У лютым у Беларусі за палітыку крымінальны прысуд вынеслі 72 асобам


У лютым у Беларусі захоўваўся глыбокі крызіс правоў чалавека, пра гэта гаворыцца ў свежым аглядзе ад праваабарончага цэнтру «Вясна».

ЦІП на Акрэсціна ў Менску.
Фота: Sputnik

У лютым праваабаронцы прызналі палітвязнямі 69 асобаў. Іх судзілі за ўдзел у мірных сходах, крытыку прадстаўнікоў улады і Аляксандра Лукашэнкі, удзел у дзейнасці і падтрымцы суб’ектаў, прызнаных экстрэмісцкімі фармаваннямі. «Вясне» вядома пра не менш як 72 асобы, асуджаныя ў лютым у крымінальным парадку, 43 з іх – да пазбаўлення волі.

Таксама ў лютым працягваліся «адвольныя затрыманні грамадзян за рэалізацыю сваіх грамадзянскіх правоў». Вядома пра 258 выпадкаў затрымання за мінулы месяц, 195 выпадкаў палітычна матываванага адміністратыўнага пераследу. Суддзі прызначылі не менш як 31 адміністратыўны арышт, 11 штрафаў.

«Праваабаронцы па-ранейшаму фіксуюць факты ўжывання катаванняў і забароненых відаў абыходжання падчас расследавання палітычна матываваных крымінальных спраў, а таксама забароненых відаў абыходжання падчас адбывання крымінальнага і адміністратыўнага пакарання паводле палітычна матываваных судовых рашэнняў», – гаворыцца ў аглядзе.

Таксама працягваецца пераслед грамадзянаў пад выглядам барацьбы з экстрэмізмам і тэрарызмам.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў