Віктар Шэндэровіч: «Мы, лібералы, здольныя пасварыцца на пустым месцы»


Ці лічыць Віктар Шэндэровіч моцнымі палітыкамі Лукашэнку і Пуціна? Ці верыць у перамогу Украіны? Ці заслужана ён трапіў у базу «Міратворац»? Госць праграмы «Шчыра кажучы» – сатырык Віктар Шэндэровіч.

– Вы хочаце вярнуцца жыць у Расею?

– Так.

– Ці пагарджаеце вы тымі, хто застаўся ў Расеі?

– Не.

– Вы хочаце вярнуцца жыць у Расею? Гэта наступнае пытанне.

– Так.

Паліграф: праўда

– Чаму шмат каго вінавацяць у тым, што яны з’ехалі з Расеі?

– Абвінавачваюць цяпер і ў тым, што зʼехалі, і ў тым, што засталіся. Ужо няма паўтонаў. Вось ёсць вайна – ты за вайну ці супраць вайны? Ты лічыш гэта дабром для Расеі – ці гэта катастрофа для Расеі? Калі ты лічыш, што катастрофа, калі ты супраць вайны, то ўсё астатняе, як мне здавалася, не мае вялікага значэння. Але мы – лібералы, даруй божа, выявілі дзіўную здольнасць: пасварыцца на роўным месцы. Зʼехаў – не зʼехаў? Калі зʼехаў – чаму зʼехаў або чаму не зʼехаў? Для мяне адзіна важны водападзел – падтрыманне або непадтрыманне вайны.

– А тыя, хто маўчаць?

– А тыя, хто маўчаць, – гэта розныя рэчы. Разумееце, якая рэч. Мы не маем права патрабаваць ад чалавека подзвігу. «Няшчасная краіна, у якой няма герояў», – усклікаў вучань Галілея ў пʼесе Брэхта «Жыццё Галілея» пасля адрачэння Галілея. На што брэхтаўскі Галілей, і Брэхт разам з ім, адказваў: «Няшчасная краіна, якая мае патрэбу ў героях».

Нельга патрабаваць гераічнасці. Мы не маем права сказаць чалавеку: ідзі і сядзь у турму за перакананні. Адзінае, што для мяне недапушчальна, вось паўтару: падтрыманне вайны. Тут чалавек заканчваецца для мяне.

– Вось вы зʼехалі. А былі такія выпадкі, што пра вас казалі, што вы здраднік?

– Так, вядома.

– Што вы адказвалі тым людзям, якія вас абвінавачвалі, якія казалі, што вы здраднік?

– Проста паціскаю плячыма. З маім тэмпераментам мне хочацца ў сварку ўлезці і што-небудзь сказаць, але я разумею, што гэта няправільна. Пра што гаварыць з чалавекам, які мяне лупцуе за тое, што я не пайшоў у турму? Мне хочацца ў яго спытаць: прабачце, а вы хто? Вось вы – хто? Бо ёсць некалькі чалавек, ад якіх я мог бы прыняць такія прэтэнзіі. Ніколі ніводнай прэтэнзіі ад герояў, бо яны ведаюць кошт.

Віктар Шэндэровіч у праграме “Шчыра кажучы”

– Вы калі-небудзь падтрымлівалі Пуціна?

– Не.

– Вы лічыце Пуціна моцным палітыкам?

– Так.

– Вы лічыце Лукашэнку моцным палітыкам?

– Так.

– Вы хацелі б запісаць інтэрвʼю з Пуціным?

– Не.

– Ці хацелі б вы запісаць інтэрвʼю з Лукашэнкам?

– Не.

– Вы верыце, што Пуцін сыдзе з пасады мірным шляхам?

– Не.

Паліграф: праўда

– Вы сапраўды ніколі не падтрымлівалі Пуціна? Заўсёды гэтая нянавісць у вас была?

– Вы ведаеце, не. Калі ён зʼявіўся, ён быў як герой «Парфумы», ён быў чалавек без паху.

– No name.

Чубайс з Кудрыным прыцягнулі нейкага чалавека на мянушку Моль, як потым высветлілася. Нейкі чувачок за спінай у Сабчака быў – нейкі Вова, партфель насіў. Яго ніхто не ведаў. І спачатку – прэзумпцыя невінаватасці быццам бы ёсць. На фоне позняга Ельцына вялізная колькасць маіх нават таварышаў прасякнулася нейкім аптымізмам. І потым першыя гады вельмі шмат хто ўвогуле адчуваў сімпатыю. Я б таксама хацеў адчуваць сімпатыю, але я працаваў на тэлекампаніі НТВ, па якой быў нанесены першы ўдар. Зусім традыцыйна ўсе тыраны першае, што робяць, – гэта знішчаюць свабоду слова. Таксама я пабачыў твар Пуціна – палітычны твар, адразу. Бо прыйшоў Пуцін у першыя месяцы пасля гэтага. Залезлі – пранікненне ў кватэру, у хату, усё перавярнулі. Дэманстратыўна пакінулі адбітак бота на падваконні. Мянты сказалі, што ўваходзілі праз дзверы. Нічога не ўзялі, перавярнулі хату, пакінулі дэманстратыўна адбітак. Гэта была чорная пазнака. Нам сказалі, цяпер будзе так, мы не будзем саромецца. Праслухоўванне, пагрозы, ціск на псіхіку, умяшанне ў асабістае жыццё. Пагрозы, пагрозы, СМС-хуліганства, тэлефонныя званкі.

І калі яшчэ ўсе былі ў захапленні ад гэтага сціплага, у пуловеры, – такі сарамлівы, па-нямецку размаўляе неяк так, наогул такі прыемны-прыемны, – але мы гэта ўжо ведалі, я ўжо ведаў. Прыйшлі бандыты. Абсалютна цынічныя халодныя бандыты. І таму ў мяне не было магчымасці палюбіць Пуціна. Я б, можа, і рады.

– Вы адчулі яго адразу?

– Я гэтую паганую, цынічную ўсмешку бачыў жыўцом. Вось у студзені, значыць, 2000 года я пабачыў чалавека, які кайфуе ў куражы. Вось гэты no name раптам разумее, што ён прэзідэнт гэтай краіны, што ўсё ў паўсагнутым стане. Ён кайфаваў. Гэта быў такі кайф непрыхаваны, рэванш пустэчы. Гэты рэванш пустэчы пачаўся адразу. Потым гэтую пустэчу раздзьмула ўжо да геапалітычных памераў.

Віктар Шэндэровіч у праграме “Шчыра кажучы”

– Ці лічыце вы Пуціна моцным палітыкам?

– Так, вядома.

– Наш паліграф вам верыць. У чым ягоная сіла?

– Ён дамогся сваіх мэтаў – што ён, што Лукашэнка. Іншая рэч, што іхныя мэты катастрафічныя для краінаў. Што Пуцін, Лукашэнка – гэта катастрофа для Расеі і для Беларусі. Прыйшоўшы з нічога, былой пешкай, нікім. І раптам гэтая пешачка зʼела ўсіх, знішчыла ўсіх, узяла пад кантроль усё, пагражае свету. Вядома, вельмі моцны – ён вельмі моцны тактык.

Паліграф: праўда– Калі параўноўваць Пуціна як палітыка і Лукашэнку як палітыка – два моцныя палітыкі. А ў чым іх прынцыповыя адрозненні?

– Лукашэнка харызматычны, вядома. Безумоўна – ва ўсім. Лукашэнка абсалютны харызматык.

– Вы сочыце за ягонай творчасцю?

– Так, ён харызматык, ён моцны, магутны – ён абсалютна прыродная зʼява. А як многія псіхічна не зусім здаровыя людзі, ён чалавек вельмі моцны. Вельмі, вельмі моцная воля, ён вельмі цэльны. Мы якраз абмяркоўвалі, пакуль у размове, што шызафрэнікаў нельга браць, за паліграф саджаць. Бо яны вераць у тое, што яны прыдумалі. Яны не адрозніваюць праўду ад хлусні.

Шызафрэнік будзе табе хлусіць, але паліграф пакажа, што ён кажа праўду, бо ён лічыць, што ён кажа праўду. І Лукашэнка, вядома, чалавек надзвычай моцнай, абсалютна неадэкватнай, складанай свядомасці. Ён жа сапраўды лічыць сябе «бацькам усіх беларусаў».

Гэта вось такое каханне.

– Абʼюз.

– Так. Але гэта класіка. Ён бʼе, бо кахае. Ён сапраўды вельмі моцны абʼюзар – у такім нацыянальным маштабе.

Віктар Шэндэровіч, Арына Маліноўская ў праграме “Шчыра кажучы”

– Як вы лічыце, расейская апазіцыя эфектыўная?

– Не.

– Як вы лічыце, беларуская апазіцыя эфектыўная?

– Не.

– Вы хацелі б, каб у Беларусі і Расеі здарыліся радыкальныя пратэсты?

– Так.

– Вас калісьці спрабавалі завербаваць расейскія спецслужбы?

– Не.

– Вы лічыце ўкраінскіх салдатаў нацыстамі?

– Не.

– Як вы лічыце, ці заслужана вы трапілі ў базу «Міратворац»?

– Не.

Паліграф: Праўда

– Патлумачце вашую пазіцыю.

– Вайна Украіны справядлівая. Кропка. З гэтым зразумела. Але далей мы падсоўваем камеру бліжэй. Вось ёсць гэты няшчасны Ванька, Сярога, якога прызвалі. Абсалютна – ёсць юрыдычнае і маральнае права ўкраінцаў забіваць гэтых акупантаў. Яны акупанты, нават калі не ведаюць гэтага слова. Нават калі думаюць, што яны не акупанты. Нават калі нікога не забілі, але фактычна яны акупанты. Бо надзелі ваенную форму краіны-агрэсара. Украінцы маюць права забіваць, і маюць права радавацца гэтаму. Але яны не павінны патрабаваць ад мяне, каб я радаваўся. Бо гэтаму Ваньку адарвалі рукі, ногі. А я ведаю аднаго Ваньку, якому сапраўды адарвалі рукі, ногі.

А ён нават не ведаў, што ён на вайну едзе. Яго паднялі па трывозе васямнаццацігадовага і павезлі некуды ў лютым, на пачатку сакавіка. Іх накрыла, ім адарвала рукі, ногі. А ён нават не ведаў, што ён на вайне. Ён не ваенны злачынец. Ён акупант фактычна, так. Ці мелі яны права накрыць гэты грузавік артылерыйскім снарадам? Мелі. Маю права яго пашкадаваць? Маю!

Больш адказаў на пытанні шукайце ў праграме «Шчыра кажучы» на YT-канале «Belsat News» (відэа вышэй).

belsat.eu

Стужка навінаў