Большасць замежных добраахвотнікаў, якія ваююць за Украіну – беларусы


Больш за год пры Галоўным упраўленні выведкі Міністэрства абароны Украіны дзейнічае асобны Інтэрнацыянальны легіён абароны Украіны. Больш паловы жаўнераў у яго складзе – беларусы, паведамляе эксперт Цэнтру беларускіх камунікацыяў Максім Пляшко.

Баец Палка Кастуся Каліноўскага.
Фота: Полк Кастуся Каліноўскага

«Паводле нашай інфармацыі, больш паловы ўсіх чальцоў Інтэрнацыянальнага легіёну – гэта беларусы. Няма ніводнай нацыі, якая так актыўна дапамагае Украіне ў плане добраахвотнікаў, як беларуская», – сказаў Максім Пляшко ў эфіры беларускага радыё «Рацыя».

Паводле эксперта, асаблівасцю беларусаў у складзе ЗСУ з’яўляецца тое, што яны маюць яскравы ідэалагічны і палітычны складнікі. У якасці прыкладу Пляшко прыводзіць Полк ім. К.Каліноўскага, у якога «ёсць ідэалогія і медыйнае прадстаўніцтва: дзейнічае прэс-служба, актыўныя Telegram, You-tube, Instagram каналы, наладжаныя і развіваюцца свае валанцёрская і рэкрутынгавая службы, ёсць навучальныя цэнтры і нават палітычныя прадстаўнікі».

Эксперт перакананы, што «менавіта гэтыя хлопцы» фармуюць альтэрнатыву рэжыму Лукашэнкі, і «Іхныя падраздзяленні ў ЗСУ – аснова будучай арміі новай Беларусі».

«Менавіта таму ідэалагічны падыход беларусаў – правільны. Палякам, грузінам, літоўцам і іншым замежным добраахвотнікам не трэба фармаваць ідэалагічную базу. Яны ўсе – грамадзяне незалежных дзяржаў. Беларусы, наадварот, ваююць і фармуюць уласную нацыянальную ідэнтычнасць», – кажа Максім Пляшко.

«Каліноўцы» і іншыя беларускія добраахвотнікі, паводле эксперта ЦБК, паказваюць, што «беларусы – не тыя, якія ўсё за ўсіх сцерпяць».

«Яны паказваюць, што беларусы – гэта рыцарская нацыя, якая сёння ваюе за свабоду Украіны, а заўтра гатовая змагацца за вольную Беларусь», – рэзюмуе Пляшко.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў