Суд у метасусвеце, робаты-сабакі на паказе моды ў Парыжы. Галоўныя навіны тэхналогіяў і навукі за тыдзень


Сачыць за развіццём навукі ды за тэхналогіямі ўсё цікавей. Робаты-сабакі дапамагаюць людзям не толькі на вайне ва Украіне, але і носяць модныя торбачкі за мадэлямі на подыуме. Усяго за 10 хвілінаў можна стварыць фэйкавую рэдакцыю медыяў, а суды ў Беларусі хутка могуць перайсці ў метасусвет… Карацей, чытайце наш артыкул пра галоўныя тэхналагічныя навіны за тыдзень.

Журналіст за 10 хвілін згенераваў фэйкавае СМІ з дапамогаю «ChatGPT»

На запыт журналіста Алекса Магадэвана (Alex Mahadevan) штучны інтэлект за 10 хвілінаў згенераваў цэлае медыя. Склаў апісанне аўтараў ды рэдактараў, аформіў рэдакцыйную палітыку, накідаў стартавую старонку і напісаў пару артыкулаў і нават зрабіў партрэты рэдакцыі.

Суд у метасусвеце

На гэтым тыдні ўпершыню ў свеце прайшоў судовы разбор у метасусвеце. Гэта адбылося ў Калумбіі. Пра гэта паведамляе Reutors  

Паседжанне доўжылася дзве гадзіны на YouTube: удзельнікі працэсу з’явіліся ў выглядзе аватараў у віртуальнай зале суда. Яны ўпадабалі такі фармат.

Калумбія адной з першых у свеце пачала тэставаць метасусвет, каб аблегчыць перагружаную сістэму: прадстаўніцтвы ў метасусвеце адкрываюць не толькі суды, але і прыватныя кампаніі, крамы і банкі.

Дарэчы не толькі ў Беларусі судовыя працэсы ўсё часцей пераходзяць на відэасустрэчы, арганізаваныя Zoom і Google. У Калумбіі плануюць разглядаць такім чынам справы, узбуджаныя транспартным саюзам супраць паліцыі.

Чакаем з’яўленне метасудоў у Беларусі. У палітычных справах сведкі нарэшце змогуць зняць маскі і балаклавы, а проста будуць хавацца за выдуманымі аватарамі. Яшчэ можна «выхаваць» штучны інтэлект беларускаму крымінальнаму кодэксу, і тады можна нават суддзяў прыбраць з працэсу. Ой усё, не падказваем!

Суддзя падчас судовага паседжання ў Калумбіі, якое адбылося ў метасусвеце 15 лютага 2023 года. Крыніца: reuters.com

Робаты-сабакі займаюцца размінаваннем ва Украіне і ходзяць па парыжскім подыуме

Робаты-сабакі амерыканскай кампаніі «Boston Dynamics» выклікалі фурор на модным шоу ў Парыжы. Яны выйшлі на подыум у межах паказу дызайнерскага дому «Coperni».

«Boston Dynamics» – першая кампанія, якая падпісала хартыю аб тым, што яны ніколі не будуць даваць робатам зброю і першыя, хто адправіў робатаў ва Украіну для размінавання.

На шоу ў Парыжы чалавек і робат падышлі адзін да аднаго, як быццам пасябравалі. Затым робат дапамог мадэлі зняць паліто, а іншы робат падабраў і панёс ейную торбачку

Што чарнобыльскія бадзяжныя сабакі могуць распавесці нам аб радыяцыі?

Даследнікі ды навукоўцы вырашылі зразумець уздзеянне радыяцыі ў зоне забруджвання праз бадзяжных сабакаў, якіх там, на жаль, вельмі шмат.

У першыя дні пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС брыгады рэагавання шукалі кінутых гаспадарамі сабакаў ды забівалі іх, каб спыніць распаўсюд радыеактыўнасці. Тым не менш, некаторыя выжылі, і ўжо іхныя нашчадкі ўсё гэтак жа жывуць каля АЭС.

Даследаванне, апублікаванае 3 сакавіка ў часопісе «Science Advances» – першы крок у буйным праекце, мэта якога – даведацца, як жывёла прыстасавалася да выжывання ў адным з самых радыеактыўных месцаў на Зямлі. Праца можа даць глыбокае разуменне выжывання ды жыцця ў гэтым варожым асяроддзі.

Колькасць папуляцыяў дзікай жывёлы ў зоне адчужэння значна скарацілася пасля аварыі. І хоць некаторыя віды аднавіліся, многія зніклі.

Што вядома навукоўцам пра бадзяжных сабакаў у Чарнобылі:

Колькасць сабак у рэгіёне расце. Яны паходзяць ад хатніх сабакаў, якіх гаспадары кінулі пры пераедзе: гэта нямецкія ды ўсходнія аўчаркі, лабрадоры, баксёры, ёркшырскія тэр’еры.

На працягу трох гадоў навукоўцы сабралі ўзоры крыві прыкладна ў 300 сабакаў, якія жывуць на электрастанцыі і ў закінутым горадзе Чарнобыль. Добраахвотнікі ўсыпілі жывёлінаў дроцікамі з транквілізатарам.

Навукоўцы выявілі, што бяздомнікі дзеляцца на 15 асобных сем’яў. Самая вялікая сямейная група складаецца з 162 асобінаў.

Бадзяжныя шчанюкі гуляюць у недабудаванай градзірні на Чарнобыльскай электрастанцыі ва Украіне. Крыніца: Шон Гэлап/Getty (Sean Gallup)

Пасля пачатку вайны ўсё менш турыстаў прыязджае і пакідае рэшткі ежы, чарнобыльскія сабакі з цяжкасцю выжываюць. Таму каманда навукоўцаў працуе з няўрадавай арганізацыяй, каб забяспечыць жывёлінаў ежай, гарантуючы выжыванне чарнобыльскіх сабакаў і іх радыеактыўную спадчыну ў будучыя неўраджайныя часы.

Мы будзем сачыць за гэтым даследаваннем і апавядзем вам аб яго выніках.

З’явіўся Instagram для тэкстаў

Стваральнікі Instagram запусцілі мабільны дадатак «Artifact», які ўжо даступны ў «App store». На выбраныя вамі тэмы алгарытм сэрвісу прапануе артыкулы топавых ангельскамоўных медыяў. Ды навучыцца разумець, што цікава асабіста вам.

Гэтак, у «Artifact» фармуецца ўнікальная алгарытмічная стужка навінаў. У будучыні стваральнікі плануюць дадаць функцыі сацсеткі. Можна будзе глядзець, што чытаюць сябры і абмяркоўваць прачытанае. Спадзяемся, там будзе раздзел і з добрымі навінамі.

Аліса Ганчар  belsat.eu

 

Стужка навінаў