«У яе занятая кожная хвілінка – так час пралятае хутчэй». Як жыве ў калоніі журналістка Дар’я Чульцова


Нашая калега, журналістка «Белсату» Дар’я Чульцова амаль год у зняволенні. Пасля затрымання 15 лістапада 2020 года разам з Кацярынай Андрэевай падчас асвятлення акцыі на плошчы Пераменаў 24-гадовая дзяўчына прайшла праз СІЗА на Валадарскага і турму ў Жодзіне. Цяпер яна адбывае пакаранне ў Гомельскай жаночай калоніі. 26 кастрычніка Дар’і ўпершыню дазволілі працяглае спатканне на содні з роднымі – да яе прыехалі мама са старэйшаю сястрой. Пасля спаткання мы паразмаўлялі са спадарыняю Наталляй, маці Дар’і.

Наталля Церабіленка, маці журналісткі «Белсату» Дар’і Чульцовай.
Фота: ПБ / Белсат

«Мама, я раблю ўсё, каб не паддавацца дэпрэсіі»

Спадарыня Наталля разам са старэйшаю дачкою прыехалі ў калонію ў прызначаны дзень, 26 кастрычніка, да 8:00, аддалі дзяжурнаму патрэбныя дакументы і сталі чакаць. Людзей было шмат, зазначае жанчына, 8–9 чалавек. Яны ўсе ішлі на спатканне з роднымі на двое содняў. Родным жа Дар’і далі на сустрэчу толькі содні.

«Я думаю, гэта таму, што Даша – «палітычная», – кажа спадарыня Наталля. – Не чула, каб «палітычным» давалі больш за содні на спатканне. Але дзякуй хоць і за гэта, што хоць столькі далі».

Маці і сястру Дар’і правялі ў пакой а 9:30. Тады ж прыйшла і Дар’я.

«Мы кінуліся адна да адной, не маглі наабдымацца і нацалавацца, плакалі, – распавядае маці нашай калегі. – Дашына старэйшая сястра ўвогуле не бачыла яе з суда ў лютым, гэта я прыязджала на кароткія спатканні яшчэ ў Менску ў СІЗА пасля прысуду, потым у Жодзіна, і 25 жніўня ўжо тут, у калоніі. А цяпер нарэшце працяглае спатканне далі».

Маці з сястрою прывезлі Дар’і ейнае хатняе адзенне.

«Мы ўзялі ейныя ўлюбёныя рэчы, тое, што яна заўсёды насіла ўдома. Хацелі парадаваць хоць такімі дробязямі, – кажа спадарыня Наталля. – Даша сапраўды была вельмі радая. Яна адразу пераадзелася. Мы ўселіся дзяліцца ўражаннямі, навінамі. Даша выглядае вельмі добра – прыгажуня. Нягледзячы на тое, што яна перахварэла на ковід – перанесла на нагах. Цяпер яна сябе ўжо нармальна адчувае. Настрой у яе вельмі добры. Сказала мне, што робіць усё, каб не паддавацца дэпрэсіі, працуе, ходзіць у трэнажорную залу, стараецца праводзіць час з карысцю».

Заробак – 41 рубель за месяц

Дзень у калоніі ў Дар’і пачынаецца а 6:00. Калі ў раскладзе стаіць першая змена – журналістка ідзе на працоўнае месца на швейнай фабрыцы. У зняволенні Дар’я вывучылася на лякальшчыцу, цяпер малюе крэйдаю на тканіне лякалы. Паводле спадарыні Наталлі, дачцэ падабаецца, але не столькі праца, колькі сам факт, што ёсць нейкі занятак.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Гомельская жаночая калонія.
Фота: Белсат

«Дашы падабаецца, што яна ўвесь час у руху, не сядзіць за швейнаю машынкаю, – кажа маці. – Яна высокая, у яе ёсць пэўныя праблемы з хрыбетнікам, і сядзець увесь час за швейнаю машынкай было б цяжка. Да таго ж, Даша любіць маляваць, таму і кажа, што праца ёй якраз пасуе – не надта напружвае».

Аднак гэтая праца амаль не аплочваецца. Паводле спадарыні Наталлі, яшчэ калі Дар’я была вучаніцай, ейны заробак быў 41 рубель за месяц.

«Там жа вылічваецца і за робу, і за харчаванне, і пражыванне, – кажа маці палітзняволенай. – Але мы Дашу падтрымліваем, заўсёды пералічваем грошы. У іх там ёсць крама, куды яны ходзяць паводле графіку. Мы стараемся, каб яна магла сабе нешта купіць. Таксама высылаем штосьці смачнае заўсёды. Раз на месяц можна дасылаць вітамінную пасылку: мы адпраўляем цыбулю, часнык, апельсіны, лімоны, яблыкі.

Калі на фабрыцы другая змена, з раніцы зняволеным часта даводзіцца абіраць бульбу – мяшок-паўтара трэба абабраць», – кажа Дар’іна маці.

«Там вастрэй адчуваецца, што насамрэч каштоўнае»

Акрамя працы, Дар’я бярэ ўдзел у культурніцкіх і спартовых актыўнасцях калоніі: стараецца запоўніць кожную хвілінку, каб час ляцеў хутчэй.

«Даша малюе розныя плакаты для калоніі, удзельнічае ў нейкіх конкурсах, – распавядае спадарыня Наталля. – Хоць ніколі не была спартоўкай, але ходзіць на спартовыя імпрэзы. У іх там былі скокі ўдаўжкі. Яна горш за ўсіх скокнула, але ўсё роўна ў гэтым удзельнічала. У «Міс Восень» удзельнічала. Чытала на беларускай мове верш Караткевіча. Будзе яшчэ вядоўцаю нейкай імпрэзы. Яна стараецца, каб кожная хвілінка была занятая – так час ляціць хутчэй».

Гісторыі
«Народу ў вочы глядзець будзе не сорамна!» Гісторыя Уладзіслава Барысава
2021.06.01 11:12

Паколькі дзень цалкам распланаваны, Дар’я не заўсёды мае час напісаць ліст ці пачытаць кнігу.

«Дзяжураць, прыбіраюць тэрыторыю. Даша яшчэ ходзіць на рэпетыцыі да розных конкурсаў, малюе плакаты – справаў шмат, – кажа спадарыня Наталля. – Падае ў ложак а 22-й увечары. Прыйшла з працы, памылася і а 22-й упала на ложак. У вольныя хвілінкі піша лісты, чытае кнігі».

Паводле маці, Дар’я трымаецца бадзёра, усміхаецца.

«Я была ў шоку ад таго, як пасталела мая дачка, якая яна стала ў мяне мудрая, навучылася цаніць дробязі, – кажа жанчына. – Мы на волі гэтага часта не разумеем, што насамрэч каштоўнае, а там гэта ўсё больш востра адчуваецца. Даша здолела сабрацца і жыць у рытме калоніі, каб не было лішніх праблемаў. Каб захаваць сваё здароўе, каб выйсці паўнавартасным чалавекам адтуль. Не азлобіцца. Таму я лічу, што яна вялікая малайчына. Ні на што не скардзіцца. Прынамсі мне не скардзілася. Сказала, што ўсё добра, яна здаровая, стараецца, каб усё было без заўваг».

«Нам было добра і весела, у нейкі момант мы забыліся, што мы ў калоніі»

Дар’я – вельмі таварыскі чалавек, зазначае спадарыня Наталля. У калоніі дзяўчына стараецца не правакаваць канфліктаў. За ўвесь час яна не мела пакаранняў, не трапляла ў ШІЗА.

Наталля Церабіленка, маці журналісткі «Белсату» Дар’і Чульцовай.
Фота: ПБ / Белсат

«Я яе вельмі прасіла пасля прысуду, калі мы спаткаліся, каб яна паводзіла сябе добра, – распавядае маці Дар’і. – Яна тады ўсміхалася і казала, што ніхто ж не забірае права пісаць скаргі. Я яе папрасіла, каб паводзіла сябе добра, захавала сваё здароўе. Бо гэта нікому не трэба, акрамя яе і нас. Таму я вельмі яе прасіла не шкодзіць сабе. Я думаю, яна мяне пачула».

З іншымі палітзняволенымі Дар’і размаўляць нельга. Спадарыня Наталля кажа, што іх там адмыслова стараюцца размеркаваць у розныя атрады і забараняюць хоць неяк камунікаваць. Дар’я часам бачыць Кацярыну Андрэеву, аднак паразмаўляць з ёю не можа.

За размовамі ды аповедамі 24 гадзіны спаткання праляцелі хутка.

«Мы стараліся не паказваць Дашы, што перажываем, імкнуліся яе ўвесь дзень падтрымаць, размаўляць, – кажа спадарыня Наталля. – Пасля абеду, бліжэй вечара, мы згадвалі нейкія моманты з дзяцінства, я распавядала цікавыя гісторыі з ейнымі пляменнікамі, і нам было вельмі добра ды весела. Мы гучна смяяліся. У нейкі момант мы нават забыліся, што мы ў калоніі, што ў нас над галавою сетка. Там коцікі хадзілі па гэтай сетцы».

Дар’я Чульцова ў судзе Фрунзенскага раёну Менску. 9 лютага 2021. Менск, Беларусь.
Фота: Белсат

Цяжэй за ўсё было ўначы, згадвае маці Дар’і:

«Мы паклаліся спаць, я – каля Дашы. Яна заплюшчыла вочы і нібыта спала. А ў мяне слёзы цякуць. Я разумею, што не магу забраць свайго дзіцяці дадому, і гэта сумна ды страшна. Даша, напэўна, адчула ці пачула, што я плачу, павярнулася да мяне, абняла і таксама стала плакаць. Дашына сястра таксама пачула, што мы плачам, і яна плакала. Карацей, мы паўночы прараўлі, прагутарылі. Заснулі пад раніцу».

Надзеі на ранейшае вызваленне няма

Калі развітваліся, Дар’я ўзяла з яе і сястры слова, што яны не будуць плакаць.

«Гэта было вельмі цяжка, мы стараліся трымацца, але ўсё роўна паплакалі крыху, – прыгадвае жанчына. – Потым яе паклікалі, мы пацалаваліся, абняліся, і а 9-й гадзіне раніцы яна пайшла. А з 6-й гадзіны раніцы, калі мы прачнуліся, і да 9-й усё яшчэ размаўлялі, цалаваліся, абдымаліся. Хацелася як мага больш глядзець на яе, бо ў нас дзесяць месяцаў наперадзе. Хоць Даша кажа – усяго дзесяць месяцаў».

Дар’я Чульцова мусіць выйсці на волю 5 верасня 2022 года. Надзеі вызваліцца раней ні ў яе, ні ў родных не засталося.

«Спадзявацца – справа вельмі няўдзячная, – кажа маці нашай калегі. – Даша спадзявалася на апеляцыю, на амністыю, аднак потым было расчараванне, таму пакуль спадзяванняў ніякіх няма. Мы настройваемся на 5 верасня, а там як будзе, так будзе».

Таксама на развітанне, зазначае спадарыня Наталля, Дар’я прасіла перадаць словы ўдзячнасці ды прывітанне калегам і ўсім добрым людзям, якія яе падтрымліваюць.

Людзі пляскаюць пераможцам Прэміі за свабоду і будучыню медыяў – журналісткам «Белсату» Кацярыне Андрэевай і Дар’і Чульцовай падчас урачыстай цырымоніі. Ляйпцыг, Нямеччына. 8 кастрычніка 2021 года.
Фота: ВО / Белсат

Дар’я Чульцова – журналістка «Белсату». Нарадзілася 20 лютага 1997 года ў Шклове. Вучылася ў Магілёўскім універсітэце імя Аркадзя Куляшова на факультэце журналістыкі.

Журналістку затрымалі 15 лістапада 2020 года. Суддзя Наталля Бугук прызнала яе вінаватаю паводле арт. 342 КК РБ («Арганізацыя і рыхтаванне дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх») і пакарала двума гадамі пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.

Адрас для лістоў: ПК № 4, 246035, вул. Антошкіна, 3, г. Гомель.

Артыкулы
«Вывучае тэорыю малых сацыяльных груп на практыцы». Пра палітзняволеную Валерыю Касцюгову – дачка Настасся
2021.11.02 10:46

Ганна Ганчар belsat.eu

Стужка навінаў