Кіраўніца Еўракамісіі Урзуля фон дэр Ляен прыбыла з візітам у Кіеў


У суботу 4 лістапада кіраўніца Еўракамісіі Урзуля фон дэр Ляен прыбыла ў Кіеў. На чыгуначным вакзале яе сустракаў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі. Гэта ўжо шосты візіт фон дэр Ляен ва ўкраінскую сталіцу ад пачатку поўнамаштабнай вайны.

Прэзідэнтка Еўракамісіі Урзуля фон дэр Ляен. Скрыншот з відэа / Twitter / vonderleyen

«Прыемна вярнуцца ў Кіеў з маім шостым візітам падчас вайны. Я тут, каб абмеркаваць шляхі ўступлення Украіны ў Еўразвяз», – напісала Урзуля фон дэр Ляен у сацсетцы X (ранейшы Twitter).

Кіраўніца Еўракамісіі запэўнівае, што ЕЗ працягне фінансавае падтрыманне «для аднаўлення Украіны як сучаснай і квітнеючай дэмакратыі» і будзе прыкладаць намаганні, каб Расея заплаціла за развязаную ёй агрэсіўную вайну.

Чакаецца, што на наступным тыдні ЕЗ прэзентуе даклад пра тое, наколькі далёка рушыла Украіна ў выкананні эканамічных, юрыдычных і іншых крытэрыяў, якія дазволяць пачаць перамовы аб уступленні краіны ў ЕЗ на саміце ў снежні. Для гэтага спатрэбіцца аднагалоснае ўхваленне ўсіх 27 краін Еўразвязу.

Чарговы візіт Урзулі фон дэр Ляен у Кіеў можа сведчыць аб прагрэсе Украіны ў выкананні неабходных рэформаў.

Украіна падала заяўку на ўступленне ў Еўрапейскі Звяз праз некалькі дзён пасля вайсковага ўварвання Расеі ў лютым 2022 года. У офісе прэзідэнта Украіны заяўлялі нядаўна, што перамовы аб уступленні Украіны пачнуцца ў першай палове 2024 года, калі ў Радзе ЕЗ будзе старшыняваць Бельгія.

Hавiны
У Літве занепакоеныя: у выпадку вайны выехаць з Вільні не атрымаецца
2023.11.03 09:43

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў