Актывісцкія акцыі, дакументальнасць і мастацтва. Грандыёзная выстава «Кожны дзень» у Кіеве застаецца закрытай


Праца Алеся Пушкіна «Падарунак прэзідэнту». Фрагмент выставы «Кожны дзень. Мастацтва, салідарнасць, супраціў». Кіеў, Украіна. 3 красавіка 2021 года.
Фота: ЛП / Белсат

У Кіеве (не)адкрылася выстава сучаснага беларускага мастацтва «Кожны дзень. Мастацтва. Салідарнасць. Супраціў». Пратэст – галоўная тэма, якая абʼядноўвае ўсе мастацкія працы. Менавіта таму такія экспазіцыі цяпер цяжка ўявіць у Беларусі. У Кіеве арганізатарам таксама не пашанцавала. Адкрыццю перашкодзіў локдаўн, уведзены 20 сакавіка. Кіеў бʼе рэкорды распаўсюду каронавіруса, і камісія надзвычайных сітуацыяў гораду прыняла рашэнне працягнуць каранцін мінімум да 16 красавіка. Магчыма пасля завяршэння локдаўну зʼявіцца шанец на адкрыццё выставы.

Экспазіцыю ўсталявалі, але ўбачыць яе пакуль ніхто не можа. Арганізатары паабяцалі зрабіць 3D-тур і рыхтуюць онлайн-праграму. «Белсат», у сваю чаргу, публікуе вялікі фотарэпартаж і гутарку з мастакамі з Беларусі ды Украіны аб важнасці гэтай падзеі і выстаўленых працах.

Максім Тамінько. Адзін з шасці куратараў выставы «Кожны дзень. Мастацтва. Салідарнасць. Супраціў»

– Была зробленая вялікая праца ў вельмі сціслы тэрмін. Мы толькі ў канцы лістапада атрымалі запрашэнне і са снежня пачалі працаваць. Гэта быў унікальны для мяне досвед, мы працавалі цалкам онлайн – шэсць куратараў, усе ў розных гарадах і нават краінах. Цяпер, пабачыўшы вынік нашай працы, я не расчараваўся. Вялізнае памяшканне, 86 беларускіх мастакоў і мастачак. Не так часта бываюць выставы такога маштабу, а можа быць, яшчэ ніколі і не было.

Шкада, што мы трапілі на каранцін, цяпер атрымліваецца такая «выстава-прывід» – яна ёсць, але яе ніхто не бачыць. Толькі віртуальныя адгалоскі: фота, кароткія рэпартажы, відэа. Гэта дапамагае, але калі трапляеш у такое памяшканне ў рэальнасці, зусім іншы досвед. Хацелася б, каб як мага больш людзей прыйшлі сюды. Ніякі фотарэпартаж і ніякі 3D-тур не перадасць эмацыйнай нагрузкі. Гук, рух, эмоцыі, сувязь у прасторы – як па мне гэта зацягвае і нараджае больш складаныя перажыванні.

Праца Яны Шостак. Фрагмент выставы «Кожны дзень. Мастацтва, салідарнасць, супраціў». Кіеў, Украіна. 3 красавіка 2021 года.
Фота: ЛП / Белсат
Фрагмент выставы «Кожны дзень. Мастацтва, салідарнасць, супраціў». Кіеў, Украіна. 3 красавіка 2021 года.
Фота: ЛП / Белсат
Праца Надзі Саяпінай. Фрагмент выставы «Кожны дзень. Мастацтва, салідарнасць, супраціў». Кіеў, Украіна. 3 красавіка 2021 года.
Фота: ЛП / Белсат

Гэтая выстава ініцыяваная ўкраінскім бокам, яны запрасілі нас таму, што зʼявілася цікавасць да беларускай сітуацыі, нават не сітуацыі, а працэсу. Да таго, як нашае грамадства перараджаецца, вызваляецца, станавіцца новым. Усё гэта цікавіць і ўкраінскага гледача. Важна, што выстава праходзіць менавіта ў Кіеве. Заўсёды адчуваўся недахоп разумення паміж нашымі краінамі. Напрыклад, літаральна да нядаўняга часу (ужо калі былі пратэсты ў Беларусі) яшчэ 60 % украінцаў станоўча ставіліся да Лукашэнкі. Гэта дзіўная сітуацыя. Яны самыя перажылі столькі рэвалюцый, столькі ахвяраў прынеслі і працягваюць несці, вайна ідзе. Але ўсё роўна яны не даганяюць гэтага моманту: што ў Беларусі не так з уладай. І такія выставы, дыскусіі, якія адбываюцца цяпер у прэсе, – гэта вельмі важна. Думаю, у Літве, Польшчы значна лепш нас разумеюць, чым ва Украіне. Гэта дзіўна, і тым больш важная такая тэматычная выстава, як прастора для абмеркаванняў і новага погляду на падзеі, якія цяпер адбываюцца.

Уладзімір Грамовіч. Мастак. Удзельнік выставы. Беларусь

– Мая праца на выставе называецца «Слабы гарызонт». Яна ўяўляе сабой макет фасаду зруйнаванай ВДНГ у Менску, унутры якога зробленая павялічаная гравюра ў стылістыцы 60–70 гадоў. На ёй можна ўбачыць адмысловы «пейзаж» з гарадскімі дамінантамі, пабудаванымі за апошнія дзесяцігоддзі: такімі, як бібліятэка, палац Незалежнасці ці музей ВАВ, якія перамешаныя з рознымі сімваламі 90-х. Гэта праца пра захрасанне ў часе, паміж адбудовай і разбурэннем, паміж учарашнім днём і сённяшнім.

Для мяне выстава «Кожны дзень» адначасова і пра тое, што было, і пра тое, што можа быць. Спалучаючы ў сабе актывісцкія акцыі, дакументальнасць і мастацтва, выстава выбудоўвае розныя шляхі ўзаемаўплываў і дыялогаў.

Праца Уладзіміра Грамовіча «Слабы гарызонт». Фрагмент выставы «Кожны дзень. Мастацтва, салідарнасць, супраціў». Кіеў, Украіна. 3 красавіка 2021 года.
Фота: ЛП / Белсат
Фрагмент выставы «Кожны дзень. Мастацтва, салідарнасць, супраціў». Кіеў, Украіна. 3 красавіка 2021 года.
Фота: ЛП / Белсат

Станіслаў Турына. Мастак. Украіна

– Выстава закрытая, але ўсё ж адкрыццё падчас локдаўну можна апраўдаць гіганцкім памяшканнем і аўтарамі, многія з якіх зʼехалі з Кіева. Дазволіць ім сустрэнецца з нешматлікімі знаёмымі і калегамі ў залах выставы – гэта зразумела. Але, вядома, падобнае рашэнне застаецца выключным і таму спрэчным. Таксама зразумела, чаму гэтая выстава адкрылася ў Кіеве – горадзе, які яшчэ да пратэстаў быў прытулкам для беларусаў, а для некаторых з іх стаў новым домам. Пасля пачатку пратэстаў тут пачала актыўна фармавацца і беларуская суполка. Здаецца, усе мы тут, назіраючы першыя кадры з начнога жнівеньскага Менску, бачылі яго агні, яго вочы і крык.

Трэба сказаць, што гэта першая выстава ва Украіне такога маштабу – аб актуальным і глабальным у рэжыме online. Пра тое, што адбываецца і як развіваюцца падзеі. Важная, як па мне, выстава яшчэ і тым, што ўяўляе кансалідаваную групавую супрацу ў самай вялікай дзяржаўнай выставачнай зале. У гэтай выставачнай прасторы, яшчэ да Майдану, адбыўся акт цэнзуры і як следства – тэктанічны разлом мастацкай супольнасці. Усе яшчэ працягваецца байкот самага «Мистецькага Арсеналу», працягваюцца і судовыя цяжбы з мэтай выяўлення факту той цэнзуры. Адсюль бярэ пачатак ужо як быццам традыцыя – супрацьстаянне і недавер унутры мясцовай мастацкай супольнасці.

Фрагмент выставы «Кожны дзень. Мастацтва, салідарнасць, супраціў». Кіеў, Украіна. 3 красавіка 2021 года.
Фота: ЛП / Белсат

Але сама выстава стала для мяне магчымасцю зноў казаць пра Беларусь, зноў здабыць тую самую нітку чалавечага вымярэнне таго, што адбываецца. Прагляд падарыў мне сустрэчу з маёй роднай краінай, з яе пратэстам. Сярод мноства працаў я па чарзе сутыкаюся то з пачуццём уласнай годнасці, то з пачуццём адказнасці. Я рады, што нарэшце магу не маўчаць. Хоць і ведаю, што крычаць я зусім не ўмею.

Праца Аляксея Лунёва. Фрагмент выставы «Кожны дзень. Мастацтва, салідарнасць, супраціў». Кіеў, Украіна. 3 красавіка 2021 года.
Фота: ЛП / Белсат
Фрагмент выставы «Кожны дзень. Мастацтва, салідарнасць, супраціў». Кіеў, Украіна. 3 красавіка 2021 года.
Фота: ЛП / Белсат
Фрагмент выставы «Кожны дзень. Мастацтва, салідарнасць, супраціў». Кіеў, Украіна. 3 красавіка 2021 года.
Фота: ЛП / Белсат
Праца Лесi Пчолкi. Фрагмент выставы «Кожны дзень. Мастацтва, салідарнасць, супраціў». Кіеў, Украіна. 3 красавіка 2021 года.
Фота: ЛП / Белсат
Фрагмент выставы «Кожны дзень. Мастацтва, салідарнасць, супраціў» Кіеў, Украіна. 3 красавіка 2021 года.
Фота: ЛП / Белсат
Фрагмент выставы «Кожны дзень. Мастацтва, салідарнасць, супраціў». Кіеў, Украіна. 3 красавіка 2021 года.
Фота: ЛП / Белсат
Фрагмент выставы «Кожны дзень. Мастацтва, салідарнасць, супраціў». Кіеў, Украіна. 3 красавіка 2021 года.
Фота: ЛП / Белсат
Фота
10 красавіка пройдзе куратарская экскурсія па выставе-прысвячэнню Захару Кудзіну
2021.04.04 12:40

ЛП belsat.eu

Стужка навінаў