Навошта Лукашэнку амбасадар ЗША ў Беларусі? Інтэрв'ю з Франакам Вячоркам


Рэжым Лукашэнкі падзе ў гэтым годзе, заявіў Франак Вячорка. У чым сутнасць плану перамогі дэмакратычных сілаў? Ці Расея застаецца надзейным саюзнікам Лукашэнкі? Што будзе калі незаконны прэзідэнт закруціць гайкі за моцна? Ці ў беларускай рэвалюцыі ёсць дарога назад? Калі амбасадарка ЗША Джулі Фішэр даедзе ў Беларусі, то якой будзе яе тактыка паводзінаў? Інтэрвʼю Аліны Коўшык з дарадцам Святланы Ціханоўскай у міжнародных справах

7 лютага ва ўсім свеце будзе адзначацца Міжнародны дзень салідарнасці з Беларуссю. Яго абвесціла нацыянальная лідарка Святлана Ціханоўская. Гэта беспрэцэдэнтная ў маштабе акцыя ў нашай гісторыі. Якія яна мае мэты і для каго яе робяць? Я запытаю Франка Вячорку, дарадцу Святланы Ціханоўскай у замежнай палітыцы. Міжнародны дзень салідарнасці з Беларуссю. Ніколі ў гісторыі такога не было. Для каго гэты дзень і што ён азначае?

Насамрэч было 20 верасня, менавіта ў тыя дні, калі ўсе сусветныя медыі прысвячалі першыя старонкі [выданняў], першыя хвіліны [эфіраў] Беларусі. Але гэта было спантанна і неафіцыйна. Розныя палітыкі, дыяспары, арганізацыі самі ўзялі на сябе адказнасць. А цяпер, праз шэсць месяцаў пасля выбараў, мы вырашылі зрабіць гэта больш арганізавана, паглядзець, якія вядомыя людзі маглі б далучыцца. Далучыць тых, каго называюць лічбавымі інфлюэнсарамі. Каб кожны сказаў, што я з Беларуссю, я падтрымліваю тых, хто сядзіць, хто змагаецца. Каб вярнуць Беларусь на парадак дня.

Hавiны
Блогер Павел Спірын атрымаў 4,5 года калоніі
2021.02.05 11:10

То бок акцыя больш скіраваная на свет?

Найперш так. Калі чалавек далучаецца да нечага і бярэ абавязальніцтвы, то ён, як правіла, іх выконвае. У канферэнцыі шостага лютага, напярэдадні Дня салідарнасці, будуць браць удзел кіраўніцтва Еўрапарламенту, Дзярждэпартаменту, лідары расейскіх дэмакратычных сілаў, розныя замежнікі, якія сімпатызуюць Беларусі. Чаму гэта важна, чаму гэтае падтрыманне важнае тым людзям, якія ў Беларусі? Бо людзі, якія далучацца да Дня салідарнасці, будуць падтрымліваць беларускую тэму, змагацца за санкцыі супраць рэжыму, ахвяраваць свае грошы на падтрыманне рабочага руху. Гэта ўсё ўзаемазвязанае. Цяпер у Беларусі ідзе такая «акопавая вайна». Мы ў акопах і Лукашэнка ў акопах. Знешнія фактары маюць вельмі вялікае значэнне. Дзякаваць Богу, у нас неверагодны альянс саюзнікаў.

Hавiны
«Вы разумееце, што гэта вайна?» Як на гарадзенскіх прадпрыемствах праваліўся збор подпісаў супраць санкцыяў
2021.02.05 21:08

Франак, а як простыя людзі, звычайныя грамадзяне могуць далучыцца да гэтай канферэнцыі? Ці яна толькі для топавых, віпавых персонаў?

Да канферэнцыі 6 лютага можа далучыцца кожны. Будзе частка па-ангельску, частка па-беларуску. Панэльная дыскусія – як свет можа дапамагчы Беларусі – з удзелам Паўла Латушкі, кіраўніцтва Еўрапарламенту, некаторых іншых чыноўнікаў. Будзе адкрыццё народных амбасадаў, а таксама дзве ўзнагароды людзям, якія прыклаліся на карысць беларускай справы. Гэтую інфармацыю можна знайсці ў «Фэйсбуку», яна будзе на каналах Святланы Ціханоўскай. Абавязкова далучайцеся. Таксама ў гэтыя дні будуць адбывацца традыцыйныя акцыі па ўсёй Беларусі. Скажам так, гэта салідарнасць з салідарнасцю. Дваровыя маршы, што арганізоўваюць у Беларусі нашыя калегі, яны таксама адзначаюць шэсць месяцаў нашай барацьбы.

Што да шасці месяцаў барацьбы. Якія ёсць вынікі? Калі падвесці рысу: якія пяць галоўных высноваў штабу Святланы Ціханоўскай за гэтыя шэсць месяцаў барацьбы?

Нам удалося змабілізаваць грамадства. Мы нашмат бліжэй да дэмакратыі, чым калі б гэта ні было. У нас выдатная сетка дыпламатычных кантактаў: людзі, палітыкі, дзяржавы, якія гатовыя дапамагаць. У нас моцная грамадзянская супольнасць, якая ўтварылася не дзякуючы ўладам, а насуперак ім: гэта і мясцовая супольнасць, і рабочы рух, нейкія актывісцкія ініцыятывы. У нас ёсць дакладнае бачанне, куды мы ідзем і навошта. Цяпер мы бачым перамены не дзесьці ў абстрактнай перспектыве, а ў гэтым годзе. Я думаю, што ў гэтым годзе мы ўжо будзем сведкамі падзення рэжыму і правядзення новых выбараў. У рэшце, у нас ёсць адзінства. Нарэшце беларускі народ аб’яднаўся супраць узурпатара. Я думаю, што ні ў кога няма сумневаў, што Лукашэнка гэтыя выбары прайграў.

Hавiны
Лукашэнка ўмее бегчы паміж кроплямі дажджу, а Крэмль хоча перамогі
2021.02.05 17:58

Але сітуацыя насамрэч не такая ружовая. Усё ж такі назіраецца пэўны, можа часовы, можа не, спад пратэстаў. Мы бачым, што Масква так і не пайшла на кантакты са штабам Святланы Ціханоўскай або з іншымі прадстаўнікамі дэмакратычных сілаў у Беларусі. Мы бачым, што ў Крамлі таксама падтрымліваюць Лукашэнку, а Лукашэнка сябе паводзіць, як быццам бы нічога не здарылася. І вось на фоне ўсяго гэтага вы абвяшчаеце, што маеце план перамогі. Які гэта план? Ці зможаце даць рады? Якая дапамога вам патрэбная? Хто вам можа дапамагчы?

План перамогі (ён жа стратэгія) у цэлым не мяняўся ад жніўня. Ён складаецца з нейкіх этапаў: змусіць рэжым да саступак, якія вядуць да перамоваў, да дыялогу, а перамовы вядуць да новых выбараў. Сцэнароў ад аднаго этапу да іншага можа быць вельмі шмат. Фактараў, якія паўплываюць на сітуацыю, вельмі шмат, таму дакладнай пакрокавай інструкцыі, што рабіць, як дзейнічаць, не будзе. Але вельмі важна, каб кожны, хто хоча пераменаў, ведаў, куды ён можа прыйсці і далучыцца. Той, хто можа вывешваць сцягі, хадзіць на акцыі, – робіць гэта. Той, хто можа за мяжой у дыяспары працаваць на карысць беларусаў, Беларусі, праводзіць акцыі салідарнасці, – робіць гэта. Прафесійныя палітыкі, прадстаўнікі, былыя сілавікі, яны таксама ведаюць, дзе можна прымяніць іх веды і досвед. Гэта і ёсць наш план перамогі: ацаніць рэсурсы, змабілізаваць іх у правільным накірунку, ударыць па нашым ворагу і правесці новыя выбары. Я думаю, што ўсім зараз цяжка, усе знаходзяцца ў апатыі, у дэпрэсіі, кожны дзень забіраюць нашых людзей. У мяне, вось я лічу, амаль восемдзесят маіх знаёмых і сяброў сядзяць у турмах, у тым ліку два найбліжэйшыя сябры, у складаных нечалавечых умовах. Кожны дзень забіраюць кагосьці з маіх знаёмых у дварах, прыходзяць дадому, канфіскуюць тэхніку, потым кампраметуюць па тэлебачанні. Гэта сапраўды кожнаму складана перажыць. Але за зімой заўжды наступае вясна. Мы зрабілі такую вялікую працу, такі вялікі шлях да пераменаў, што цяпер ужо назад дарогі няма. Таму трэба сабрацца – сілы ў кулак. Нельга ўпадаць у апатыю, трэба давесці справу да канца. Мы не можам дазволіць тым людзям, якія трапілі ў турмы, сядзець там доўга, не можам раскладаць наш план перамогі на некалькі гадоў наперад. Мы павінны ўсё ж такі змабілізавацца і зрабіць так, каб невінаватыя выйшлі, а Беларусь атрымала тое, што заслугоўвае: гэта свабодныя выбары.

ВІДЭА
Як Лукашэнка адрэагуе на заяву Мядзведзева пра адзіную валюту Расеі ды Беларусі?
2021.02.05 11:07

Сапраўды, так. За апошні час у вас з’явіліся нейкія кантакты з прадстаўнікамі рэжыму ці штосьці такое, што магло б даць хоць нейкую надзею, што можна з імі размаўляць?

У нас пастаянна ёсць сігналы з боку сілавікоў рэжыму ў выглядзе інфармацыі, якую яны пастаўляюць. Яны распавядаюць пра настроі ўнутры, злівы, якія ў асноўным публікуе «ByPol». Мы бачым, як паводзіць сябе Лукашэнка і прапаганда. Яны зараз пачалі ўжо хвалявацца, таму што ў Расеі сітуацыя закруцілася, і Расея перастала быць такім надзейным саюзнікам, як раней здавалася. Лукашэнка пачынае глядзець на Кітай. Гэта ўсё гаворыць пра тое, што яны сапраўды не адчуваюць сябе ўпэўнена. Калі з нашага боку ёсць пэўная дэмаралізацыя, стомленасць, то з іншага боку – і падаўна. Ім таксама вельмі цяжка, яны не ведаюць, як перажыць эканамічны крызіс, ціск. Яны рыхтуюцца да новай хвалі пратэстаў, але матывацыі і энергіі займацца гэтым у іх ужо не засталося. У рэшце рэшт у нас сапраўды ёсць нейкія кантакты. Мы бачым тых, хто пераходзіць на наш бок, пакуль што схавана. Іх не так шмат. Гаворка пра адзінкі, дзясяткі людзей. Але як толькі пачнуцца перамены, масавыя выступы, як толькі мы зноў збяром марш Свабоды, як 16 жніўня, то іх стане нашмат больш, таму што менавіта важныя падзеі мабілізуюць людзей на такія ўчынкі, на пераход. А вулічная пратэсная актыўнасць – самы моцны трыгер, які спрацуе. Калі мы здолеем сабраць увесну такія самыя маршы, як былі ўвосень, то сістэма не дажыве да лета.

ВІДЭА
Лукашэнка баіцца сілавікоў. Ці магчымы палацавы пераварот?
2021.01.30 09:35

Беларусы моцна зматываваныя. Але тым не менш сістэма працуе ў адваротны бок, контррэвалюцыі. Яны спрабуюць прымяніць да беларусаў татальнае запалохванне, страх. Як ты кажаш, прыходзяць, забіраюць тэхніку. Мы штодня паведамляем пра рэальны канвеер рэпрэсіяў. То бок улады вельмі моцна рыхтуюцца, каб правесці падрыхтоўку, зачыстку тэрыторыі, асабліва сярод журналістаў, сярод актывістаў, выціскаюць іх з краіны, саджаюць у вязніцы. Не будзе так, што Беларусь раптам застанецца без лідараў?

Яны спрабуюць выпаліць поле, стэрылізаваць грамадзянскую супольнасць, пагасіць усе патэнцыйныя ачагі супраціву і медыйнай працы. Менавіта таму яны б’юць па TUT.by, «Белсату», радыё «Свабода», судзяць дзяўчат-журналістак, не выпускаюць Ігара Лосіка. Бо гэта тое, што можа справакаваць наступную мабілізацыю грамадства. Яны любога актыўнага чалавека, хто робіць нешта ў Беларусі, як, напрыклад, Паўла Белавуса з яго крамай Symbal.by, будуць палохаць, браць на кручок, шантажаваць. Трэба быць да гэтага гатовымі. Але стала закручваць гайкі і трымаць краіну ў страху не атрымаецца. Звычайна такія сістэмы, у якіх гайкі закручаныя да канца, могуць пачаць валіцца ад любой пушынкі. Таму гэта і будзе той крытычны трыгер, з якога пачнецца развал рэжыму. Ён разумее, што трэба закручваць гайкі, каб уберагчыся ад кароткатэрміновых рызыкаў, але яны не разумеюць, што ў доўгатэрміновай перспектыве перакручанасць гаек ударыць па іх саміх.

Hавiны
«Такія дзеянні не павінны карацца ні ў адной краіне свету». «Белсат» патрабуе вызваліць Кацярыну Андрэеву і Дар’ю Чульцову
2021.02.05 15:07

Франак, мы ведаем, што прызначаная амбасадарка ЗША ў Беларусі Джулія Фішэр рыхтуецца да візіту ў нашу краіну. Ці можаш распавесці, як ідзе супраца са Злучанымі Штатамі Амерыкі?

Супраца са Злучанымі Штатамі Амерыкі ідзе кожны дзень: кантакты з Сенатам, з Палатай прадстаўнікоў, з прадстаўнікамі Белага дому і Дзярждэпартаменту. Цікава, што змена адміністрацыі ніякім чынам не паўплывала на гэтыя кантакты, наадварот, узмацніла іх. У нас шмат саюзнікаў у новым кіраўніцтве, на самым высокім узроўні. Многія з чыноўнікаў Белага дому нават маюць беларускія карані. Таму мы абмяркоўваем некалькі кірункаў. Першае: мы абмяркоўваем, як зрабіць Акт аб дэмакратыі больш эфектыўным. Другое – як рэалізаваць фінансавае, тэхнічнае падтрыманне Беларусі, каб дапамога дасягнула тых, хто змагаецца ў Беларусі і цярпіць ад рэжыму. Мы гаворым пра нейкі План Маршала, праект рэформаў, інвестыцыйныя праекты, якія маглі б натхніць, мабілізаваць і працягнуць ці падтрымаць бізнес цяпер у Беларусі. Безумоўна, мы гаворым пра дыпламатычны ціск. Тут у Джулі Фішэр ёсць складаная задача. Вельмі важна, каб ЗША не легітымізавалі Лукашэнку, але мелі ўсе магчымыя рычагі ціску на яго.

Hавiны
Святлана Ціханоўская сустрэлася з амбасадаркаю ЗША ў Беларусі Джулі Фішэр
2021.02.04 20:27

А як гэта зрабіць, Франак? Калі спадарыня Фішэр прыедзе ў Менск, яна будзе вымушаная кантактаваць з прадстаўнікамі ўладаў, перадаць даверчыя граматы Лукашэнку. Ці вы абмяркоўвалі, як можа працаваць амбасадарка ў такіх умовах татальнага тэрору і нелегітымнай улады, як цяпер у Беларусі?

У тэорыі ў дыпламатычнай практыцы амбасадар можа працаваць у краіне, уручыўшы копіі даверчых грамат міністру замежных справаў, і да ўручэння кіраўніку дзяржавы выконваць свае абавязкі. Але ў Беларусі не працуюць ні дыпламатычныя практыкі, ні законы. Таму не факт, што калі Джулі Фішэр адмовіцца ўручаць даверчыя граматы, ёй дазволяць нават перасекчы мяжу, прыехаць у Беларусь. Але ёсць досвед французскага амбасадара, які некалькі месяцаў таму ўручыў даверчыя граматы міністру Макею, але не ўручаў іх Лукашэнку і працягвае працаваць у Беларусі. Гэта той выпадак, калі патрэбная дыпламатычная хітрасць, гнуткасць. Магчыма, гэта спрацавала з французскім паслом, але не спрацуе з амерыканскім. Улады будуць рабіць усё магчымае, каб любую спробу дыпламатычных кантактаў выдаць за легітымацыю рэжыму.

Дакладна так. Галоўны інтарэс Лукашэнкі ў прыездзе амбасадара – гэта легітымацыя рэжыму ці штосьці яшчэ?

Для Лукашэнкі гэта толькі легітымацыя рэжыму, прызнанне. Магчыма, гэта спосаб перадаць нейкія мэсіджы, інструмент для арганізацыі гандлю. Лукашэнка – геній гандлю палітвязнямі. Ён можа прадаваць Ціханоўскага, Бабарыку асобна ад Лосіка і Чульцовай. Можа адных прадаць за санкцыі, другіх – за званок Байдэна. Лукашэнка будзе маніпуляваць, гуляць, спекуляваць, будзе шмат чаго абяцаць, а ўзамен патрабаваць абсалютна несувымерную кампенсацыю. Будзем вельмі ўважлівыя: калі казаць пра вызваленне палітвязняў, то толькі «адным пакетам». Бо цяпер нам ужо прапануюць – вызваліць адных, другіх пакінуць. Так нельга! Усе палітвязні павінны быць вызваленыя. Гэта павінна быць перадумовай дыялогу, а не наадварот.

ВІДЭА
Беларусь – прыярытэт для ЗША паводле новай стратэгіі
2021.01.28 19:35

Амбасадарам Беларусі ў ЗША быў прызначаны Алег Краўчанка, які нечакана памёр напрыканцы года. Ці нешта вядома наконт зваротнага жэсту Беларусі, ці рыхтуецца нейкая персона?

Наколькі я ведаю, яны яшчэ не прызначалі, не абмяркоўвалі пасла. У МЗС – кадравы крызіс, многія дыпламаты сышлі са службы пасля жнівеньскіх падзеяў. Ім фізічна няма часу гэтым займацца. Макей збольшага адсунуты на другія ролі. Раней ён заўжды быў на баявой лініі, адбельваў рэжым, цяпер аказаўся непатрэбным. У Адміністрацыі прэзідэнта іншыя прыярытэты – як задушыць, пасадзіць, запалохаць. Інтэлігенты-інтэлектуалы накшталт Макея там зараз непатрэбныя. Калі Беларусь нават не пашле туды пасла, магчыма, прызначыць часовага паверанага.

Цяпер часовы павераны працуе ў Штатах.

Так. Яны могуць працягваць працу ў гэтай жа самай канфігурацыі. Таксама яны прыглядаюцца да Джулі Фішэр, да яе паводзінаў. Па маіх адчуваннях, у ЗША няма ілюзіяў што да Лукашэнкі. Заігрываць з ім, гуляць па ягоных правілах у ягоныя гульні ніхто не збіраецца.

Калаж з фота: Mikhail Klimentyev, Valery Sharifulin / TASS / Forum

Інтэрв’ю паказалі ў праграме «ПраСвет»

Стужка навінаў