«А можа, у Вільню? Мы проста вашых хлопцаў вывозім». Як расейцы едуць праз Беларусь ад мабілізацыі


Мінулі два тыдні, як у Расеі абвесцілі частковую мабілізацыю. Гэта выклікала калапс на межах РФ – расяяне масава пачалі пакідаць краіну, каб не ехаць на вайну. Наплыў расейцаў заўважны і ў Менску, аднак Беларусь яны разглядаюць як перавалачны пункт. У адмысловых чатах папярэджваюць: не спыняйцеся доўга ў Менску, вас там могуць затрымаць і адаслаць назад. Паглядзелі, што адбываецца ў менскіх аўтавакзалах і аэрапорце.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

У зале чакання менскага аўтавакзалу сядзіць памятага выгляду, у зялёнай балонневай куртцы, з ускудлачанымі сіваватымі валасамі і квадратным тварам мужчына гадоў пяцідзесяці. З аднаго боку ад яго – вялікая чорная валіза, з другога – адкрытая шкляная бутэлька піва. Ён разгублена разглядаецца і нібыта кагосьці чакае. На крэсле насупраць – маладзён заліпае ў тэлефоне, побач дзве дзяўчыны спрабуюць набыць каву ў аўтамаце, сталага веку мужчына ў капелюшы, усміхаючыся прадавачцы, набывае пламбір, а пад табло з раскладам размясціўся бяздомнік – выкладвае на цэлафанавы пакет свой сціплы абед. Манатонны жаночы голас з дынамікаў перыядычна нагадвае: пачасціліся выпадкі махлярства на вакзалах, не давярайце незнаёмым асобам свае асабістыя звесткі. Тут да нашага героя падсядае мужчына. Яму з 45, сухаваты, са сцятымі вуснамі і вострым носам, у чорным паліто.

– У мяне вось якая праблема. Я расеец, але маю від на жыхарства ў Нямеччыне. Я хацеў паехаць туды праз Польшчу, але мой квіток анулявалі. З 19 верасня грамадзянаў Расеі туды перасталі пускаць. Цяпер я не ведаю, што мне рабіць, – кажа мужчына гадоў пяцідзесяці.

– Мы развяжам вашае пытанне. У вас ёсць грошы? Вы можаце назваць мне нумар вашага рахунку, а я вам выдам столькі наяўных грошай, колькі вам трэба, – адказаў яму мужчына ў паліто.

Але моцнага даверу ён не выклікае.

– А вы мне дакладна дапаможаце? Вы столькі абяцаеце…

– Я толькі пасярэднік. Думайце. Калі пастановіце, я звяжу вас з чалавекам, які ўсё арганізуе, – ужо крыху стомлена кажа мужчына ў паліто.

Размова яшчэ нейкі час працягваецца, аж раптам мужчына ў паліто падымаецца і сыходзіць. Расеец крыху пасядзеў і рушыў у бок выхаду з вакзалу. Там яго пераняў яшчэ адзін мужчына. У кепцы, куртцы, рукі ў кішэнях. Расеец зноўку тлумачыць сваю сітуацыю.

– А ў вас віза ёсць?

– Не, у мяне від на жыхарства.

– Можна зарганізаваць.

Суразмоўцы разварочваюцца і адыходзяць у закутак.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

У залу касы аўтавакзалу заходзіць яшчэ адзін мужчына. Яму каля 30, каржакаваты, у зручным адзенні – шэрай футболцы, цямнейшага колеру нагавіцах і красоўках. На спіне – вялікі паходны заплечнік з чахлом ад дажджу. Мужчына толькі што прыехаў цягніком Масква – Менск і адразу ж накіраваўся сюды. Стаў у чаргу да абменніку, каб памяняць грошы на беларускія рублі.

– А вам колькі трэба? Давайце я вам паводле выгаднага курсу прадам, – паслужліва прапанаваў яму мужчына гадоў 45, які сядзіць тут як на дзяжурстве і падыходзіць да новапрыбылых расейцаў.

– Ну давайце, – без асаблівых роздумаў пагадзіўся хлопец.

Абмяняўшы грошы, набыў у касе квіток на найбліжэйшы ў гэты дзень аўтобус да Варшавы. Выйшаў у залу чакання. Усе гадзіны да свайго аўтобуса ён правядзе тут, не выходзячы з будынку вакзалу, каб лішні раз не трапляцца нікому на вочы.

Такі маршрут (з маскоўскага цягніка – на менскі аўтавакзал, у абменнік і касы, а далей – у Еўропу) паўтаралі і іншыя расейцы. Вось тры мужчыны 35–40 гадоў, у цёмным непрыкметным адзенні, з валізкамі. Чакаюць сваёй чаргі ў касу, перагаворваюцца. «Мы не ў Маскве, хлопцы», – даволі гучна кажа адзін з іх.

Вось з маскоўскага цягніка ідзе яшчэ адзін малады мужчына. Гадоў 30, кароткая цёмная барада, у красоўках, кепцы і някідкай зручнай вопратцы – шэрай фуфайцы і спартовых нагавіцах, закасаных так, што бачныя костачкі. На спіне – вялікі турыстычны заплечнік балотнага колеру і яшчэ адна спартовая торба ў руках. Ён спачатку пахадзіў па чыгуначным вакзале, прывакзальнай плошчы, паздымаў відэа, а затым рушыў на аўтавакзал.

Падобны да яго мужчына, таксама з барадой, у спартовым стылі з закасанымі штанамі, сышоў з маскоўскага цягніка, рэзка адмовіў дзядзечку, які прапанаваў яму экскурсію, і накіраваўся на прывакзальную плошчу. Пахадзіў сюды-туды і накіраваўся на прыпынак. На спіне ў яго таксама вялікі заплечнік, у кожнай руцэ – па валізцы, збоку вісіць чахол з укулеле.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

У менскім аэрапорце абстаноўка таксама даволі спакойная. У зале прылёту мужчына гадоў 35 у чорным паліто сустракае кампанію з маскоўскага рэйсу – дарослага мужчыну з дзвюма дзяўчынамі.

– А можа, у Вільню? Мы проста вашых хлопцаў вывозім, – прапануе ён, ідучы.

– Мы ў Варшаву збіраліся, – задуменна адказвае расеец.

Тым часам у залу адлётаў хутка крочыць група пяці маладзёнаў. Усім гадоў 18–20, цягнуць валізкі, у руках – празрыстыя пакеты з дакументамі, там жа чырванеюць пашпарты. Яны вельмі засяроджаныя ды амаль не перамаўляюцца паміж сабою. Гучыць голас – абвяшчаюць рэгістрацыю рэйсу ў Ерэван.

Манатонны жаночы голас з дынамікаў усё так жа метадычна просіць не давяраць незнаёмцам.

Hавiны
Вальфовіч заявіў, што мабілізацыі не будзе, але мабілізацыйныя захады ўжо робяцца
2022.10.04 16:40

Саша Гоман belsat.eu

Стужка навінаў