Мітрапаліт Веньямін заявіў, што прасіў спыніць крымінальную справу на школьніц за падпал іконы


Кіраўнік Беларускай праваслаўнай царквы хадайнічаў аб тым, каб школьніц, супраць якіх распачалі крымінальную справу за падпал папяровай іконы каля Кафедральнага сабору ў Менску, не прыцягвалі да крымінальнай адказнасці, піша «БелТА». Раней паведамлялася, што ён асабіста настойваў, каб відэа здарэння перадалі следчым.

Мітрапаліт Менскі Веньямін у Горадні, Беларусь. 21 верасня 2020 года.
Фота: Мікола Камінскі / Белсат

Як сцвярджаюць сілавікі, 28 студзеня каля сабору Святога Духу дзве 15-гадовыя школьніцы падпалілі папяровую ікону, здымалі свае дзеянні на фота і відэа. Вучаніц 10 класу затрымалі, выявіўшы іх па запісах з камераў назірання.

Супраць іх распачалі крымінальную справу за «Злоснае хуліганства» (ч.2 арт.339 КК РБ). Паводле гэтай часткі артыкулу прадугледжаныя пакаранні да 3 гадоў абмежавання волі або ад 1 да 6 гадоў пазбаўлення волі. Крымінальная адказнасць паводле гэтага артыкулу наступае з узросту ў 14 гадоў.

Мітрапаліт Веньямін (Віталь Тупека), як сцвярджаецца, сустрэўся з бацькамі затрыманых школьніц і хадайнічаў, каб іх не прыцягвалі да крымінальнай адказнасці. Аднак «Хрысціянская візія» (рабочая група Каардынацыйнай рады ў справах хрысціянства) сцвярджала, што якраз ён асабіста патрабаваў перадаць відэа з камераў назірання ў Следчы камітэт.

Прадстаўнік БПЦ Ігар Васько ў каментары «БелТА» адзначаў, што ўчынак дзяўчын «ніяк не можа нашкодзіць Богу ці Божай Маці».

Інтэрв’ю
Як вылечыць Праваслаўную царкву ад «русского мира»? Гутарка з тэолагам і святаром
2023.01.19 07:00

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў