар атрымаў Вялікую хрустальную саву як найлепшы гулец сезона. Дата затрымання і дэталі абвінавачання пакуль невядомыя. Вядома, што судзіць яго будуць за «фінансаванне экстрэмізму».

Фёдар Шведаў, гулец беларускага «Што? Дзе? Калі?».
Крыніца: Вясна / Правы чалавека ў Беларусі / Telegram

5 красавіка МУС папоўніла спіс пад назвай «Пералік грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці». Гэтым разам ведамства ўключыла ў яго 28 чалавек.

Суд Гомельскага раёну 2 красавіка прызнаў экстрэмісцкімі сацыяльныя сеткі праекту аматараў цяжкай музыкі «ByMetal». Акрамя таго, спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў была ўнесеная Facebook-старонка «Монтик Иван», TikTok-старонка «YouTube Беларусi», сацсеткі праектаў «Лахвiч» і «Тутэйшы Шляхцiч», а таксама Instagram-старонкі «usual_morningg» і «shkola_videoblogera».

Сёння стала вядома, што беларуса, які адбывае тэрмін на «хіміі» паводле ч.2 арт. 367 КК (паклёп на Лукашэнку), арыштавалі на 15 содняў за падпіску на «Краіну для жыцця».

Хрысціянскі прапаведнік і шматдзетны бацька Сяргей Мельянец, які адбываў пакаранне ў выглядзе 13 содняў, не выйшаў на волю пасля арышту. Стала вядома, што яму дадалі яшчэ 12 содняў. Пакуль прычына ягонага арышту і сутнасць абвінавачанняў невядомыя.

63-гадовую жыхарку Берасця Наталлю Малец будуць судзіць за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці». Следчы камітэт зацікавіла «падазроная актыўнасць жанчыны ў ажыццяўленні грашовых пераводаў». Следчыя ўстанавілі, што яна ажыццявіла не менш за 125 пераводаў 114 беларусам на суму больш за 1,5 тысячы рублёў. Паводле СК, жанчына пераводзіла грошы выключна асобам, якія ўчынілі «злачынствы экстрэмісцкай накіраванасці». Таксама было ўсталявана, што Наталля Малец знаходзілася ў закрытай суполцы ў «Facebook», якая належыць «экстрэмісцкаму фармаванню» (верагодна, «Письма Солидарности Беларусь 2020»). Жанчыне выстаўлена абвінавачанне па ч.1 арт.361-4 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці).

Сілавікі затрымалі былога палітвязня Паўла Чуркіна па падазрэнні ў супрацоўніцтве з ГУР Украіны. Падчас затрымання Чуркін на камеру гаворыць, што нібыта здымаў размяшчэнне «Іскандэраў», каб потым перадаць кадры УСУ. Цяпер Чуркіна падазраюць у здрадзе дзяржаве (артыкул 356 КК). Вядома, што ў 2021 годзе Паўлу прызначылі 1 год пазбаўлення волі за «абразу Лукашэнкі».

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў