Польскі Newsweek назваў журналіста Анджэя Пачобута «Постаццю дзесяцігоддзя»


Польская рэдакцыя аўтарытэтнага амерыканскага выдання правяла цырымонію ўзнагароджання сваёй прэміяй і ўшанавала палітвязня, які цяпер за кратамі ў Беларусі.

Анджэй Пачобут на судзе ў Горадні, Беларусь. 16 студзеня 2022 года.
Фота: belta.by

Прэмія Newsweek імя Тэрэсы Тараньскай у намінацыі «Постаць дзесяцігоддзя» дасталася Анджэю Пачобуту.

«Выдатны журналіст, калега, чалавек, мацнейшы за сталь. Анджэй не змог забраць узнагароду, бо сядзіць у турме ўжо 1075 дзён. Ён выжыве. Вось пабачыце! Ён яшчэ напіша тэкст пра падзенне Лукашэнкі», – адзначыў журналіст выдання Яцэк Паўліцкі.

Анджэй Пачобут – вядомы журналіст і грамадскі дзеяч, сябра незарэгістраванага Саюзу палякаў Беларусі.

У 2002 годзе прыйшоў у журналістыку. Працаваў у першых незалежных гарадзенскіх газетах «Пагоня», «Дзень», «Мясцовы час», рэспубліканскай газеце «Народная воля», газеце СПБ на польскай мове Głos znad Niemna («Голас з-над Нёмну»). Быў рэдактарам часопісу СПБ Magazyn Polski na uchodźstwie, карэспандэнтам буйнога польскага выдання Gazeta Wyborcza. Займаўся тэмамі, звязанымі з гісторый спецслужбаў СССР, антысавецкага супраціву ў Заходняй Беларусі, Арміяй Краёвай.

Hавiны
МЗС Польшчы выступіла з заяваю на гадавіну прысуду Анджэю Пачобуту
2024.02.08 14:20

Анджэй Пачобут быў затрыманы 25 сакавіка 2021 года ў Горадні ў так званай «польскай справе» разам з іншымі актывістамі Саюзу палякаў Беларусі.

За артыкул пра напад СССР на Польшчу ў верасні 1939 года Анджэя Пачобута абвінавацілі ў «распальванні варожасці паводле нацыянальнай прыкметы». У публікацыі Пачобут назваў агрэсіяй напад СССР на Польшчу 17 верасня 1939 года. Таксама ў матэрыялах крымінальнай справы фігуравалі заявы журналіста ў абарону польскай меншасці ў Беларусі, артыкул пра падаўленне беларускіх пратэстаў у 2020 годзе і тэкст ад 2006 года пра аднаго з камандзіраў польскага антыкамуністычнага падполля на Гарадзеншчыне.

8 лютага 2023 года ў абласным судзе Горадні суддзя Дзмітрый Бубенчык прыгаварыў журналіста да 8 гадоў пазбаўлення волі з адбываннем у калоніі ўзмоцненага рэжыму.

26 траўня суддзя Вярхоўнага Суда Беларусі Ігар Любавіцкі адхіліў апеляцыйную скаргу Анджэя Пачобута на вынесены яму прысуд. Разгляд скаргі адбыўся ў закрытым рэжыме. Пасля гэтага Анджэя перавялі са следчага ізалятару ў папраўчую калонію № 1 у Наваполацку.

У кастрычніку 2022 года КДБ РБ унёс Анджэя Пачобута ў спіс тэрарыстаў.

У кастрычніку 2023 года стала вядома, што Анджэя Пачобута трымалі ў ШІЗА і не давалі неабходных лекаў. У зняволенага абвастрыліся даўнія праблемы са здароўем: у лістах ён скардзіўся на болі страўніку, у яго быў зафіксаваны зрыў рытму сэрца. Аднак з рэдкіх лістоў, атрыманых блізкімі журналіста, вынікае, што ён не страціў раўнавагі, канструктыўнага настрою і сілы волі.

Hавiны
Кіраўнік МЗС Польшчы: Анджэй Пачобут стаў сімвалам незалежнага духа і веры ў свабоду
2023.12.24 16:30

Ася Саковіч belsat.eu

Стужка навінаў