«Пачак запалак – лыжка для таго, каб насыпаць кавы». Турэмныя нататкі ад Юліі Слуцкай


Заснавальніца «Прэс-клубу» Юлія Слуцкая пад вартай у СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага ў Менску. Яе затрымалі ў аэрапорце 22 снежня, а 31 снежня абвінавацілі ў нявыплаце падаткаў у асабліва буйным памеры. Праз сваю дачку Аляксандру Юлія Слуцкая перадае інфармацыю пра побыт у турэмнай камеры.

Заснавальніцу «Прэс-клубу» Юлію Слуцкую абвінавачваюць паводле ч. 2 арт. 243 – ухіленне ад выплаты сум падаткаў, збораў у асабліва буйным памеры. З 22 снежня яна за кратамі.

У лістах да родных Юлія піша пра побыт у турэмнай камеры. Гэтыя нататкі на яе старонцы ў Facebook публікуе дачка Аляксандра.

Александра Слуцкая, дачка Юліі Слуцкай, дырэктаркі беларускага Прэс-клуба. 19 студзеня 2021 году.
Фота: АВ / Белсат

Турэмныя лайфхакі

1. Ручка без стрыжня – добрая рурка. Праз яе можна піць, каб не абпальваць вусны пра кружку. Таму што вадкасць у алюмініевым кубку без ручкі астывае хутчэй, чым краі кубка. Вельмі лёгка апячыся! А яшчэ ў дзяўчынак пачалася алергія на вуснах, ад судотыку з алюмініем. Галоўнае потым гэтую рурку скруціць, іначай забяруць падчас шмону.

2. Медычная маска – выдатны чахол для гэтага кубка. Завязаў гумкі – і кружку можна трымаць у руках. Зноў такі галоўнае – не забыцца зняць

3. Пачак запалак – лыжка для таго, каб насыпаць кавы і цукру (нармальныя лыжкі прыносяць толькі на час сняданку, абеду ці вячэры).

4. Растваральную кашу можна заварыць у мыльніцы, а есці яе – футаралам ад зубной шчоткі (з аднаго футарала атрымліваецца цэлых дзве лыжкі!)

Турэмны персанал

У цэлым гэта не звяры, а людзі, у якіх такая праца. І сярод іх ёсць нават сімпатычныя і добразычлівыя.

Дзяжурныя ў асноўным жанчыны. З імі мы сутыкаемся часцей за ўсё. Наагул, сярод жанчын злосных значна болей, чым сярод мужчын. Дзяжурныя сочаць за парадкам. Менавіта яны даюць рапарты, і вырашаюць дробныя бытавыя пытанні, кшталту прынесці іголку з ніткай. У адной дзяжурнай мянушку Бабка – без каментароў.

Корпусныя

Гэта начальства. Ім здаюць рапарты, яны дапамагаюць вырашыць важныя 🙂 пытанні, якія ўзнікаюць у камеры. Напрыклад, ці выдаць дадатковыя коўдры ў холад. Напрыклад, аднаго карпуснога называюць Паважаны. Ён так да ўсіх звяртаецца, ну і да яго, адпаведна.

Большасць карпусных – людзі адэкватныя.

Рэжымшчыкі

Часцей за ўсё маладыя хлопцы. Яны водзяць у кабінеты, на прагулкі, у лазню. Некаторыя дзяўчынкі нават з імі какетнічаюць і балбочуць.

Баландары

Ад слова баланда. Гэта асуджаныя, якія адбываюць свой тэрмін на гаспадарчых працах на Валадарцы.

Спакойна і па-чалавечы можна вырашыць шмат пытанняў. Сярод персаналу ёсць добрыя і адказныя. Такіх адсоткаў 10. Ёсць «сабакі» – іх таксама 10 адсоткаў. Астатнія 80 адсоткаў – проста людзі.

Hавiны
«З васьмі чалавек у камеры пяць – «палітычныя». Заснавальніца Прэс-клубу Юлія Слуцкая апісала побыт у СІЗА
2021.02.01 16:46

СК belsat.eu

Стужка навінаў