«Крытычныя памеры». Чарга на ўезд у ЕЗ ужо большая за 3000 фураў


За выходныя дні чарга фураў на выезд у краіны ЕЗ вырасла амаль на 800 адзінак. Увогуле перад пунктамі пропуску цяпер стаіць каля 3 тысяч цяжкавікоў, паведамляе тэлеграм-канал Дзяржаўнага мытнага камітэту Беларусі (ДМК).

Крыніца: Telegram-канал «Мытныя органы Беларусі».

Чарга цяжкавікоў, якія ідуць праз беларуска-польскі пункт пропуску «Казловічы» (з польскага боку – «Кукурыкі»), дасягнула крытычных памераў – выезду ў Польшчу цяпер чакае 1000 аўтаў.

Паводле інфармацыі беларускай мытні, такая колькасць цяжкавікоў абумоўленая некалькімі прычынамі: бліжэй да завяршэння года бізнесу неабходна закрыць дамовы аб пастаўках, а сумежны бок не працуе ў сілу наяўных магчымасцяў. «Казловічы» – адзіны грузавы пункт пропуску, які польскі бок пакінуў адкрытым для руху.

Гэтак, польскі бок за апошнія содні прыняў 700 машынаў з магчымых 1200.

На літоўскім кірунку з прыёмам аўтаў сумежным бокам сітуацыя яшчэ горшая, зазначаюць у ДМК.

За апошнія содні літоўцы ў пункце пропуску «Шальчынінкай» (з беларускага боку – «Беняконі») прынялі толькі 35 % транспарту, які прыбыў з Беларусі, а ў пункце «Мядзінінкай» (з беларускага боку – «Каменны Лог») – і зусім 15 %. Цяпер у чаканні ўезду ў Літву ў чатырох пунктах пропуску стаяць 1850 аўтамашынаў.

Беларускі бок афармляе ўсе аўтамабілі, якія прапускаюць сумежныя бакі, паведамляе афіцыйны тэлеграм-канал.

СП, belsat.eu

Стужка навінаў