Тавары з ЕЗ у Расею? Хто ў ЕАЭС стаў больш за ўсё закупляцца ў Еўропе з пачатку вайны


Чыноўнікі выхваляюцца ростам гандлю ў ЕАЭС. Аднак адбылося гэта шмат у чым за кошт еўрапейскіх тавараў. Даведаліся, што раптам сталі купляць краіны ЕАЭС у Еўропе і прычым тут вайна ва Украіне.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: pexels.com

З пачатку поўнамаштабнай расейскай агрэсіі супраць Украіны паміж краінамі ЕАЭС ажывіўся гандаль. Яе аб’ём за студзень – жнівень вырас на 9,6 %, адзначыў Міхаіл Мясніковіч, калі яшчэ быў на пасадзе старшыні Калегіі ЕЭК. Гаворка пра рост на мільярды долараў. У 2022 годзе гандаль паміж краінамі ЕАЭС склаў $ 84 млрд.

Тут не абышлося без вялікай долі еўрапейскіх тавараў. Бо рост адбыўся на фоне вайны ва Украіне і заходніх санкцыяў супраць Расеі. Іншыя краіны ЕАЭС сталі ў разы нарошчваць гандаль з Еўропай. У некаторых выпадках журналістам удалося даказаць, што еўрапейскія тавары ідуць менавіта ў Расею.

Што адбываецца ў гандлі ЕЗ з Расеяй?

Паводле Еўрастату, у студзені – кастрычніку 2023 года пастаўкі з Еўропы ў Расею скараціліся больш як удвая ў параўнанні з тым жа перыядам з 2021 года (€ 32,4 млрд супраць € 73 млрд у студзені – кастрычніку 2021 года).

 

На пяць самых буйных таварных пазіцыяў у 2021 годзе прыпадала 54 % усяго расейскага імпарту з ЕЗ. Амаль па ўсіх з іх закупкі абваліліся ў разы:

– ядравыя рэактары, катлы, машыны і механічныя прылады, іх часткі – падзенне ў 4 разы (з € 16,1 млрд да € 4,4 млрд);

– транспартавыя сродкі, акрамя чыгуначнага або трамвайнага рухомага саставу, а таксама іх часткі і прылады – зніжэнне ў 11 разоў (з амаль € 7,5 млрд да € 662 млн);

– фармацэўтычная прадукцыя – рост на 14 % (з € 6,4 млрд да € 7,3 млрд);

– электрычныя машыны, абсталяванне і іх часткі; гукавыя прылады, тэлевізійныя прылады запісу малюнку і гуку, а таксама іх запчасткі і прыналежнасці – скарачэнне ў 7 разоў (з € 6 млрд да € 878 млн);

– пластмасы і вырабы з іх – зніжэнне ў 3 разы (з € 3,6 млрд да € 1,2 млрд).

Беларусь і шэрыя схемы

У той жа час Беларусь нарасціла імпарт з Еўропы амаль на 1 млрд (з € 5,54 млрд за 10 месяцаў 2021 года да € 6,6 млрд за той жа перыяд 2023-га). Асноўныя партнёры – Польшча (рост імпарту на 48 %), Нямеччына (+ 24 %) і Літва (+ 83 %).

Як пісаў «Белсат», у асноўным усплёск імпарту адбыўся за кошт аўтамабіляў, якіх для беларускага рынку зашмат. Гэта супадае са зніжэннем у 11 разоў паставак транспартавых сродкаў з Еўропы ў Расею. Журналісты «Бюро» даказалі, што гэтак Беларусь зарабляе на рээкспарце ў Расею.

Агляд
«Якія шэрыя схемы?!» Як Беларусь дапамагае Расеі абыходзіць санкцыі на люксавыя аўты
2023.12.11 09:10

Кыргызстан павялічыў імпарт у 10 разоў

Тым часам партнёры з ЕАЭС не спяць і, падобна, займаюцца падобнымі схемамі ў абыходзе санкцыяў супраць Расеі, што і Беларусь. Да такой высновы прыйшоў галоўны аналітык Інстытуту міжнародных фінансаў (IIF) Робін Брукс.

А пасол Беларусі ў Расеі Дзмітрый Крутой нават абурыўся, што праз паралельны імпарт і «незразумелую цэнавую палітыку» беларускім прадпрыемствам цяжка працаваць на расейскім рынку. Магчыма, рэч яшчэ і ў тым, што Беларусь праз санкцыі не можа сама дастаўляць яшчэ больш тавараў з Еўропы ў Расею.

У студзені – кастрычніку 2023 года Кыргызстан нарасціў закупы ў Еўропе больш як у 10 разоў у параўнанні са студзенем – кастрычнікам 2021 года (з € 217 млн да € 2,2 млрд).

 

У топ-5 пазіцыяў у 2023 годзе ўвайшлі:

– транспартавыя сродкі, акрамя чыгуначнага або трамвайнага рухомага саставу, а таксама іх часткі і прылады – 30,4 % ад усяго імпарту (рост больш як у 36 разоў);

– ядравыя рэактары, катлы, машыны і механічныя прылады, іх часткі – 21,4 % (рост амаль у 14 разоў);

– электрычныя машыны, абсталяванне і іх часткі; гукавыя прылады, тэлевізійныя прылады запісу выявы і гуку, а таксама іх запчасткі і прыналежнасці – 8,8 % (рост амаль у 16 разоў);

– аптычныя, фатаграфічныя, кінематаграфічныя, вымяральныя, кантрольныя, прэцызійныя, медычныя або хірургічныя прыборы і апараты; іх часткі і прылады – 3,2 % (рост у 8,5 разу);

– эфірны алей і смолы; парфумерныя, касметычныя або туалетныя прэпараты – 2,7 % (рост амаль у 7 разоў).

У топ-3 дастаўцаў:

– Нямеччына – 26 % ад усяго імпарту (рост у 15 разоў);

– Польшча – 17 % (рост у 20 разоў);

– Літва – 16 % (рост амаль у 15 разоў).

Сярод іншага, кіргізскія і казахскія кампаніі дастаўляюць Расеі тэхналогіі падвойнага прызначэння.

Казахстан

Казахстан павялічыў закупы ў Еўропе ў 2,3 разу. Імпарт вырас з € 4,4 млрд у студзені – кастрычніку 2021 года да € 10,2 млрд у студзені – кастрычніку 2023-га.

У топ-5 тавараў у 2023 годзе ўвайшлі:

– ядравыя рэактары, катлы, машыны і механічныя прылады, іх часткі – 24,1 % (рост у 2,4 разу);

– транспартавыя сродкі, акрамя чыгуначнага або трамвайнага рухомага саставу, а таксама іх часткі і прылады – 13 % (рост у 5,8 разу);

– электрычныя машыны, абсталяванне і іх часткі; гукавыя прылады, тэлевізійныя прылады запісу выявы і гуку, а таксама іх запчасткі і прыналежнасці – 11,5 % (рост у 2,9 разу);

– фармацэўтычная прадукцыя – 8,1 % (рост у 1,3 разу);

– аптычныя, фатаграфічныя, кінематаграфічныя, вымяральныя, кантрольныя, прэцызійныя, медычныя або хірургічныя прыборы і апараты; іх часткі і прылады – 4,7 % (рост у 1,5 разу).

Асноўнымі дастаўцамі сталіся:

– Нямеччына – 27,2 % усяго імпарту (рост у 2,4 разу);

– Польшча – 10,3 % (рост у 1,7 разу);

– Францыя – 8,5 % (рост у 2,3 разу).

На гэтым фоне заходнія чыноўнікі прыгразілі казахскім кампаніям другаснымі санкцыямі за гандаль з Расеяй.

Арменія

Арменія павялічыла закупы ў ЕЗ у тры разы (з € 609 млн за 10 месяцаў 2021 года да € 1,8 млрд за той жа перыяд 2023-га).

 

Самымі буйнымі таварнымі пазіцыямі ў 2023 годзе сталіся:

– ядравыя рэактары, катлы, машыны і механічныя прылады, іх часткі – 19 % усяго імпарту (рост у 3 разы);

– транспартавыя сродкі, акрамя чыгуначнага або трамвайнага рухомага саставу, а таксама іх часткі і прылады – 16 % (рост у 11 разоў);

– электрычныя машыны, абсталяванне і іх часткі; гукавыя прылады, тэлевізійныя прылады запісу малюнку і гуку, а таксама іх запчасткі і прыналежнасці – 8 % (рост у 3,5 разу);

– аптычныя, фатаграфічныя, кінематаграфічныя, вымяральныя, кантрольныя, прэцызійныя, медычныя або хірургічныя прыборы і апараты; іх часткі і прылады – 6 % (рост у 3 разы);

– фармацэўтычная прадукцыя – 3 % (рост у 1,3 разу).

Выходзіць, у асноўным краіны ЕАЭС рэзка зацікавіліся аднымі і тымі ж таварамі. Гэтыя ж тавары звычайна супадаюць з пазіцыямі, якія найбольш у Еўропе купляла Расея.

Топ-3 дастаўцаў у 2023 годзе:

– Нямеччына – 23 % ад усяго імпарту (рост у 3 разы);

– Італія – 15 % (рост больш як у 2 разы);

– Польшча – 11 % (рост у 6 разоў).

У каго імпарт ЕЗ вырас найбольш з пачатку вайны?

У грашовым выражэнні лідарам паводле росту імпарту з ЕЗ стаўся Казахстан. Розніца паміж аб’ёмам закупаў у студзені – кастрычніку 2021 года і ў студзені – кастрычніку 2023-га склала € 5,7 млрд. На другім месцы – Кыргызстан: плюс € 2 млрд. Далей Арменія: € 1,2 млрд. І апошняя – Беларусь, з амаль € 1 млрд. Верагодна, калі б не санкцыі ў тым ліку за суагрэсію супраць Украіны, гэты аб’ём быў бы большы.

Hавiны
Лукашэнка пра пасярэднікаў у гандлі: «Мы іх саджаем пачкамі»
2023.12.29 11:52

Арсен Рудэнка belsat.eu

Стужка навінаў