Палітзняволеных музыкаў гурта «Tor Band» абвінавачваюць адразу паводле чытырох крымінальных артыкулаў. Працэс над імі пачнецца 14 верасня ў Гомельскім абласным судзе, паведамляюць праваабаронцы. Ім пагражае да 12 гадоў зняволення.
Беларускіх музыкаў Яўгена Бурло, Дзмітрыя Галавача і Андрэя Ярэмчыка будуць судзіць у закрытым рэжыме. Працэс будзе весці суддзя Сяргей Салоўскі.
У залежнасці ад ролі кожнага іх абвінавачваюць паводле 4 крымінальных артыкулаў:
10 траўня з’явілася інфармацыя, што ў палітзняволенага музыкі гурта «Tor Band» Яўгена Бурло за кратамі абвастрылася анкалагічнае захворванне, якое ён меў яшчэ да затрымання. Яўген моцна схуднеў і не можа перасоўвацца самастойна.
Музыкаў разам з жонкамі затрымалі 28 кастрычніка ў Рагачове нібыта за падпіску на «экстрэмісцкія» каналы і перасыланне паведамленняў з іх, а потым некалькі разоў арыштоўвалі на 15 содняў. Праваабаронцы пазней паведамлялі, што рагачоўскіх музыкаў судзілі асобна за кожную песню. На канец снежня яны так і не выйшлі на волю, правёўшы за кратамі два месяцы. Пазней музыкаў перавялі ў гомельскае СІЗА у межах крымінальнай справы.
У лістападзе іхныя песні прызналі «экстрэмісцкімі матэрыяламі». У прыватнасці, «экстрэмісцкімі» абвесцілі наступныя песні: «Жыве», «Уходи», «Кто, если не ты?», «Мацi», «Мы – не «народец», «Без вайны», «Беларус беларусу беларус», «Dead Мороз», «Мы станем сильней!», «Родная Зямля». Таксама «экстрэмісцкім» прызналі відэаролік у Instagram пад назваю «Всем здоровья, родные беларусы!!!».
Паводле праваабаронцаў, пасля затрымання музыкаў міліцыянты пачалі прыходзіць да тых, хто здымаўся ў кліпах, – гэта пераважна рагачоўцы.
«Tor Band» – вядомы беларускі гурт. Кліпы на песні «Мы не «народец», «Жыве», «Кто, если не ты?!» набралі разам каля 5 мільёнаў праглядаў на YouTube.
Алена Рувіна belsat.eu