«Кусь за Беларусь». У Беларусі «экстрэмісцкімі» прызналі байку, каляндар і комікс


Суд Кастрычніцкага раёну Менску прызнаў экстрэмісцкімі матэрыяламі каля 70 паштовых адпраўленняў. Іх пералік з’явіўся ў афіцыйным спісе так званых экстрэмісцкіх матэрыялаў. У пастанове ад 30 верасня пазначаныя нумары міжнародных паштовых адпраўленняў і іх змест.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: printbar.ru

У пасылках, якія трапілі ў спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў», – байка чорнага колеру з выяваю чырвонага герба з шэрым катом у кароне, ля лапаў якога ляжыць меч і шчыт з крыжам. На байцы – надпіс «Кусь за Беларусь». Увайшлі ў спіс і чахлы для тэлефона з «выяваю чалавека, які трымае ў руках адрэз тканіны бел-чырвона-белага колеру», драўляная падстаўка ў форме замку, «якая змяшчае выяву вершніка на кані з паднятым над галавою мячом».

Таксама «экстрэмісцкімі» сталіся паштоўка з малюнкам слімака з дзяўчынкаю на спіне і надпісам «Там жыццё рай, дзе свабоды край», нашыўкі ў «малюнках палосаў бел-чырвона-белага колеру», каляндар «Не маўчы па-беларуску», бранзалеты з выявамі палосаў бел-чырвона-белага колеру і надпісам «Жыве Беларусь!».

Трапілі ў «экстрэмісцкі» спіс і часопісы з коміксамі «Казкі-Краскі».

На якіх падставах былі раскрытыя паштовыя адпраўленні і што канкрэтна ў іх экстрэмісцкага, не ўдакладняецца.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў