Што трэба ведаць пра механізмы міжнароднага расследавання ваенных злачынстваў


Пасля таго як стала вядома пра разню ў Бучы, улады Украіны заклікалі Міжнародны крымінальны суд ды іншыя міжнародныя структуры накіраваць місіі на Кіеўшчыну, каб сабраць доказы расейскіх ваенных злачынстваў. Спрыяць расследаванню падзеяў у Бучы гатовыя ЕЗ, ЗША і Вялікая Брытанія. Belsat.eu распавядае, як працуюць механізмы міжнародных расследаванняў і ці эфектыўныя яны.

Спадарожнікавыя здымкі, якія сведчаць, што целы людзей былі на вуліцах Бучы яшчэ ў часе перабывання там расейскіх войскаў.
Фота: Maxar Technologies

Пасля поўнамаштабнага расейскага ўварвання ва Украіну разглядам сітуацыі ў зоне канфлікту заняліся дзве міжнародныя структуры: Незалежная міжнародная камісія і Міжнародны крымінальны суд.

Незалежную міжнародную камісію заснавала 4 сакавіка 2022 года Рада правоў чалавека ААН. Былі прызначаныя трое следчых, якія мусяць высветліць факты і абставіны ўсіх парушэнняў правоў чалавека на тэрыторыі Украіны, а таксама сабраць адпаведныя доказы, каб прыцягнуць вінаватых да адказнасці. Аднак судзіць ваенных злачынцаў гэтая камісія не можа. Гэтае права мае Міжнародны крымінальны суд (МКС) у Гаазе, які ў пачатку сакавіка абвесціў збор доказаў ваенных злачынстваў ва Украіне. Прычым МКС мае намер ахапіць перыяд з самага пачатку расейска-ўкраінскага канфлікту – з 2014 года.

Важна разумець: папярэдняе расследаванне не азначае, што вядзецца крымінальная справа. Калі ж справа будзе распачатая і пракурор Міжнароднага крымінальнага суда пастановіць, што ёсць падставы абвінаваціць канкрэтную асобу, то МКС выдасць ордар на арышт.

Што такое Міжнародны крымінальны суд

Расследаванне Міжнароднага крымінальнага суда ў Гаазе на сёння застаецца асноўным механізмам прыцягнення да адказнасці ваенных злачынцаў, якія не могуць быць пакараныя на нацыянальным узроўні.

МКС – вельмі маладая інстытуцыя, заснаваная ў 1998 годзе, а фактычна пачала дзеяць у 2002-м. МКС не ўваходзіць у структуру ААН, але можа распачынаць справу на заданне Рады Бяспекі. У кампетэнцыю суда ўваходзяць чатыры віды злачынстваў: ваенныя, злачынствы супраць чалавечнасці, генацыд і злачынства агрэсіі.

Горад Буча ў Кіеўскай вобласці пасля сыходу расейскіх войскаў. Буча, Украіна. 2 красавіка 2022 года.
Фота: МП / Белсат

Вельмі часта гэтыя тэрміны выкарыстоўваюцца амаль як сінонімы, але насамрэч у міжнародным праве яны выразна падзеленыя. Злачынства агрэсіі – гэта агрэсія адной дзяржавы супраць другой. Ваенныя злачынствы – гэта злачынствы, што адбыліся падчас узброенага канфлікту, могуць быць накіраваныя як супраць вайскоўцаў, так і супраць цывільнага насельніцтва. Злачынствы супраць чалавечнасці могуць адбывацца не толькі ў ваенны, але і ў мірны час: яны прадугледжваюць «шырокамаштабны або сістэматычны напад на любых цывільных асобаў» (забойствы, зняволенне, выкраданні, дэпартацыі, катаванні і г. д.). Напрыклад, палітычны тэрор у Беларусі 2020–2022 гадоў таксама можа быць прызнаны злачынствам супраць чалавечнасці (адпаведны пазоў супраць Аляксандра Лукашэнкі ў МКС накіравалі летась), але ніяк не ваенным злачынствам.

Асобная катэгорыя злачынстваў – гэта генацыд. Пад генацыдам разумеецца масавы гвалт з намерам знішчыць, цалкам або часткова, якую-небудзь нацыянальную, этнічную, расавую або рэлігійную групу. Лічыцца, што даказаць факт генацыду найцяжэй: тут мала высветліць факт масавых забойстваў – трэба даказаць намер знішчэння асобнай групы.

Забітыя мірныя жыхары пасля сыходу расейскіх войскаў на трасе за 20 кіламетраў ад Кіева, Украіна. 2 красавіка 2022 года.
Фота: Белсат

У міжнароднай практыцы апошніх дзесяцігоддзяў адназначна расцэньваліся як генацыд толькі падзеі ў Руандзе ў 1994 годзе: там за тры месяцы былі забітыя больш за мільён прадстаўнікоў народнасці тутсі. Міжнародны трыбунал прызнаў генацыдам таксама разню ў Срэбрэныцы ў 1995 годзе, калі сербскія байцы забілі 8 тысячаў баснійскіх хлопчыкаў і мужчынаў. Аднак не ўсе краіны пагаджаюцца з такою кваліфікацыяй падзеяў у Срэбрэныцы: Расея, напрыклад, заўсёды выступала супраць.

Як кваліфікаваць разню ў Бучы – пытанне адкрытае. Афіцыйны Кіеў і прадстаўнікі міжнароднай супольнасці выкарыстоўвалі ў сваіх заявах розныя фармулёўкі: і ваенныя злачынствы, і злачынствы супраць чалавечнасці, і генацыд. У прыватнасці, пра генацыд казалі прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі і прэзідэнт Іспаніі Пэдра Санчэс. Але канчатковую юрыдычную ацэнку гэтых падзеяў зможа даць толькі суд.

Наколькі МКС эфектыўны?

МКС ствараўся для расследаванняў у сітуацыі беспакаранасці: то бок у тых выпадках, калі дзяржава сама стаіць за гэтымі злачынствамі або не кантралюе часткі сваёй тэрыторыі, дзе злачынствы адбыліся, ці мае настолькі слабую судовую сістэму, што проста не можа забяспечыць правасуддзе. Менавіта таму большасць справаў, прынятых судом да актыўнага разгляду, датычаць краінаў Афрыкі: абвінавачанымі сталі або лідары мясцовых паўстанцкіх груповак, або дыктатары.

Ёсць абмежаванні і паводле тэрытарыяльнай юрысдыкцыі. Дзейнасць суда апрыёры распаўсюджваецца толькі на злачынствы, якія адбыліся на тэрыторыі або з удзелам краінаў, што далучыліся да Рымскага статуту, а іх толькі 124 са 193 дзяржаваў – чальцоў ААН. І Расея, і Украіна падпісалі, але не ратыфікавалі Рымскага статуту. Аднак пры гэтым Украіна прынцыпова прызнае юрысдыкцыю МКС, а Расея – не.

Труп мясцовага жыхара пасля сыходу расейскіх войскаў на трасе за 20 кіламетраў ад Кіева, Украіна. 2 красавіка 2022 года.
Фота: Белсат

МКС не разглядае справы завочна: суду спачатку трэба арыштаваць абвінавачанага. Якраз з гэтым самыя сур’ёзныя праблемы. Без спрыяння канкрэтнай дзяржавы, дзе хаваецца абвінавачаны ў ваенных злачынствах, зрабіць гэта вельмі цяжка. А калі абвінавачаны – кіраўнік гэтай дзяржавы, то арыштаваць яго проста немагчыма. У такім выпадку на правасуддзе можна разлічваць толькі пасля змены ўлады ў краіне.

З 2002 да 2016 года Міжнародны крымінальны суд выдаў 29 ордараў на арышт абвінавачаных, аднак затрымаць удалося толькі васьмярых з іх. Пакуль адзіны кіраўнік дзяржавы, які непасрэдна аказаўся на лаве падсудных МКС, – прэзідэнт Кот-д’Івуарыу Лёран Гбагбо (Laurent Koudou Gbagbo), захоплены ў палон падчас грамадзянскай вайны (праўда, яго ў Гаазе апраўдалі). Чакаецца таксама, што ў Гаагу выдадуць экс-прэзідэнта Судану Умара аль-Башыра. Ордар на ягоны арышт МКС выдаў у 2008 годзе, але магчымасць пераследу дыктатара з’явілася толькі пасля 2019-га, калі ён страціў уладу ў выніку вайсковага перавароту.

Агулам у 2002–2016 гадах МКС распачаў 23 справы, у некаторых з іх фігурантамі былі адразу некалькі чалавек. Але давесці да канца за гэты перыяд удалося толькі пяць справаў.

Асобныя міжнародныя трыбуналы: гістарычныя прэцэдэнты

Акрамя ўніверсальнага Міжнароднага крымінальнага суда, які дзеіць на сталай аснове, могуць засноўвацца часовыя міжнародныя трыбуналы для расследавання падзеяў падчас асобных ваенных канфліктаў.

Пад эгідай ААН працавалі два такія трыбуналы: Міжнародны трыбунал аб былой Югаславіі (МТБЮ) і Міжнародны трыбунал аб Руандзе (МТР). Абодва былі заснаваныя яшчэ да стварэння МКС. Акрамя таго, існаваў Спецыяльны суд у справе Сьера-Леонэ, Спецыяльны трыбунал аб Ліване і Адмысловая калегія аб цяжкіх злачынствах ва Усходнім Тыморы. У першых двух выпадках іх засноўваў ААН супольна з урадамі гэтых краінаў, а ў апошнім суд быў створаны часовай адміністрацыяй ААН ва Усходнім Тыморы.

МТЮБ, які дзеяў з 1993 да 2017 года, разглядаў ваенныя злачынствы часу ўзброеных канфліктаў на тэрыторыі былой Югаславіі. Агулам трыбунал правёў 142 судовыя працэсы: 92 супраць сербаў, 33 супраць харватаў, 8 супраць косаўскіх албанцаў, 7 супраць баснійскіх мусульманаў. Менавіта з дзейнасцю МТЮБ звязаныя самыя гучныя міжнародныя расследаванні масавых забойстваў: на лаве падсудных аказаўся былы прэзідэнт Югаславіі Слабодан Мілошэвіч, экс-лідар Рэспублікі Сербскай Радаван Караджыч і генерал Ратка Младыч. Младыч і Караджыч былі прызнаныя вінаватым у генацыдзе, ваенных злачынствах і злачынствах супраць чалавечнасці і пакараныя пажыццёвым зняволеннем. Мілошэвіч памёр у Гаазе да заканчэння суда.

Былы прэзідэнт Югаславіі Слабодан Мілошэвіч у судзе ў Гаазе, 31 жніўня 2004 г.
Фота: Reuters Photographer / Reuters / Forum

Міжнародны трыбунал аб Руандзе дзеяў з 1994 да 2015 года. Пажыццёвыя тэрміны зняволення атрымалі беспасярэднія архітэктары генацыду: прэм’ер-міністр Жан Камбанда (Jean Kambanda), лідар узброеныя фармаванняў «Interahamwe» Жордж Рутаганда (Georges Rutaganda) ды іншыя палітыкі і вайскоўцы. Таксама на лаве падсудных аказаліся руандыйскія прапагандысты, якія распальвалі нянавісць і заклікалі да генацыду – напрыклад, вядоўца радыёстанцыі RTLM Жорж Руджу атрымаў 12 гадоў зняволення. У межах Спецыяльнага суда аб Сьера-Леонэ за ваенныя злачынствы асудзілі да 50 гадоў зняволення былога прэзідэнта Ліберыі Чарлза Тэйлара (Charles Taylor).

Калі ацэньваць дзейнасць МТБЮ і МТР паводле лічбавых паказнікаў, то фармальна яны выглядаюць больш эфектыўнымі, чым МКС – колькасць справаў і гучных выракаў там большая ў разы. Але насамрэч яны маюць аднолькавыя хібы: без спрыяння дзяржавы, якая была замешаная ў злачынствах, асудзіць чалавека амаль нерэальна.

Прыцягнуць да адказнасці Мілошэвіча, Караджыча і Младыча стала магчыма толькі пасля змены ўлады ў Сербіі, прычым два апошнія паспяхова хаваліся ад міжнароднага правасуддзя на сербскай тэрыторыі 12 і 15 гадоў адпаведна. Да таго ж усе міжнародныя трыбуналы разглядаюць справы вельмі доўга: ад арышту да выраку Младычу мінула 6 гадоў, Караджычу – 8.

Разам з тым міжнародныя механізмы пераследу істотна зніжаюць імавернасць таго, што злачынствы ў выніку застануцца беспакаранымі. У такім выпадку пераслед ваенных злачынцаў становіцца не толькі пытаннем вяршэнства права, але і фактарам унутранай ды міжнароднай палітыкі. Напрыклад, стаўленне сербаў да выдачы міжнароднаму трыбуналу Мілошэвіча, Караджыча і Младыча было вельмі неадназначным, але новы ўрад пайшоў на такі крок, бо ад гэтага ў тым ліку залежала развіццё стасункаў Бялграду з Еўразвязам.

Аналітыка
Ад Срэбрэныцы да Новых Алдоў. З якімі гістарычнымі падзеямі параўноўваюць бойню ў Бучы
2022.04.04 17:35

РР belsat.eu

Стужка навінаў