Беларусь просіць Харчовую і сельскагаспадарчую арганізацыю ААН асудзіць ЕЗ за санкцыі


Амбасада Беларусі ў Італіі размясціла на сваёй старонцы ў «Facebook» паведамленне, у якім піша пра тое, што ўлады нашай краіны звярнуліся да Харчовай і сельскагаспадарчай арганізацыі ААН (ФАО) з заклікам асудзіць санкцыі, якія могуць быць накладзеныя на Беларусь.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Крыніца: Ambasciata bielorussa in Italia

«У сувязі з планаваным увядзеннем Еўрапейскім звязам новых абмежаванняў на свабодны гандаль харчаваннем, кармамі для жывёл і сыравінай для іх вытворчасці Рэспубліка Беларусь звярнулася да дзяржаваў-чальцоў Харчовай і сельскагаспадарчай арганізацыі Аб’яднаных Нацый (ФАО) з заклікам асудзіць эгаістычную і безадказную санкцыйную палітыку ЕС», – гаворыцца ў паведамленні

Таксама ў паведамленні дадаецца, што абмеркаваць гэтую праблему Беларусь прапанавала на бліжэйшым паседжанні Рады ФАО.

У кампетэнцыі Харчовай і сельскагаспадарчай арганізацыі Абʼяднаных Нацый (ФАО) уваходзіць барацьба з голадам, яна адказвае за харчовую бяспеку і закліканая гарантаваць рэгулярны доступ насельніцтва да высакаякаснага харчавання. Штаб-кватэра арганізацыі знаходзіцца ў Рыме.

22 сакавіка Еўракамісія выступіла з заявай у якой адзначыла, што збіраецца ўвесці падвышаныя пошліны да імпарту з Расеі і Беларусі збожжавых, алейных культур і прадуктаў іх перапрацоўкі. Гэтыя тарыфы настолькі высокія, што яны фактычна стрымліваюць расейскі экспарт у ЕЗ. Паводле Еўракамісіі, Беларусь мае вельмі моцныя палітычныя і эканамічныя сувязі з Расіяй і падтрымлівае ўварванне апошняй ва Украіну, у тым ліку ў ваенным плане. Неўключэнне Беларусі ў прапанаваныя павышаныя тарыфы супраць Расеі можа прывесці да таго, што Расія будзе выкарыстоўваць Беларусь, каб абыйсці тарыфы ЕС і накіроўваць свае тавары на рынак ЕС.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў