Адвэнт, рараты, вянкі. Як каталікі рыхтуюцца да Калядаў


Божае Нараджэнне – бадай, другое найважнейшае свята для хрысціянаў пасля Вялікадня. І якраз у гэтыя дні беларускія каталікі пачалі рыхтавацца да Калядаў. Гэты перыяд – чатыры тыдні перад Божым Нараджэннем – называюць адвэнтам.

Якіх жа традыцыяў трымаюцца беларускія каталікі ў адвэнт?

Агонь і жыццё

Назва перадкаляднага поснага перыяду паходзіць ад лацінскага слова «adventus», што літаральна значыць «прышэсце». Адзначаць адвэнт хрысціяне пачалі яшчэ ў V стагоддзі.

Міністрант запальвае свечку на адвэнтавым вянку ў касцёле.
Фота: Jonathunder

У гэтыя дні ў кватэрах і святынях з’яўляюцца адвэнтавыя вянкі. Іх робяць з зялёных яловых ці піхтавых галінак у форме кола, на якім размяшчаюць чатыры свечкі – сімвал чатырох нядзеляў адвэнту.

Свечкі запальваюцца па чарзе ў кожную нядзелю перад святам. Іх святло ў вянку азначае надзею, а галіны вечназялёных дрэваў – вечнае жыццё.

Імша на досвітку

Адвэнт, як мы сказалі, – гэта посны перыяд, ён патрабуе ад хрысціяніна пэўнага самаадрачэння. І хіба што адна з самых выпрабавальных традыцыяў – раратняя імша, якую ладзяць у кожнай парафіі як мінімум раз на тыдзень, а часта і амаль штодзень.

Назва паходзіць ад словаў «rorate caeli» з лацінскага перакладу Бібліі, якія сталі першымі словамі ў аднайменным знакамітым сярэднявечным гімне, прысвечаным прышэсцю Збаўцы.

Беларускі варыянт гімну «Rorate caeli». Відэа: часопіс «Ave Maria»

Ад назвы гімну пайшоў назоў адмысловых вельмі ранніх службаў: цяпер у Беларусі яны адбываюцца ў працоўныя дні прыблізна а 7:00, каб дарослыя паспявалі на працу, а дзеці – у садкі і школы. Пры гэтым дзеці, якіх звычайна цяжка падняць, часта самі просяць бацькоў не забывацца пра рараты.

Раратняя імша.
Фота: misyjne.pl

Імшу пачынаюць, калі ў касцёлах няма святла: гараць толькі свечкі ды ліхтарыкі ў руках бацькоў і дзяцей. Толькі на гімн «Хвала на вышынях Богу» ўва ўсім касцёле запальваюць святло.

Неспадзяванка кожны дзень

Адносна новаю традыцыяй у Беларусі (у Еўропе ж яе ведаюць з XVII стагоддзя) стаў перадкалядны каляндар. На кожны дзень перад Калядамі дзецям і дарослым плануюць нейкае заданне, а часам і падарунак.

Падарунак (гэта звычайна цукерка ці шакаладка) можна атрымаць, выканаўшы заданне ці зрабіўшы нейкі добры ўчынак.

Самаробны адвэнтавы каляндар.
Фота: Andrea Schaufler

Адвэнтавыя календары можна набыць або зрабіць самастойна.

РЛ belsat.eu

Стужка навінаў